Сайт Інстытута кантролю ведаў не вытрымлівае нагрузкі з-за колькасці ахвотных даведацца вынікі рэпетыцыйнага іспыту
Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў паведамляе аб высокай нагрузцы на свой сайт з-за велізарнай колькасці запытаў ад ахвотных даведацца вынікі рэпетыцыйнага цэнтралізаванага экзамену (РЦЭ), піша БелТА.

«Цяпер назіраюцца збоі ў працы сайта РІКВ з-за высокай нагрузкі — старонка з вынікамі можа не адкрывацца або загружацца вельмі павольна. Гэта звязана з тым, што ў дадзены момант паступае велізарная колькасць запытаў ад жадаючых даведацца свае балы», — гаворыцца ў паведамленні РІКВ.
Спецыялісты просяць не перажываць і не спрабаваць заходзіць кожную секунду. Праца над стабілізацыяй сістэмы ўжо вядзецца.
Сёлета 100 балаў на рэпетыцыйным цэнтралізаваным экзамене атрымалі 238 школьнікаў.
Больш за ўсё максімальных вынікаў па замежнай мове (104), матэматыцы (51) і рускай мове (28). Сярэдні вынік па вучэбных прадметах склаў 55‑60 балаў.
Па англійскай мове — 62,3 бала, біялогіі — 58,8, фізіцы — 57,4, хіміі — 57,3, матэматыцы — 56,3. Усяго РІКВ апрацавана 57170 экзаменацыйных работ па 14 вучэбных прадметах. Ануляваных з-за парушэння правілаў вынікаў няма.
Каментары