Вядомы расійскі гісторык Тамара Эйдэльман, якая апошнім часам моцна зацікавілася Беларуссю і яе гісторыяй, набыла кнігу беларускай журналісткі і грамадскай дзяячкі Насты Рагатко і напісала на яе вельмі станоўчую рэцэнзію.

Купіла кнігу Насці Рагатко «Насі з сабой» перш за ўсё таму, што мне апошнім часам вельмі цікава ўсё, што звязана з Беларуссю, з яе культурай, гісторыяй, людзьмі. Калі я запісвала курс лекцый пра Беларусь, то адчула, што ў маёй гістарычнай адукацыі — не такой ужо і дрэннай — ёсць велізарны прабел, і мне цяпер пастаянна хочацца яго запаўняць.
Але як толькі я прачытала некалькі старонак, то зразумела, што зараз праглыну гэту кнігу — і не проста з адукацыйнымі мэтамі, а таму што не магу ад яе адарвацца. Мы ехалі ў машыне, і на кожным святлафоры я адкрывала кнігу і чытала яшчэ кавалачак. Прыехала ўвечары дадому — і ўжо дачытала да канца.
Потым я стала думаць пра тое, як усё дзіўна складваецца. Здавалася б, у мяне вельмі мала агульных пунктаў з аўтаркай гэтай кнігі. Насця Рагатко ў два разы маладзейшая за мяне. У нас зусім розныя біяграфіі — яна нарадзілася ў Наварасійску ў сям’і вайскоўца, дзяцінства правяла ва Украіне, потым пераехала ў Беларусь, займалася журналістыкай, потым адказвала за камунікацыі ў Офісе Святланы Ціханоўскай. Пасля пайшла адтуль і заснавала ў Варшаве агенцтва стратэгічных камунікацый — вось гэта наогул незразумелыя для мяне словы.
Але пры гэтым, чытаючы кнігу, я некалькі разоў стрымлівала слёзы і пастаянна адчувала, што гэтая кніга для мяне і шмат у чым пра мяне.
Гэта не аўтабіяграфія і не расказ пра жыццё беларускай апазіцыі, і не гісторыя пратэсту. Гэта дванаццаць раздзелаў плюс заключэнне. І кожны раздзел — асобная гісторыя пра нешта вельмі важнае для аўтаркі. Яны займальныя, забаўныя, сумныя, шакавальныя. Яны вельмі добра напісаныя. Як Насця піша ў фінале: «Вядома, я расказвала ўсё як было і, вядома, я ўсё выдумляла». Гэтая сумесь рэальнасці з фантазіяй — і, што вельмі важна, з іроніяй — дае выдатныя вынікі.
Як я разумею, не толькі многія персанажы кнігі пазналі ў ёй сябе, але яны, відавочна, пазнавальныя для многіх. Я ж нікога не пазнаю, але ад гэтага толькі лепш. Чытаеш гэтую кнігу не як расказ пра канкрэтных людзей, а проста як расказ пра людзей.
Пра тое, як складваюцца і разбураюцца адносіны, пра тое, як жахліва даведацца, што пачалася вайна, пра разрыў са сваякамі і немагчымасць адмовіцца ад любові да іх, пра стомленасць ад таго, што трэба пастаянна дзяліць свет на «сваіх» і «чужых», пра жах расставанняў з сябрамі. Пра ўсведамленне таго, што заходняму свету на нас усіх зусім напляваць, пра адчуванне пустаты і пераадоленне гэтага адчування, пра імкненне знайсці новыя сэнсы.
І гэтая кніга, пры ўсёй яе іранічнасці і нават выпяндрожнасці, пры тым, што ў ёй апісана жыццё чалавека зусім іншага пакалення, чым я, іншага характару, іншага лёсу, — яна раптам аказваецца вельмі патрэбнай і дзіўна цёплай. Выбачайце за такое зацяганае кніжнымі рэцэнзентамі слова — пранізлівай.
На вокладцы кнігі — фатаграфія аголеных грудзей — відавочна, самой Насці Рагатко. У інтэрв’ю яна кажа, што ўспрымае свае навелы як татуіроўкі, якія прайграюць тыя падзеі, што пакінулі след у яе жыцці — часам сумны, часам светлы.
У мяне ніколі ў жыцці не было ніводнай татуіроўкі, і мне да галавы не прыходзіла іх рабіць. Але я чытаю кнігу, захапляюся ўзроўнем адкрытасці аўтаркі, яе здольнасцю з усмешкай глядзець на самыя траўматычныя падзеі, а галоўнае — яе здольнасцю захоўваць жывую душу, колькі б шнароў на ёй ні было.
Скончыўся пашпарт, а новы немагчыма атрымаць па-за межамі Беларусі. Каханага чалавека абвясцілі тэрарыстам і прысудзілі — на шчасце, завочна — да дваццаці гадоў. Вызваліць любую бабулю з ціскоў прапаганды не атрымліваецца. Выратаваць свет не атрымліваецца. Як жыць у такіх абставінах?
І вось, калі чытаеш кнігу Насці Рагатко, то разумееш, што можна жыць нават у той сітуацыі, калі неадкладнага і хуткага выратавання свету не адбылося. Але калі табе ўдалося захаваць сябе і сваю душу, хай пакрытую бясконцымі татуіроўкамі, то значыць жыццё працягваецца.
Прачытайце «Насі з сабой» — вы будзеце смяяцца і плакаць, і, дачытаўшы, адчуеце, што вам стала лягчэй дыхаць.
«Калі мне прыляціць, я гатовая». Наста Рагатко — пра сэкс-сцэну ў сваёй кнізе, прарасійскіх сваякоў, Гаюн і Матольку
Палітычныя кулуары, адносіны з былымі і сённяшнімі — Наста Рагатко напісала дэбютную кнігу. І знялася для вокладкі аголенай
Тамара Эйдэльман: Прыклад Беларусі — гэта надзея на будучыню
«Мой дзед удзельнічаў у разгоне Усебеларускага з’езда!» Што расіяне пішуць пра Беларусь і беларускую гісторыю пад відэа Тамары Эйдэльман
Каментары
За то , что хвалит он кукушку ".