Свет

Што цяпер з эканомікай Венесуэлы? І ці стала больш свабоды?

Праз некалькі тыдняў пасля аперацыі ЗША, якая паклала канец 13‑гадоваму праўленню Нікаласа Мадура, Венесуэла перажывае рэзкі і супярэчлівы пераходны перыяд. Жыхары краіны адчулі першыя прыкметы паляпшэння эканомікі, аднак палітычныя перспектывы застаюцца туманнымі.

Жанчына з дзяўчынкай у школьнай форме праходзяць каля мурала з надпісам «Венесуэла — зона міру» ў жылым раёне Форт-Тыуна ў Каракасе — на фоне палітычнага крызісу і захавання моцнай прысутнасці сілавых структур. Фота: Darwin Diko Canas / Anadolu via Getty Images

Як піша The Wall Street Journal, цяперашняя сітуацыя ў краіне больш нагадвае эканамічную трансфармацыю пад знешнім кантролем, чым «світанак дэмакратыі». Хоць Мадура больш няма, ягоны рэжым шмат у чым захаваўся: краінай кіруе яго паплечніца і віцэ-прэзідэнтка Дэлсі Радрыгес. На вуліцах Каракаса ўсё яшчэ можна пабачыць узброеных агентаў спецслужбаў у масках, што з’яўляецца напамінам пра рэпрэсіўную спадчыну мінулага кіраўніка.

Змены ў эканоміцы

Эканамічныя зрухі, якія адбыліся за кароткі час, выглядаюць сапраўды ўражліва і даюць людзям надзею ўпершыню за апошняе дзесяцігоддзе.

Як піша WSJ, амерыканскі бок ужо рэалізаваў венесуэльскую нафту на суму 500 мільёнаў даляраў, і 300 мільёнаў з гэтых сродкаў былі аператыўна накіраваныя ў мясцовыя банкі для падтрымкі нацыянальнай валюты — балівара. У найбліжэйшыя дні чакаецца паступленне яшчэ аднаго траншу ў памеры 200 мільёнаў даляраў.

Валютны рынак імгненна адрэагаваў на змены: на крыптабіржы Binance балівар умацаваўся з 800 да 450 за даляр, наблізіўшыся да афіцыйнага курсу ў 360 балівараў.

Разам з тым валютныя праблемы нікуды не зніклі. Пастаўшчыкі імпартных тавараў, напрыклад аўтазапчастак, патрабуюць аплаты ў далярах, якія цяжка здабыць. У Каракасе цэны часта пазначаюцца ў далярах або еўра, а ў памежных раёнах хадавыя калумбійскія песа і бразільскія рэалы.

Рабочыя разгружаюць пакункі з харчаваннем на дзяржаўна субсідаваным рынку ў Каракасе — частцы сістэмы размеркавання базавых прадуктаў для насельніцтва на фоне шматгадовага эканамічнага крызісу. 25 студзеня 2026 года. AP Photo / Ariana Cubillos

Умацаванне мясцовай валюты прывяло да істотнай карэкцыі цэн на прадукты. Так, цана на мяса знізілася амаль на 60%: калі яшчэ ў снежні фунт (гэта паўкіло) ялавічыны каштаваў больш за 10 даляраў, то цяпер яго можна набыць прыкладна за 5 даляраў.

Па словах Італа Атэнсіа, які ўзначальвае нацыянальную асацыяцыю супермаркетаў, такое зніжэнне цэн спачатку закранула тавары, якія хутка псуюцца, — мяса, курыцу і яйкі, — аднак неўзабаве пазітыўная дынаміка павінна пашырыцца і на базавыя прадукты, такія як рыс і кукурузная мука.

Урад Радрыгес дзейнічае хутка, намагаючыся рэанімаваць эканоміку, якая з 2013 года скарацілася на 70%. На бягучым тыдні рыхтуецца прыняцце пакета новых законаў, якія павінны радыкальна змяніць правілы гульні.

Гэтыя рэформы прадугледжваюць поўную ліквідацыю бюракратычных перашкод у энергетычным сектары і значнае паслабленне дзяржаўнага кантролю над нафтавай прамысловасцю, што неабходна для прыцягнення буйнога замежнага капіталу. Акрамя таго, урад плануе адмовіцца ад адвольнага кантролю над цэнамі, які раней толькі душыў прыватную ініцыятыву.

Гандляр на мясцовым рынку ў Каракасе трымае ў руках банкноты балівараў і даляраў. Фота: Bloomberg via Getty Images

Амерыканскі бізнэс ужо рыхтуецца да вяртання. У Каракас збіраюцца прыехаць кіраўнікі нафтавых кампаній ЗША, а міністр энергетыкі Крыс Райт плануе асабісты візіт. Акрамя таго, рыхтуецца адкрыццё амбасады ЗША, якая была закрытая з 2019 года. Гэта ўжо выклікала бум на рынку нерухомасці і справакавала імклівы рост каціровак венесуэльскіх дзяржаўных аблігацый на міжнародных пляцоўках.

Ці будзе дэмакратыя?

Нягледзячы на эканамічны аптымізм, пытанне ўлады застаецца адкрытым. Крытыкі, на якіх спасылаецца WSJ, сцвярджаюць, што Радрыгес не бярэ на сябе ніякіх рэальных абавязкаў наконт правядзення свабодных і сумленных выбараў.

Палітолагі называюць яе хітрым і дасведчаным гульцом, які здолеў спадабацца Трампу (ён назваў яе працу «фантастычнай»), адначасова кансалідуючы ўласную ўладу.

Як паведамляе AP са спасылкай на венесуэльскую праваабарончую арганізацыю Foro Penal, з 8 студзеня, калі ўлады паабяцалі вызваліць «значную колькасць» зняволеных у межах палітыкі нацыянальнага прымірэння, з турмаў выйшлі 266 палітычных вязняў, прычым каля 100 чалавек былі вызваленыя на мінулых выхадных.

Улады заяўляюць пра значна большыя лічбы. Дэлсі Радрыгес заяўляе, што яе адміністрацыя ўжо адпусціла больш за 620 чалавек, і яна нават гатовая запрасіць вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека для праверкі спісаў. Міністр унутраных спраў Дыясдада Кабелья аперуе лічбай у 808 чалавек, хоць пры гэтым цынічна заяўляе, што палітвязняў у краіне ніколі не было, а вызваляюць нібыта звычайных крымінальнікаў.

Палітычныя зняволеныя пакідаюць турму ў Такуіта. 25 студзеня 2026 года. Фота: AP Photo / Jacinto Oliveros

Праваабаронцы ж лічаць гэтыя лічбы завышанымі і нагадваюць, што за кратамі застаюцца яшчэ як мінімум 600 дысідэнтаў. Сярод іх — актывісты партыі Vente Venezuela, якую ўзначальвае нобелеўская лаўрэатка Марыя Карына Мачада. Пакуль улады і грамадскія арганізацыі спрачаюцца пра статыстыку, сваякі зняволеных працягваюць рэгулярныя пікеты каля турмаў, патрабуючы іх вызвалення.

Як расказвае лідарка венесуэльскай апазіцыі Марыя Карына Мачада ў інтэрв’ю The New York Post, пасля арышту Нікаласа Мадура рэпрэсіі не зніклі, а толькі змянілі форму. Цяпер, як сцвярджае Мачада, краінай кіруюць праз страх.

Паводле яе слоў, менавіта Дэлсі Радрыгес выбудавала сістэму катаванняў, якая і сёння застаецца асновай улады. «Тэрор — адзінае, што ўтрымлівае гэты рэжым», — лічыць апазіцыянерка.

Разам з тым, як адзначае Мачада, сітуацыя пачала мяняцца: студэнты па ўсёй Венесуэле выходзяць на адкрытыя пратэсты, перакрываюць аўтадарогі і патрабуюць вызвалення палітычных зняволеных. Яна падкрэслівае, што яшчэ нядаўна такія дзеянні былі «проста немагчымыя».

Як адзначае WSJ, для многіх простых людзей час сапраўдных палітычных змен усё яшчэ здаецца чымсьці безнадзейна далёкім. Паводле ацэнкі выдання, сітуацыя ў Венесуэле стала практычным ужываннем «папраўкі Трампа» да дактрыны Манро — прынцыпу, згодна з якім ЗША дыктуюць правілы гульні ў Заходнім паўшар’і.

Для венесуэльцаў гэта азначае своеасаблівую здзелку: паляпшэнне штодзённага жыцця і эканамічная стабілізацыя ў абмен на адкладзеную на нявызначаны тэрмін дэмакратыю і абмежаваныя палітычныя правы. Як адзначае WSJ, падобны кампраміс ужо даўно існуе ў аўтарытарных дзяржавах — ад Саудаўскай Аравіі да Кітая.

Тым не менш, як расказаў журналістам былы грамадскі актывіст Рафаэль Артэга, ён баіцца, што Радрыгес не здолее кантраляваць войска і ваенізаваныя групоўкі. У той жа час мужчына спадзяецца, што да ліпеня краіна здолее пачаць рух да дэмакратычных выбараў, а заклятаму ворагу рэжыму, лідару апазіцыі Марыі Карыне Мачада, дазволяць вярнуцца з выгнання і балатавацца ў якасці кандыдата.

Каментары

Разведка ЗША: Беларусь стала перадавым вайсковым плацдармам Расіі24

Разведка ЗША: Беларусь стала перадавым вайсковым плацдармам Расіі

Усе навіны →
Усе навіны

У доме пад знос прадаюць аднапакаёўку амаль за $60 000. Гэта самая танная кватэра Мінска1

Іван Шамякін: прававерны камуніст і беларускі патрыёт да мозгу касцей. Алкаголь, ідэйнасць, пасылкі з Масквы: як гэта магло спалучацца?39

У ЗША мужчына пад выглядам агента ФБР спрабаваў вызваліць з турмы Луіджы Манджонэ3

Польскі трэвэл-блогер, які падарожнічаў па Беларусі і Расіі, расказаў пра хэйт, рэпутацыйныя страты і ўражанні ад паездкі11

Белыя мядзведзі на Шпіцбергене сталі таўсцейшымі і здаравейшымі, нягледзячы на знікненне лёду1

Трамп пагражае тарыфамі краінам, якія пастаўляюць нафту на Кубу1

Пабіўшы рэкорд, цэны на кватэры ў Мінску пачалі прасядаць. Колькі цяпер у сярэднім просяць за метр?18

Вытворчасць каньяку ў крызісе. Продажы ўпалі да мінімуму за 15 гадоў5

У Слоніме праваслаўны хор спявае песні на беларускай мове6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Разведка ЗША: Беларусь стала перадавым вайсковым плацдармам Расіі24

Разведка ЗША: Беларусь стала перадавым вайсковым плацдармам Расіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць