Эканоміка11

Мінскае метро разам з «Алесяй» пачне капаць «Марыя». Справа мае пайсці хутчэй

На транспартным форуме заўважылі, што на адну з будпляцовак трэцяй лініі метро пачалі звозіць часткі другога праходчага шчыта для пракладкі тунэля. Праходчы шчыт, ён жа тунэлепраходны комплекс (ТПМК), — гэта велізарны і складаны механізм для рыцця тунэляў і аддзелкі іх жалезабетоннымі цюбінгамі, піша Blizko.by.

Фарумчане заўважылі, што на будпляцоўку ў раёне вуліцы Кульман пачалі звозіць дэталі будучага ТПМК. Увесь плот адзначаны таблічкамі «зона мытнага кантролю», з чаго можна выказаць здагадку, што абсталяванне яшчэ не прайшло мытнае афармленне.

Мяркуючы па надпісах на абсталяванні, вытворцам шчыта з’яўляецца кітайская кампанія Sunward Machine. Кампанія будуе праходчыя шчыты рознага дыяметра аж да 9,1 метра.

На сайце вытворцы знайшліся навіна і відэаролік пра афіцыйны выпуск праходчага шчыта. Мяркуючы па навіне, ён сышоў з вытворчай лініі 20 студзеня 2026 года. У роліку гаворыцца і паказваецца, што ТПМК атрымаў назву «Марыя». Дакладнае найменне мадэлі — GSE6250-E1020.

Адзначаецца, што інжынеры прадпрыемства ў Гуандуне патрацілі сотні дзён распрацоўкі, каб шчыт адпавядаў складаным геалагічным умовам Мінска.

Таксама вядома, што дыяметр рэжучай часткі шчыта складае 6,28 метра, што мінімальны радыус павароту складае 300 метраў і што ён здольны пераадольваць вертыкальны ўхіл у 40 ‰ (праміле, гэта значыць 2,3 градуса, або 4 сантыметры на 1 метр даўжыні, або 40 метраў на 1 кіламетр шляху). Іншыя характарыстыкі пакуль невядомыя, так што нельга сказаць, ці акажацца «Марыя» хутчэйшай і эфектыўнейшай за «Алесю», якая выконвала гэту працу раней.

Першы такі сучасны ТПМК з’явіўся на будаўніцтве трэцяй лініі метро. Яго вырабіла французская кампанія CSM Bessac, для якой такі буйны шчыт стаў першым вопытам (да мінскага заказу фірма будавала толькі маленькія шчыты для пракладкі каналізацый).

Пра другую «Алесю» кажуць ужо не першы раз і не першы год. У канцы 2015 года начальнік прадпрыемства «Дырэкцыя па будаўніцтве Мінскага метрапалітэна» Павел Царун на аператыўнай нарадзе ў Мінгарвыканкаме казаў, што для будаўніцтва трэцяй лініі Мінскага метрапалітэна плануецца прыцягнуць другі тунэлепраходчы комплекс. Але тады размовы так і засталіся размовамі. Потым у ліпені 2018‑га «Мінскметрабуд» збіраўся правесці тэндэр на закупку другога механізаванага праходчага шчыта ў пару да «Алесі», але ўжо ў лютым 2019‑га прадпрыемства заявіла, што ў другім шчыце пакуль не бачыць патрэбы.

Зноў пра куплю шчыта загаварылі летам 2025-га. Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандр Чэрнікаў расказваў:

«Да канца 2025‑га плануецца набыць другі тунэлепраходчы механізаваны комплекс у камплекце з перыферыйным абсталяваннем для выпуску высокадакладнага тунэльнага аздаблення».

У студзені 2026‑га намеснік галоўнага інжынера «Мінскметрабуда» Сяргей Грэчкін расказваў:

«Закуплены другі тунэлепраходчы механізаваны комплекс, які аптымальна падыходзіць для працы ў наяўных умовах. Чакаем яго пастаўку ў Беларусь гэтай зімой. Некаторы час спатрэбіцца на зборку і наладку, затым пачнем праходку. Паралельна спецыялісты, якія будуць абслугоўваць комплекс, навучаюцца пісьменнай працы з новым абсталяваннем. Хоць спярша пастаўшчык будзе рабіць і шэфмантаж, і навучанне нюансам па кіраванні механізмамі».

Тады вытворцу шчыта не называлі, толькі адзначалі, што ён выпушчаны ў Кітаі.

З адным шчытом метро будуецца не хутка. Так, першыя падрыхтоўчыя работы па будаўніцтве трэцяй лініі пачаліся ў студзені 2014 года. Цяпер, у 2025 годзе, адкрытыя 7 станцый, а агульная даўжыня лініі дасягнула 7,6 кіламетра. Агульная ж даўжыня 4‑й лініі, згодна з самымі свежымі данымі, складзе 25,5 км. Нават калі паспрабаваць проста экстрапаляваць даныя (7,6 км пабудавалі роўна за 11 гадоў), то атрымаецца, што 25,5 кіламетра чацвёртай лініі пабудуюць за… 37 гадоў. Таму другі тунэлепраходчы комплекс павінен значна наблізіць гэтыя тэрміны.

Каментары1

  • мангол
    20.03.2026
    Не Марыя. Мария

Цяпер чытаюць

«Яна даўнавата ў Беларусі». Бацька Анжалікі Мельнікавай прызнаўся, што яна жывая і здаровая77

«Яна даўнавата ў Беларусі». Бацька Анжалікі Мельнікавай прызнаўся, што яна жывая і здаровая

Усе навіны →
Усе навіны

«Белавія» запусціла самы доўгі рэйс у сваёй гісторыі1

ЗША паскорылі перакідку дэсантных караблёў і тысяч марскіх пехацінцаў для магчымай высадкі ў Іране2

Гурт «Іванушкі International» не будзе мяняць назву з-за закона аб забароне англіцызмаў1

У Віцебску спрабуюць прадаць раскошную камяніцу з эркерамі, якую за дзесяць гадоў давялі да поўнага разбурэння1

Сабрана пятая частка экстраннага збору на дапамогу вызваленым палітвязням

Коўл: Спадзяёмся, да канца года ўдасца вызваліць усіх беларускіх палітвязняў19

Лідары ЕС не змаглі пераканаць Венгрыю разблакаваць крэдыт Украіне на 90 млрд еўра5

Ці варта хаваць свае сакрэты? І як зразумець, калі варта сказаць праўду, а калі — не?3

Еўрапейскія краіны і Японія гатовыя дапамагчы забяспечыць праход праз Армузскі праліў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Яна даўнавата ў Беларусі». Бацька Анжалікі Мельнікавай прызнаўся, што яна жывая і здаровая77

«Яна даўнавата ў Беларусі». Бацька Анжалікі Мельнікавай прызнаўся, што яна жывая і здаровая

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць