Гомельскага таксіста асудзілі да калоніі па трох палітычных артыкулах
Ілля Карпаў з Гомеля займаўся вытворчасцю мэблі на заказ і падпрацоўваў таксістам. Але нядаўна 33‑гадовага мужчыну пасадзілі за палітыку.

Іллі Карпаву 33 гады. Мяркуючы па сацсетках, ён родам з Буда-Кашалёўскага раёна, але жыў у Гомелі. З 2018 года працаваў як індывідуальны прадпрымальнік: меў уласны невялікі бізнэс па вытворчасці піламатэрыялаў і рабіў шафы на заказ. Акрамя гэтага, мужчына падпрацоўваў таксістам у Мінску.
У мясцовым чаце Ілля рэгулярна паведамляў пра зламаныя святлафоры, збітыя дарожныя знакі, прапаноўваў ідэі для паляпшэння руху і прасіў паставіць рэгуліроўшчыкаў на праблемныя скрыжаванні. А ў вольны час любіў пагуляць на камп'ютары — у чатах жартаваў, што ягоная старэнькая відэакарта яшчэ нешта можа паказаць.
Аднак яго нармальнае жыццё перарваў палітычны пераслед. Гомельскі абласны суд вынес Іллю Карпаву прысуд адразу па трох артыкулах КК. Мужчыну абвінавацілі ў садзейнічанні экстрэмізму (ч. 1 і ч. 2 арт. 361‑4 КК), абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) і дыскрэдытацыі Беларусі (арт. 369‑1 КК).
Прысуд невядомы, але мужчыне пагражала да сямі гадоў калоніі. Па звестках праваабаронцаў, цяпер Ілля знаходзіцца ў няволі.
«Экстрэмізмам» улады Беларусі лічаць падпіскі на незалежныя каналы, СМІ, наяўнасць спасылак на іх у сацыяльных сетках ці наяўнасць у сацсетках або на рэчах беларускай нацыянальнай, далукашэнкаўскай сімволікі. Да «экстрэмізму» залічваюць таксама практычна ўсялякую крытыку ўладаў, афіцыйных гістарычных наратываў ці праявы салідарнасці з Украінай. Шматлікія крымінальныя справы апошняга часу па артыкуле аб «садзейнічанні экстрэмізму» былі звязаныя са «справай Гаюна».
«Беларускі Гаюн» — маніторынгавы OSINT-праект, які быў створаны ў 2022 годзе, калі Расія праз Беларусь напала на Украіну. Праект адсочваў ваенную актыўнасць расійскіх і беларускіх войскаў, абапіраючыся на інфармацыю ад беларусаў. Каардынавала яго дзейнасць група актывістаў на чале з Антонам Матолькам.
«Справа Гаюна» пачалася пасля таго, як сілавікі затрымалі актывістку, якая некалькі гадоў жыла ў Беларусі ў падполлі. У яе мабільніку знайшлі спасылку на далучэнне ў бот Гаюна, якую ёй дасылалі ў самым пачатку існавання праекта. Фатальная памылка была ў тым, што спасылка была бестэрміновая. А таму сілавікі змаглі падключыцца да бота і выпампаваць адтуль усю інфармацыю. Яны атрымалі паведамленні акаўнтаў, якія пісалі ў бот, а таксама іхнія ID і імёны карыстальнікаў.
Заснавальнік «Гаюна» Антон Матолька адразу пасля ўзлому патлумачыў, як адбыўся выцек інфармацыі і абвясціў пра закрыццё праекта.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЦяпер чытаюць
Каля Сафіі ў Полацку паставілі помнік лётчыкам Нічыпарчыку і Куканенку. Але нават не самалёт той мадэлі, на якой яны загінулі, а аэраплан сталінскага часу
Каментары