У заказніку «Азёры» пад Гроднам зноў будуць праводзіць экскурсіі на дрызiне па вузкакалейнай чыгунцы. Яны пачнуцца з 14 красавіка, піша Times.by.

Маршрут мае назву «Запаведны шлях». Ён праходзіць праз малалюдныя і некранутыя месцы — лясы, балоты і лугі. На адносна невялікай тэрыторыі можна ўбачыць розныя тыпы лясоў: сасновыя, яловыя, дубовыя, а таксама кляновыя і грабавыя. У гэтых мясцінах жывуць рэдкія віды птушак і жывёл.
Падчас падарожжа прадугледжаныя прыпынкі: можна падняцца на пясчаныя ўзвышшы, пераадолець водныя ўчасткі і палюбавацца краявідамі возера Белае з доўгага моста, які праходзіць проста праз возера.
Уздоўж маршруту ўсталяваныя інфармацыйныя стэнды, дзе можна даведацца пра прыроду і гісторыю гэтых мясцін.

Даўжыня маршруту складае каля 20 кіламетраў, а паездка займае прыкладна 2,5—3 гадзіны. Кошт для дарослых — 60 рублёў, для дзяцей ад 8 да 12 гадоў — 30 рублёў. Дзяцей, меншых за 8 гадоў, да экскурсіі не дапускаюць.
Экскурсіі будуць праводзіцца двойчы на дзень — у 11:00 і 14:00, з аўторка па нядзелю. Панядзелак — выхадны.

Гэта вузкакалейка была пабудаваная ў 1956 годзе для працы торфапрадпрыемства. Пазней, пасля таго як запасы торфу вычарпаліся, рух па ёй спынілі, а частку пуцей разабралі. Цяпер яе выкарыстоўваюць як турыстычны маршрут.
Каментары