Свет22

У Кітаі за супрацоўнікамі цяпер сочаць нават крэслы

У пагоні за эфектыўнасцю работнікаў кіраўнікі фіксуюць усе іх дзеянні: ад працягласці знаходжання ў прыбіральні да таго, як яны сядзяць за сталом, і кожнага запыту ў інтэрнэце.

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: Getty Images

Камеры над працоўнымі сталамі, адсочванне тэлефонаў і датчыкі ў крэслах — вось новая рэальнасць кітайскіх кампаній. Выданне South China Morning Post прыводзіць некалькі прыкладаў з мясцовых СМІ.

Супрацоўніца тэхналагічнай кампаніі ў Гуанчжоў на поўдні Кітая выявіла камеру проста над сваім рабочым месцам пасля таго, як адмовілася ад камандзіроўкі праз хваробу. Перад гэтым у студзені менеджар папярэдзіў яе, каб яна не карысталася прыватнымі чатамі ў працоўны час.

Праверыўшы карту памяці камеры, жанчына жахнулася: прылада фіксавала ўсё — ад тэкставых паведамленняў да выяў на экране яе тэлефона і камп'ютара, паведамляе газета Workers’ Daily.

Іншы выпадак, апісаны Southern Metropolis Daily, адбыўся ў адной з кампаній у Ханчжоў (усход Кітая). Там кіраўніцтва раздало супрацоўнікам «разумныя» крэслы, здольныя фіксаваць пульс, частату дыхання і нават паставу.

Неўзабаве менеджар спытаў здзіўленую жанчыну, чаму яе штодня няма за сталом з 10:00 да 10:30, і папярэдзіў пра магчымае пазбаўленне прэміі. Жанчына назвала такое сачэнне «жудасным і глыбока непрыемным».

Такія прыклады — далёка не рэдкасць. У рэкламным агенцтве ў Фучжоў (паўднёва-ўсходні Кітай) пайшлі яшчэ далей: абмежавалі час на наведванне прыбіральні. Работнікі мусілі сканаваць адбіткі пальцаў на ўваходзе і выхадзе, а за перавышэнне ліміту пагражалі штрафы.

У верасні мінулага года адну з супрацоўніц звольнілі за нібыта непадпарадкаванне босу і гультайства. Доказамі ў судзе сталі відэазапісы і гісторыя браўзера на яе рабочым камп'ютары.

Высветлілася, што супрацоўніца скардзілася на начальніка ў сацсетках, наведвала інтэрнэт-крамы і чытала раманы анлайн. Маштабы татальнага сачэння шакавалі жанчыну, якая ў інтэрв’ю выданню Vista задалася пытаннем, дзе праходзіць рыса паміж карпаратыўным кантролем і правам на прыватнасць.

Як работнікі спрабуюць абараніцца

З пашырэннем кантролю кітайскія работнікі пачынаюць шукаць спосабы абароны. Нехта купляе праграмы для прыватных чатаў за 19,9 юаня (каля 3 даляраў), іншыя плацяць па 50 юаняў за спецыяльныя ахоўныя фільтры для экранаў тэлефонаў і камп'ютараў.

Набіраюць папулярнасць і інструменты, якія блакіруюць адсочванне актыўнасці ў браўзеры. У сацсетках пасты з парадамі па самаабароне на працоўным месцы сабралі ўжо больш за 50 мільёнаў праглядаў.

Эксперты адзначаюць, што кітайскае заканадаўства дае кампаніям пэўную свабоду ў маніторынгу. Эксперты па кібербяспецы тлумачаць, што фірмы ўсталёўваюць сістэмы нагляду для абароны інтэлектуальнай уласнасці, камерцыйнай таямніцы і прадухілення ўнутраных пагроз. Устаноўка камер у офісах лічыцца законнай, калі супрацоўнікаў папярэдзілі загадзя, а самі прылады не знаходзяцца ў прыватных зонах, такіх як туалеты або распранальні.

У той жа час юрысты ў каментары для South China Morning Post адзначаюць, што ў Кітаі мяжа паміж карпаратыўным кіраваннем і прыватнасцю супрацоўнікаў застаецца размытай. Калі кампанія збірае асабістую інфармацыю, якая не датычыцца працы, яна рызыкуе парушыць права на прыватнасць.

Крытыкі лічаць, што празмерны татальны кантроль замест павышэння эфектыўнасці выклікае стрэс, падрывае давер і прымушае работнікаў пастаянна «абараняцца». Карыстальнікі сацыяльных сетак таксама не хаваюць свайго абурэння:

«Калі кампаніі не хочуць, каб я займаўся асабістымі справамі ў працоўны час, яны павінны зрабіць так, каб работа не лезла ў мой асабісты час», «Гэта больш падобна на турму, чым на офіс. Калі людзей ператварыць у інструменты, гэта ўдарыць па саміх карпарацыях».

Каментары2

  • $
    02.04.2026
    В полку правительственной связи кгб Молодечно камеры в спальных отсеках, где спят срочники, уже лет десять висят
  • Няўжо
    02.04.2026
    А чаму вы да гэтага часу карыстаецеся расейскай сістэмы транслітарацыі кітайскай мовы, калі ўжо даўно беларуская ёсць? Комплекс культурна-прыгоннага журналіста?

Цяпер чытаюць

Стралок з Кракава, які забіў дзевяць чалавек, памёр у бальніцы6

Стралок з Кракава, які забіў дзевяць чалавек, памёр у бальніцы

Усе навіны →
Усе навіны

Параненых у Кракаве паліцыянтаў выратавалі два вядомыя хірургі: яны абедалі побач і кінуліся на дапамогу5

Саліста расійскага гурта на канцэрце ў Мінску, падобна, адкачвала хуткая — пасля ён спяваў у паўцемры пад фанеру12

Пасля расійскай атакі больш за 600 тысяч жыхароў Днепрапятроўшчыны засталіся без святла1

Газ у Еўропе падаражэў утрая. Высокія рахункі могуць застацца яшчэ на некалькі гадоў5

«Такія жыццярадасныя людзі. Не тое што ён». Суседзі расказалі пра сям’ю нападніка з Кракава13

У Смаргоні з «Нулявога кіламетра» прыбіраюць Вільню, Варшаву і сцягі суседзяў10

У Кітаі гэтую працэдуру зрабілі тысячам людзей з Альцгеймерам, але эксперты спрачаюцца, ці будзе сэнс1

Больш не трэба выводзіць татуіроўкі? Іх навучыліся рабіць нябачнымі1

У доме кракаўскага стралка знайшлі тры целы. Падобна, што гэта ягоныя блізкія сваякі10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стралок з Кракава, які забіў дзевяць чалавек, памёр у бальніцы6

Стралок з Кракава, які забіў дзевяць чалавек, памёр у бальніцы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць