Гісторыю Дзмітрыя Цімашкова многія памятаюць. Разам з дачкой Ліляй з ДЦП, чыю рэабілітацыю мужчына ўзяў на сябе, ён удзельнічаў у забегах. А ў 2018‑м некачана арыштавалі яго сына, які з нажом напаў на бацьку.

Яшчэ пятнаццаць-дваццаць гадоў таму Дзмітрый Цімашкоў выглядаў чалавекам, пра якога сказалі б: паспяховы мінчук. Сям’я, дзеці, уласная справа, кватэра, машына, зразумелая жыццёвая траекторыя. Сам ён пазней з іроніяй пісаў, што ў трыццаць гадоў меў ужо двое дзяцей, другую кватэру і «дом на беразе мора, хай і Мінскага».
Але ўсё змянілася. Спачатку — праз цяжкую хваробу дачкі. Потым — праз распад сям’і. Потым — праз гісторыю з сынам: чатырнаццацігадовы Сямён напаў на бацьку з нажом і нанёс яму шэсць удараў. Як гісторыя сям'і склалася пасля?

Хто такі Дзмітрый Цімашкоў
Дзмітрый Цімашкоў нарадзіўся і вырас у Мінску, у яго ёсць старэйшыя брат і сястра. У юнацтве займаўся спортам — у школе хадзіў на веславанне. Пасля арміі працаваў у розных сферах, а ў сярэдзіне 2000‑х ужо меў уласны невялікі бізнэс — краму, якая «карміла сям’ю».
Цімашкоў быў некалькі разоў жанаты. Ад першага шлюбу ў яго ёсць дарослы сын (яму зараз каля 40 гадоў) і дачка Ліза (ёй каля 28 гадоў). Ліза Цімашкова падтрымлівае адносіны з бацькам і яго іншымі дзецьмі.
Другой жонкай стала Вольга, маладзейшая за яго прыкладна на 10 гадоў. У 2004 годзе ў іх нарадзіўся сын Сямён, а праз два гады — дачка Лілія, у якой дыягнаставалі цяжкую форму ДЦП. Цімашкоў пазней казаў, што заўважыў праблемы вельмі рана — у першыя месяцы жыцця дзіцяці.
Пасля гэтага жыццё сям’і перайшло ў зусім іншы рэжым. Пасля дыягназу дачкі Цімашкоў прысвяціў сябе пошуку метадаў рэабілітацыі. Ён вывучаў методыкі Інстытутаў Глена Домана (ЗША) і двойчы ездзіў з дачкой на аздараўленчыя праграмы, збіраючы ахвяраванні. Пазней ён распрацаваў аўтарскую хатнюю праграму, якая ўключае фізічную актыўнасць, загартоўванне, заняткі з сэнсарнай стымуляцыяй і іншыя элементы.

Бізнэс у гэтай новай рэальнасці пачаў занепадаць. Сам Цімашкоў апісваў гэта так: пакуль ён жыў дачкой і яе рэабілітацыяй, справа захірэла, партнёры пачалі працаваць у шэрай зоне, а потым крама «адной цудоўнай красавіцкай раніцай згарэла дашчэнту». Крэдыторы хутка забралі тое, што засталося.
У той жа час развальвалася і сям’я. Вольга доўгі час была хатняй гаспадыняй, а пасля пачала працаваць прадавачкай. Па словах Цімашкова, пастаянны догляд за цяжка хворай дачкой, ізаляцыя і бясконцае напружанне прывялі жанчыну да дэпрэсіі і праблем з алкаголем.
У 2016—2017 гадах яны развяліся. Пасля разводу дзеці засталіся з бацькам, маці часам дапамагала, але асноўны клопат лёг на Дзмітрыя.
У інтэрв'ю Цімашкоў казаў, што страта бізнэсу, адсутнасць грошай і цяжкая хвароба дачкі давялі яго да роспачы, але ён «ўзяў паперу і ручку замест вяроўкі» і стаў пісаць блог, каб прыцягнуць увагу да праблемы.
Сын, які рос у цені
Сын Сямён, паводле апісанняў бацькі, рос у інтэлектуальным асяроддзі. Дзмітрый расказваў, што хлопчык наведваў спецыялізаваны дзіцячы сад, затым адну з найлепшых гімназій Мінска, чытаў сур'ёзную літаратуру (Курт Вонегут, Сол Бэлаў) ужо ў 14 гадоў. Цяжкасці пачаліся пасля нараджэння Ліліі: у доме, дзе ўсё жыццё было падпарадкавана рэабілітацыі дзяўчынкі, сын паступова апынуўся на другім плане.
Сам Цімашкоў пасля адкрыта прызнаў: ён мала ўвагі надаваў Сямёну, прымяняў фізічныя пакаранні, загружаў яго гаспадарчымі абавязкамі. Сын, у сваю чаргу, успрымаў бацьку як жорсткага і далёкага чалавека. Гэтае адчужэнне паступова расло ўнутры сям’і, пакуль не выбухнула ў верасні 2018 года. Тады чатырнаццацігадовы Сямён напаў на бацьку з нажом і нанёс яму шэсць удараў.
Гісторыя адразу стала публічнай і выклікала рэзананс. У студзені 2019 года суд даў Сямёну шэсць гадоў выхаваўчай калоніі.
Кніга пра шэсць удараў і «абдымкі Сатаны»
Пакуль ішло следства, Цімашкоў напісаў кнігу з адной з самых дзіўных назваў у беларускім нон-фікшне: «Шэсць удараў нажом у спіну, ці гісторыя пра тое, ці можна вызваліць дзіця з абдымкаў Сатаны і выжыць самому».

Цімашкоў спрабаваў асэнсаваць напад сына як гісторыю не толькі сямейнага краху, але і нейкага «цёмнага трэцяга боку», які нібыта ўмяшаўся ў жыццё падлетка. У кнізе з’яўляюцца акультныя матывы, размовы пра сатанізм, «жахлівыя абрады», містычныя сюжэты. Пры гэтым сам аўтар падкрэсліваў, што кніга мастацка-дакументальная, што там ёсць выдумка, а героі толькі падобныя да рэальных людзей.
Адны бачылі ў гэтай кнізе спробы чалавека не звар’яцець пасля асабістай катастрофы. Іншыя — нежаданне прызнаць, што прычына трагедыі магла быць у сямейнай абстаноўцы, а не ў «сатане».
Бацькоўскія дні на зоне
У блогу Цімашкоў апісваў паездкі ў Бабруйск да сына ў калонію і спробу зразумець, кім стаў сын за кратамі.
Цімашкоў уключыўся ў доўгую барацьбу за змякчэнне пакарання, перагляд справы, памілаванне. Ён называў гэта «яшчэ адным горкім досведам».
У ягоных тэкстах пра калонію шмат побытавай назіральнасці. Гэта вельмі канкрэтны свет з варотамі, металічным лязгам, пропускамі, сумкамі з ежай і бацькамі, якія стаяць у чарзе.
Цімашкоў падкрэслівае, што для бацькі галоўнае пытанне ў калоніі вельмі простае: ці нармальна тваё дзіця там кормяць. Падчас наведвання новай сталоўкі ён з амаль балючай уважлівасцю пералічвае суп, пюрэ, рулет, вінегрэт, кампот.
Падчас аднаго такога бацькоўскага дня ён піша, што яны з Сямёнам ішлі да сталовай, «трымаючыся за рукі», і гэта было «ўпершыню, напэўна, за два гады».
У 2020 годзе Вярхоўны суд скараціў хлопцу тэрмін да чатырох гадоў. А 6 студзеня 2021 года Сямён выйшаў на волю па памілаванні. Цімашкоў пісаў, што ў гэты дзень яму патэлефанавалі з калоніі і проста сказалі: «Ваш сын памілаваны. Забірайце яго».

Цімашкоў распавядаў, што Сямён у калоніі змяніўся. Пачаў шмат чытаць, маляваць, вучыцца, пісаць. Яго лісты бацьку, паводле Цімашкова, дасягалі дванаццаці старонак і былі ўжо не дзіцячымі нататкамі, а амаль літаратурнымі тэкстамі.
Што цяпер з Сямёнам
З даступных крыніц відаць, што Сямён (цяпер яму 21 год) далучыўся да бегавой супольнасці «Крылы анёлаў», удзельнічаў у забегах.
Хлопец вучыцца ў Еўрасаюзе. Вядома, што ён падтрымлівае добрыя адносіны з бацькам і ўдзельнічае ў яго актыўнасцях.
«Крылы анёлаў»
Яшчэ да гісторыі з нажом Цімашкоў пачаў выбудоўваць вакол дачкі і яе рэабілітацыі цэлы свет. Ён шмат бегаў і паступова прыйшоў да ідэі, што спорт можа быць формай уключэння ў жыццё дзяцей з інваліднасцю.
У 2015 годзе Цімашкоў прабег Мінскі паўмарафон, штурхаючы каляску з Ліліяй. Пазней ініцыятыва вырасла ў цэлую супольнасць: так з’явіліся «Крылы анёлаў». Ідэя была простая: ёсць «анёлы» — дзеці з цяжкімі дыягназамі, і ёсць «крылы» — людзі, якія бягуць разам з імі, вязуць іх у калясках, робяць іх удзельнікамі падзей, а не назіральнікамі.

За шэсць гадоў ініцыятыва «Крылы анёлаў» вырасла з гуртка бацькоў у паўнавартасную грамадскую арганізацыю: каманда ўдзельнічала ў марафонах, праводзіла «бегаПаркі» (інклюзіўныя сямейныя забегі) і сабрала вакол сябе шматлікіх валанцёраў. Цімашкоў стаў тварам гэтай арганізацыі.
Бег замест каранціну
Падчас пандэміі COVID-19 Дзмітрый Цімашкоў заняў скептычную пазіцыю. У сваім блогу ён крытыкаваў агульную паніку, страх і паводзіны людзей. Ён іранічна называў сітуацыю «каранакіпішам» і сцвярджаў, што шуміха вакол віруса раздзьмутая «людзьмі, якія збіраліся жыць вечна».
Але меры засцярогі не адмаўляў. Свой план жыцця ў пандэмію ён сфармуляваў з дзесяці пунктаў, у тым ліку, напрыклад, мінімізацыя кантактаў, стварэнне запасу ежы і медыкаментаў, каб лішні раз не выходзіць у краму, перавоз сталых бацькоў на дачу далей ад натоўпаў людзей.
Цімашкоў заклікаў не адмаўляцца ад бегу. Ён сцвярджаў, што шматгадовы вопыт сацыяльнага ізаляцыянізму (з-за догляду за дачкой з цяжкай формай ДЦП) дапамог яму справіцца і з каранавірусам, і раскрытыкаваў тых, хто патрабаваў каранціну, масак і тэстаў.

У 2020 годзе ён разам з камандай праводзіў серыю дабрачынных забегаў «ПандаМія». Кожнае мерапрыемства было прымеркавана да асобнай даты (Дня касманаўтыкі, Дня абароны дзяцей і іншае). Арганізацыя Цімашкова арганізоўвала і іншыя прабегі: інклюзіўны парны забег, «сацыяльныя аўторкі» на 9‑м пляжы, прапаноўваючы інклюзіўныя трэніроўкі і пікнікі.

Ліквідацыя і новы запуск
У 2021 годзе ўлады ліквідавалі арганізацыю «Крылы анёлаў». Гэта адбывалася на фоне масавага знішчэння беларускіх недзяржаўных арганізацый і ініцыятыў — ад праваабарончых да сацыяльных.
Цімашкоў казаў, што пра ліквідацыю даведаўся фактычна выпадкова: знайшоў у рэестры Міністэрства юстыцыі запіс, што арганізацыя падлягае ліквідацыі. Ён падкрэсліў, што каманда раней не атрымлівала прэтэнзій ад улад. Пазней ён даведаўся, што Мінгарвыканкам прыняў рашэнне ліквідаваць арганізацыю на падставе спісу, складзенага міліцыяй. Прычыну ліквідацыі яму не паведамілі.
Для праекта гэта азначала страту юрыдычнага статусу, магчымасці праводзіць афіцыйныя мерапрыемствы і атрымліваць фінансаванне. Але для самога Цімашкова гэта не стала фіналам. Ён перазапусціў дзейнасць у іншай форме — праз прыватнае прадпрыемства «Абілітацыя і вольны час». Яно працягнула праекты па інклюзіі і актыўным адпачынку: спорт, турызм, летнікі, пракат абсталявання, рэабілітацыя.
Жыццё на беразе
У 2022 годзе Цімашкоў разам з Ліліяй пераехаў на бераг Мінскага мора. Спачатку гэта выглядала як эксперымент: пажыць у намёце, зразумець, ці магчыма гэта наогул. А пасля — як цэлая філасофія.

Яны праводзілі ў намётавым гарадку месяцы — з вясны да маразоў, на працягу некалькіх гадоў. Узімку перабіраліся ў кватэру або на дачу, а вясной вярталіся назад.
У пастах Дзмітрыя гэта апісваецца як «рабінзанада» і «жыццё Дыягена».
Цімашкоў падкрэсліваў, што для жыцця на прыродзе важна з розумам расходаваць рэсурсы. У адным з пастоў ён пісаў, што норму спажывання вады ў 100 літраў на дзень лічыць раскошай, яму з Ліляй патрабуецца 20 літраў вады. Плюс 4 літры дызельнага паліва і 4 літры бензіну на суткі для абагравання і асвятлення, а таксама 4 абярэмкі дроў для вогнішча. Газавага балона на 5 літраў хапае на тыдзень. Усё неабходна дастаўляць на ровары ад бліжэйшай запраўкі.
У пастах ён адзначаў, што жыццё на беразе з Ліляй стала сапраўднай «школай жыцця» — яны навучыліся мірыцца з камарамі, вятрамі, дажджамі, бабрамі і чайкамі і адчуваюць свабоду, нягледзячы на адсутнасць звыклага камфорту.

Паступова вакол гэтага жыцця вырасла і інфраструктура. На тым самым пляжы з’явіўся кемпінг, дзе можна ўзяць напракат намёты, сапборды, ровары, трэкінгавыя крэслы, спецыяльныя вазкі для людзей з інваліднасцю, дзіцячыя квадрацыклы, багі. Тут пачалі праводзіцца летнікі, квадрасафары, інклюзіўныя паходы і пікнікі.
На сайце пракату альтанак сказана, што на 9‑м пляжы Мінскага мора здаецца «Альтанка «Вігвам» — індзейскі шацёр плошчай 25 м², вогнішчам і электрычнасцю, побач з якім знаходзіцца плывучая саўна на пантоне — «Домік рыбака», які можна арандаваць. Усё гэта належыць юрыдычнай асобе Цімашкова.


Дзмітрый пісаў і пра іншыя заробкі. Напрыклад, што падпрацоўвае дрывасекам.
Апошнія два гады Дзмітрый Цімашкоў менш актыўны ў сацсетках і блогу. Ён амаль не расказвае, як жыве сёння, што адбываецца з ім і з Ліліяй, ці працягваецца тая самая «рабінзанада» на беразе.
Апошняя актыўнасць Цімашкова ў інтэрнэце — пошукі сядзелкі для жанчыны-інваліда ў Лошыцы. Ён раскідваў такую аб'яву па сталічных чатах пошуку працы.
Цяпер чытаюць
Каля Сафіі ў Полацку паставілі помнік лётчыкам Нічыпарчыку і Куканенку. Але нават не самалёт той мадэлі, на якой яны загінулі, а аэраплан сталінскага часу
Каментары