Каля ўзбярэжжа вострава Ібіца перакуліўся нафтавы танкер, які перавозіў да 7 тысяч тон дызельнага паліва; у выніку адзін член экіпажа загінуў, піша Бі-бі-сі.

На судне Med Emre, якое ішло пад сцягам Мальты, знаходзіліся 17 членаў экіпажа, усе яны былі выратаваныя. Аднак пазней, як паведамілі службы экстраннай дапамогі Балеарскіх астравоў, семярых даставілі ў бальніцу, дзе адзін з членаў экіпажа памёр.
Паводле звестак іспанскіх СМІ, шасцёра шпіталізаваных членаў экіпажа атрымалі нязначныя траўмы, у прыватнасці, у іх было дыягнаставана пераахаладжэнне.
Ацэнкай магчымай экалагічнай шкоды займаюцца спецыялісты, якія задзейнічалі самалёт і іспанскае судна для барацьбы з забруджваннямі Clara Campoamor.
«Па-ранейшаму маецца мала інфармацыі пра магчымы разліў паліва», — напісала кіраўніца ўрада Балеарскіх астравоў Марга Прохенс у сацсетцы X.
Дырэктар рэгіянальнай службы па надзвычайных сітуацыях Пабла Гарыс заявіў, што танкер не затануў цалкам, як паведамлялася першапачаткова, аднак судна па-ранейшаму часткова знаходзіцца пад вадой.
Паводле яго слоў, гэта стварыла больш спрыяльныя ўмовы для правядзення выратавальных работ: «Мы перайшлі ад сітуацыі, калі судна магло знаходзіцца на глыбіні 1000 м, да сітуацыі, якая дазваляе праводзіць аперацыі на паверхні».
Танкер ішоў з Альхесіраса на поўдні Іспаніі ў порт Барселоны і перавярнуўся за 25 марскіх міль (46 км) ад узбярэжжа Ібіцы і за 57 марскіх міль ад Валенсіі. Прычыны крушэння пакуль невядомыя.
Паводле даных іспанскіх СМІ, ратавальнікі ў Валенсіі атрымалі сігнал бедства каля 22:30 па мясцовым часе ў сераду. Праз некалькі хвілін судна паведаміла пра цечу, а экіпаж заявіў, што яно нахілілася і амаль легла бортам на ваду.
Пацярпелыя члены экіпажа былі дастаўлены ў бальніцы Валенсіі і ў шпіталь «Кан-Місес» на Ібіцы.
Марская акваторыя Ібіцы была ўключаная ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў 1999 годзе. У прыватнасці, там растуць вялікія лугі марской травы Posidonia oceanica — гэты від сустракаецца толькі ў Міжземнаморскім басейне і адыгрывае найважнейшую ролю ў падтрыманні марской біяразнастайнасці.
У 2002 годзе Іспанія сутыкнулася з адной з найбуйнейшых экалагічных катастроф: каля ўзбярэжжа Галісіі пацярпеў бедства нафтавы танкер Prestige, у выніку чаго ў мора вылілася больш за 60 тысяч тон мазуту.
Каментары