Памёр Максім — 20‑гадовы вясковец з-пад Клецка, які наняўся ваяваць супраць Украіны
20‑гадовы Максім Высоцкі з вёскі Нарашэвічы Клецкага раёна не паспеў толкам пажыць, як загінуў за інтарэсы Пуціна.
Максім нарадзіўся ў маі 2005 года. Маці — прыбіральшчыца аднаго з камунальных прадпрыемстваў Мінскага раёна. Выхоўваў хлопца шматразова судзімы сужыцель маці.

Пасля сканчэння школы, згодна з базай Belpol, паступіць ва ўніверсітэт хлопцу не ўдалося.
Але летам 2025 года ён наняўся ваяваць за Расію і амаль адразу, напачатку жніўня, загінуў пад Дылееўкай Данецкай вобласці.
Расійскія медыкі запісалі ў пасведчанні аб смерці, што раны былі смяротныя і шансаў выжыць не было б нават пры імгненным аказанні медыцынскай дапамогі.
Імаверна, у Высоцкага прыляцеў дрон сілаў абароны Украіны.
Ваенныя аналітыкі ўжо даўно адзначаюць, што, у адрозненне ад мінулых войнаў, на расійска-ўкраінскай вайне ў салдата амаль няма шансаў выжыць праз змену характару атрыманых траўмаў: калі разлёт аскепкаў або траплянне кулі яшчэ пакідалі магчымасць выратаваць параненага, то траплянне дрона забівае.
Каментары