Свет

Як Ізраіль метадычна ліквідуе кожнага ўдзельніка нападу 7 кастрычніка — нават кіроўцу трактара, які прарваў памежную агароджу

Пасля нападу ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года ізраільскія спецслужбы разгарнулі маштабную кампанію па пошуку і знішчэнні ўсіх датычных да гэтай агрэсіі. Гэта аперацыя стала адной з самых персаналізаваных і высокатэхналагічных кампаній па ліквідацыі цэляў у гісторыі сучасных войнаў, піша The Wall Street Journal.

Пахаванне аднаго з кіраўнікоў вайсковага крыла ХАМАС Іза ад-Дзіна аль-Хадада, яго жонкі і дачкі ў Газе. 16 мая 2026 года. Як піша WSJ, аль-Хадад быў адным з апошніх жывых высокапастаўленых арганізатараў атакі 7 кастрычніка, якіх Ізраіль працягваў пераследаваць пасля нападу. Фота: AP Photo / Abdel Kareem Hana

7 кастрычніка 2023 года ХАМАС здзейсніў маштабны напад на Ізраіль: узброеныя групы прарвалі мяжу з сектара Газа і атакавалі вайсковыя аб’екты, гарады і кібуцы на поўдні краіны. У выніку загінулі каля 1 200 чалавек у Ізраілі, а прыкладна 250 былі выкрадзеныя і вывезеныя ў Газу як закладнікі, што стала трыгерам для пачатку вайны Ізраіля супраць ХАМАСа ў Газе.

Як піша WSJ, пасля таго як ізраільскія спецслужбы не здолелі прадухіліць атаку 7 кастрычніка, супрацоўнікі разведкі звярнуліся да кіраўніка ўнутранай службы бяспекі Ізраіля «Шын-Бэт» з прапановай стварыць асобную групу для палявання на ўдзельнікаў нападу.

Яе назвалі NILI — гэта абрэвіятура фразы на іўрыце «Вечны Бог Ізраіля не хлусіць». Назва адсылае да яўрэйскай шпіёнскай сеткі часоў Першай сусветнай вайны і павінна была падкрэсліць: ніхто з нападнікаў не будзе забыты.

Паводле інфармацыі WSJ, у аснову гэтай стратэгіі пакладзены досвед ізраільскіх агентаў пасля Алімпіяды ў Мюнхене 1972 года, калі разведка гадамі палявала на тэрарыстаў па ўсім свеце.

Агенты ваеннай разведкі і «Шын-Бэт» апрацоўваюць тысячы гадзін відэа, якія самі ж баевікі здымалі на тэлефоны і камеры GoPro, а потым выкладалі ў сацыяльныя сеткі. Выкарыстоўваючы праграмы распазнавання твараў, аналіз метаданых мабільных вышак і дапытваючы затрыманых жыхароў Газы, Ізраіль фармуе спіс цэляў.

Паводле ізраільскіх чыноўнікаў, чалавека могуць уключыць у спіс на ліквідацыю без суда, калі ёсць як мінімум два доказы яго ўдзелу ў злачынствах 7 кастрычніка.

Разбураны дом у Кфар-Азе ў выніку нападу ХАМАС. Фота: Amir Levy / Getty Images

Як адзначае WSJ, выяўленне цэляў часам займае дні, месяцы або нават гады. Да перамір’я з ХАМАС супрацоўнікі «Шын-Бэт», арміі і ВПС працавалі разам у адмысловым штабе, дзе адсочвалі кантакты, сем’і і перамяшчэнні падазраваных. Часта сілавікі спадзяваліся, што сваякі або сябры выведуць іх на людзей, якія хаваюцца.

Супрацоўнікі «Шын-Бэт» нават вызначалі прыярытэтнасць цэляў паводле таго, ці могуць іх сем’і атрымаць псіхалагічнае суцяшэнне ад ліквідацыі канкрэтнага чалавека. Унутры службы гэта называлі «лячэннем для душы».

Нават пасля кастрычніцкага перамір’я з ХАМАС і вызвалення апошніх жывых закладнікаў аперацыя працягваецца. Праўда, група NILI скарочаная да некалькіх аператыўнікаў, якія адсочваюць цэлі і перадаюць інфармацыю вайскоўцам у Газе. Ізраіль сцвярджае, што ліквідуе людзей, якія па-ранейшаму могуць прадстаўляць пагрозу — напрыклад, рыхтаваць атакі або набліжацца да пазіцый ізраільскіх войскаў.

12 красавіка ізраільская армія паведаміла пра забойства Алі Самі Махамада Шакры — камандзіра ўзвода ХАМАС, якога вінавацяць у нападзе на фестываль Nova і захопе чатырох закладнікаў.

За тры дні да таго Ізраіль абвясціў пра ліквідацыю баевіка «Ісламскага джыхаду» Абд аль-Рахмана Амара Хасана Худары, якога вінавацяць у нападзе на кібуц Нір-Оз, дзе былі забітыя або выкрадзеныя як мінімум чвэрць жыхароў.

15 мая ізраільская авіяцыя скінула 13 бомбаў на жылы дом і аўтамабіль у Газе, каб забіць Із ад-Дзіна аль-Хадада, аднаго з апошніх жывых высокапастаўленых баевікоў ХАМАС. Хадад не толькі планаваў атаку 7 кастрычніка, але і, паводле сведчанняў вызваленых закладнікаў, адказваў за іх утрыманне ў тунэлях.

Жылы дом у Газе пасля ізраільскага ўдару 15 мая 2026 года, у выніку якога быў забіты Із ад-Дзін аль-Хадад і яго сям'я. Фота: Getty Images

Як піша WSJ, сотні людзей ужо выкраслены са спісу на ліквідацыю. Ізраіль не спыняецца нават перад дробнымі выканаўцамі. Журналісты апісваюць выпадак, калі праз два гады пасля нападу з дапамогай авіяўдару быў знішчаны кіроўца трактара, які ў той дзень прарваў памежную агароджу.

Паралельна з гэтым сотні жыхароў Газы, абвінавачаных ва ўдзеле ў атаках 7 кастрычніка, знаходзяцца пад вартай у Ізраілі ў чаканні суда. Парламент нядаўна прыняў законапраект аб стварэнні адмысловага ваеннага трыбунала для разгляду іх спраў.

Неадназначная ацэнка

Эксперты, апытаныя выданнем, па-рознаму ацэньваюць эфектыўнасць стратэгіі, абранай Ізраілем. Былы высокапастаўлены афіцэр ізраільскай ваеннай разведкі па палесцінскіх справах Міхаэль Мільштэйн даводзіць, што на Блізкім Усходзе помста мае асаблівае значэнне. На яго думку, гэта частка мовы сілы і спосаб прадэманстраваць сур’ёзнасць намераў.

Яго калега, былы высокапастаўлены супрацоўнік «Шын-Бэт» Шалом Бэн Ханан, заявіў, што галоўная мэта — прымусіць будучых ворагаў «двойчы падумаць» пра кошт падобных атак.

З іншага боку, эксперты накшталт запрошанай даследчыцы Еўрапейскага савета па міжнародных адносінах Тахані Мустафы папярэджваюць, што метадычныя забойствы могуць, наадварот, матываваць некаторых далучацца да ўзброеных фармаванняў, асабліва пры адсутнасці палітычнага шляху вырашэння асноўнай праблемы палесцінскай дзяржаўнасці. Яна звяртае ўвага на факт росту колькасці навабранцаў ХАМАС падчас вайны.

Сектар Газа. Здымак ілюстрацыйны. Фота: AP Photo/Abdel Kareem Hana

Экспертка па міжнародным праве Рэйчэл ВанЛандынгем адзначыла, што падчас вайны арміі маюць права забіваць удзельнікаў баявых дзеянняў, у тым ліку членаў недзяржаўных груповак, нават у перыяд перамір’я.

Але, на яе думку, грамадзянскіх асоб, падазраваных у злачынствах, неабходна затрымліваць і судзіць. Пазасудовае забойства грамадзянскіх лічыцца ваенным злачынствам, а галоўная праблема — вызначыць, хто з’яўляецца камбатантам, а хто не.

Ізраільскія вайскоўцы ў сваю чаргу заяўляюць, што міжнароднае права дазваляе ім атакаваць грамадзянскіх асоб, якія прымаюць непасрэдны ўдзел у ваенных дзеяннях.

Нават сярод саміх пацярпелых няма адзінства ў стаўленні да гэтай кампаніі. Так, 64‑гадовая Авіва Сігал, якая правяла ў палоне 51 дзень, заяўляе, што выступае супраць новых забойстваў, бо ёй дастаткова таго, што яна сама засталася жывая.

Тым не менш, як падсумоўвае WSJ, ізраільская аператыўная група NILI працягвае сваю працу, выкрэсліваючы новыя імёны са свайго спісу. Кіраўнік «Масада» Давід Барнэа яшчэ ў пачатку 2024 года заявіў, што гэтая аперацыя можа доўжыцца гадамі — «як пасля Мюнхена», але Ізраіль «дацягнецца да іх усюды».

Каментары

Цяпер чытаюць

Што вядома пра экс-афіцэра Службы бяспекі Лукашэнкі Андрэя Спасава, якога пасадзілі за палітыку1

Што вядома пра экс-афіцэра Службы бяспекі Лукашэнкі Андрэя Спасава, якога пасадзілі за палітыку

Усе навіны →
Усе навіны

МЗС пракаментавала агнястрэльнае раненне беларускага грамадзяніна ў Польшчы5

На Гродзеншчыне ў аварыі загінулі жанчына і гадавалае дзіця2

Прайшлі ператрусы ў офісах кампаніі Royal Partners у Мінску

Лёс Ціхана Клюкача да канца не ясны8

Пяцярых польскіх святароў і аднаго манаха высылаюць з Беларусі4

17‑гадовага блогера Міхаіла Драгуна, які збіраў грошы для лячэння Вані Сцяцэнкі, будуць судзіць. А ягоную 37‑гадовую сяброўку — не4

Mark Formelle выпусціў калекцыю адзення з трактарам Belarus3

Сі Цзіньпін зноў адмовіў Пуціну ў новым кантракце на расійскі газ11

Чарговая ўдзельніца «Міс Беларусь» уладкавалася на працу на СТБ11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што вядома пра экс-афіцэра Службы бяспекі Лукашэнкі Андрэя Спасава, якога пасадзілі за палітыку1

Што вядома пра экс-афіцэра Службы бяспекі Лукашэнкі Андрэя Спасава, якога пасадзілі за палітыку

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць