Новае расследаванне выдання The Insider пралівае святло на тое, як у Расіі ствараюць смяротныя яды для палітычных забойстваў. Журналістам удалося не толькі назваць імёны навукоўцаў, але і знайсці заходні след у пастаўках неабходных кампанентаў.

У лютым 2026 года пяць еўрапейскіх краін апублікавалі сумесную заяву: у біялагічных узорах Аляксея Навальнага быў знойдзены эпібатыдзін. Гэта надзвычай моцны прыродны алкалоід, які ў тысячы разоў таксічнейшы за многія вядомыя яды.
Журналісты The Insider, абапіраючыся на ранейшыя расследаванні і адкрытыя навуковыя публікацыі, сцвярджаюць, што сінтэз эпібатыдзіну ў Расіі мог адбывацца ў тых жа структурах, якія раней былі звязаныя з распрацоўкай хімічнай зброі.
Гаворка ідзе пра Дзяржаўны навукова-даследчы інстытут арганічнай хіміі і тэхналогіі (ГосНИИОХТ) і навукова-вытворчае аб’яднанне НЦ «Сігнал». Менавіта гэтыя ўстановы ўжо фігуравалі ў гісторыі з «Навічком», выкарыстаным пры атручванні Навальнага ў 2020 годзе і Скрыпалёў у Солсберы.
Каб зразумець, як менавіта мог быць створаны эпібатыдзін, журналісты прааналізавалі навуковыя артыкулы, апублікаваныя супрацоўнікамі гэтых устаноў. Асаблівую ўвагу яны звярнулі на працу, прысвечаную метадам выяўлення эпібатыдзіну ў крыві. Сярод аўтараў — Ігар Бабкін і Сяргей Галан, якія фармальна пазначаныя як супрацоўнікі «Лабараторыі высокіх тэхналогій», але фактычна звязаныя з НЦ «Сігнал».

Абодва навукоўцы маюць вучоныя ступені, аднак іх дысертацыі засакрэчаныя. Вядома толькі, што тэма дысертацыі Бабкіна адносіцца да спецыяльнасці «Паражальнае дзеянне спецыяльных відаў узбраення».
Эксперт-хімік, які каментаваў расследаванне, адзначыў, што Бабкін займаўся якраз тым класам злучэнняў, да якога належыць эпібатыдзін, яшчэ з 1990‑х гадоў, калі вучыўся ў вайсковай акадэміі радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны.
Сяргей Галан, акрамя ядаў, займаўся даследаваннем рэчываў, якія даводзяць жывых істот да поўнага адчаю і страты волі да жыцця (выпрабаванні праводзіліся на пацуках).
Дзе закуплялі рэагенты для яду
Для стварэння эпібатыдзіну неабходныя канкрэтныя хімічныя рэагенты. Каб высветліць, адкуль яны маглі паступаць, The Insider прааналізаваў імпарт у Расію адпаведных рэчываў у 2022—2023 гадах.
З дванаццаці неабходных кампанентаў два ўвогуле не ўвозіліся ў краіну, астатнія ж мелі розную ступень распаўсюджанасці: некаторыя з’яўляюцца масавымі хімікатамі, іншыя — рэдкімі і спецыфічнымі.
Журналісты вылучылі кампаніі, якія закуплялі хаця б чатыры з гэтых рэчываў. Такіх аказалася сем, але толькі чатыры з іх імпартавалі ключавы кампанент — 1,8-дыазабіцыкло[5.4.0]ундэк-7-ен.

Аналіз тэлефонных злучэнняў супрацоўнікаў гэтых чатырох кампаній выявіў важную дэталь: менеджары адной з іх — «АБЦР Хемі Рус» — рэгулярна кантактавалі з супрацоўнікамі НЦ «Сігнал», а таксама з прадстаўнікамі іншых устаноў, звязаных з распрацоўкай хімічнай зброі.
У прыватнасці, зафіксаваныя шматразовыя званкі паміж Ігарам Бабкіным і намесніцай генеральнага дырэктара «АБЦР Хемі Рус» Ліліяй Сабіравай, а таксама з менеджарам па продажах і мытным афармленні Аляксеем Кісялёвым. Акрамя таго, з кіраўніцтвам кампаніі звязваўся Ігар Заварзін — кіраўнік «Лабараторыі высокіх тэхналогій» і вядомы навуковец з Інстытута арганічнай хіміі.

Нямецкая кампанія
Але самае цікавае ў расследаванні тое, што кампанія «АБЦР Хемі Рус» на 90% належыць нямецкай abcr GmbH, яшчэ па 5% — яе расійскім менеджарам. Да сярэдзіны сакавіка 2026 года расійскае падраздзяленне адкрыта пазначалася на сайце нямецкай кампаніі, але пасля запыту The Insider інфармацыя пра яго знікла.
Дырэктар abcr GmbH Ян Шурыхт заявіў, што кампанія выконвае ўсе санкцыйныя абмежаванні і не пастаўляла прадукцыю для «Сігнала» пасля 2018 года. Паводле яго, расійская даччыная структура самастойна выбірае кліентаў, а нямецкі бок праводзіць толькі выбарачныя праверкі і не можа кантраляваць магчымую «ваенную дзейнасць» пакупнікоў.
Разам з тым Шурыхт прызнаў, што кампанія разглядае магчымасць закрыцця расійскага бізнэсу і не атрымлівала ад яго дывідэндаў з 2020 года.

Паводле яго версіі, канкрэтныя пастаўкі рэагентаў у 2023 годзе прызначаліся для Уральскага федэральнага ўніверсітэта. Аднак дакументы, якія нібыта пацвярджаюць гэта, па словах журналістаў, выглядаюць як падробкі: у іх адсутнічаюць нумары кантрактаў, подпісы, суправаджальныя дакументы, а даты не супадаюць. У адным выпадку рахунак быў выстаўлены яшчэ да таго, як рэчыва пакінула склад у Германіі.
Акрамя таго, журналісты не знайшлі ніякіх тэлефонных кантактаў паміж «АБЦР Хемі Рус» і ўніверсітэтам, што яшчэ больш падрывае гэтую версію. Затое кантакты з супрацоўнікамі «Сігнала» зафіксаваныя і ў 2020—2024 гадах, нягледзячы на заявы нямецкага боку, што пасля 2018 года іх не было.
Кіраўнік нямецкай кампаніі прызнаў, што не можа растлумачыць гэтыя супярэчнасці, але ўсё ж заявіў, што схільны верыць сваім супрацоўнікам і лічыць іх выпадковымі ўдзельнікамі гісторыі.
Апытаныя The Insider нямецкія юрысты тлумачаць: калі ўжо існуе адкрытая, публічна даступная інфармацыя пра тое, што пэўны навуковы цэнтр займаецца вытворчасцю ядаў для палітычных забойстваў, то пастаўшчык не можа рабіць выгляд, што нічога не ведае.
Калі ён, нягледзячы на гэта, працягвае пастаўляць такому цэнтру хімічныя рэагенты і разумее, што яны могуць быць выкарыстаныя для стварэння смяротных рэчываў, яго дзеянні могуць разглядацца як саўдзел у злачынстве.
Выданне адзначае, што ўся інфармацыя пра сувязі нямецкага бізнэсу з вытворцамі ядаў ужо перададзена праваахоўным органам Германіі.
Каб атруціць ядам, ад якога памёр Навальны, дастаткова 1 мг. Вось што расказаў хімік, які працаваў з першаадкрывальнікам гэтага рэчыва
Рэчыва, якім забілі Навальнага, сінтэзаваў цэнтр «Сігнал». Ён жа ўдзельнічаў у атручэнні палітыка ў 2020 годзе
Навальнага атруцілі ў калоніі рэчывам эпібатыдзін — яд эквадорскай жабы. Гэта змаглі выявіць, дзякуючы біяматэрыялам, вывезеным сям'ёю
Каментары
Но вскоре фсб проводило главного врага РФ и кгемля в самолет, направляющийся то ли втомск, то ли омск.
Скажите, ему 15,000 как дорогому "врагу" не предлагали? А паспорт напечатать?
А, гаюны?
Что ваша Эхо Москвы (дочь Газпром-Медия) говорит по этому поводу?