Грамадства55

«Накіраваў аўтамабіль у бок паліцыянтаў». У польскай пракуратуры пракаментавалі справу са стральбой па беларусе ў Польшчы

Польскія паліцыянты нібыта беспадстаўна ўжылі агнястрэльную зброю ў дачыненні да 60‑гадовага жыхара Слоніма. З такой заявай выступіў Следчы камітэт Беларусі, дзяржтэлебачанне зняло пра гэта сюжэт, а МЗС апублікавала ўсхваляваную заяву. Але гісторыя беларуса, аўтамабіль якога без прычын зрашэцілі паліцыянты, выклікала шмат пытанняў. Выданне Most накіравала запыт у Акруговую пракуратуру ва Уроцлаве і атрымала адказ, які пралівае святло на здарэнне.

Аўтамабіль беларуса, на якім бачныя адтуліны ад куль. Скрыншот відэа «Беларусь 1»

Што кажуць у Беларусі

Паводле даных Следчага камітэта Беларусі, уначы 12 мая 60‑гадовы ўраджэнец Слоніма ехаў у Польшчы па аўтадарозе S8. Паблізу горада Сыцаў (гэта ў Ніжнесілезскім ваяводстве) «на яго быў учынены беспадстаўны напад з боку польскіх сілавікоў, з ужываннем агнястрэльнай зброі».

Кіроўца атрымаў цяжкія агнястрэльныя раненні галавы і канечнасцяў, а ў аўтамабілі налічылі 29 кулявых адтулін.

Канал «Беларусь 1» пазней паведаміў, што мужчыну даставілі ў бальніцу ў Польшчы, але там нібыта аказалі дапамогу з грубымі парушэннямі, а праз некалькі дзён проста выкінулі, і цяпер беларус можа застацца інвалідам.

Тым не менш, як пазначана ў матэрыялах Следчага камітэта, нягледзячы на цялесныя пашкоджанні, мужчыну «ўдалося перасекчы мяжу, адкуль ён быў экстранна дастаўлены ва ўстанову аховы здароўя ў вельмі цяжкім стане».

Што кажуць ва Уроцлаўскай пракуратуры

Most накіраваў запыт у Акруговую пракуратуру ва Уроцлаве. Ёй падпарадкоўваецца раённая пракуратура ў Алясніцы, якая вядзе справу. 22 мая быў атрыманы адказ за подпісам прэс-сакратара Даміяна Поўнука, які апісвае, што здарылася ўночы 12 мая ў раёне Сыцава.

«Як устаноўлена на гэты момант у ходзе праведзеных расследаванняў, умяшанне ажыццяўлялі супрацоўнікі Крымінальнага аддзела Гарадской камендатуры паліцыі ў Валбжыху. Мэтай іх дзеянняў было затрыманне асоб, якія ўчынілі крадзеж аўтамабіляў марак Citroen і Peugeot.

На трасе S8 у кірунку Алясніцы супрацоўнікі заўважылі транспартны сродак, які адпавядаў апісанню. Рухаючыся за ім, супрацоўнікі паліцыі западозрылі, што аўтамабіль маркі Citroen, за якім вялося назіранне, суправаджаецца кіроўцам аўтамабіля BMW. Абодва транспартныя сродкі з’ехалі на прыдарожную зону абслугоўвання (MOP) у раёне населенага пункта Сыцаў, і супрацоўнікі вырашылі правесці там умяшанне.

Пры ўездзе ў MOP супрацоўнікі паліцыі ўключылі гукавыя і светлавыя сігналы і вырашылі праверыць дакументы ва ўсіх кіроўцаў. Кіроўцу аўтамабіля BMW было загадана пакінуць транспартны сродак, а паколькі ён не рэагаваў, яго выцягнулі з аўтамабіля і надзелі на яго кайданкі. У гэты час кіроўца Citroen пакінуў месца здарэння, наехаўшы на ступню супрацоўніка паліцыі. За ім накіраваўся адзін з патрулёў», — апісвае ход падзей пракуратура.

У нейкі момант да месца стаянкі пад’ехаў яшчэ адзін аўтамабіль — таксама BMW. Верагодна, яго кіроўца быў звязаны з двума іншымі. Мяркуючы па ўсім, гэта быў той самы аўтамабіль, у які стралялі паліцыянты.

«Затым паспрабаваў з’ехаць кіроўца другога аўтамабіля BMW, выконваючы небяспечныя манеўры — рэзка здаючы назад і паварочваючы, а таксама накіроўваючы аўтамабіль у бок супрацоўніка паліцыі, у выніку чаго ў дачыненні да яго была ўжытая агнястрэльная зброя», — апісвае пракуратура.

Пракуратура вядзе дзве справы

У сувязі са здарэннем Раённая пракуратура ў Алясніцы вядзе дзве падрыхтоўчыя справы. Адну — у дачыненні да двух кіроўцаў, якія не спыніліся па патрабаванні паліцыянтаў і ўчынілі на іх напад, накіроўваючы на іх аўтамабілі. Адзін да таго ж наехаў супрацоўніку правапарадку на нагу. Адным з гэтых двух мужчын з’яўляецца паранены беларус. Трэці кіроўца, якога вывалаклі з машыны, фігурантам справы не стаў.

Падрыхтоўчае расследаванне па другой справе тычыцца магчымага перавышэння паўнамоцтваў супрацоўнікамі паліцыі.

«У рамках праведзенага расследавання будзе даследавацца абгрунтаванасць і правільнасць правядзення ўмяшання», — паведамілі ў пракуратуры.

У якім стане быў беларус

Беларускі бок лічыць, што мужчына быў у вельмі цяжкім стане, што, зрэшты, не перашкодзіла яму дабрацца з захаду Польшчы да мяжы з Беларуссю.

Пра інцыдэнт, без пазначэння нацыянальнасцяў кіроўцаў, расказваў польскі тэлеканал TVN. У сюжэце адзначалася, што

«кіроўца атрымаў раненні. Супрацоўнікі аказалі яму першую медыцынскую дапамогу і выклікалі хуткую дапамогу, якая даставіла параненага кіроўцу ў бальніцу. Раненні не пагражалі яго жыццю».

Каментары5

  • Аднак
    22.05.2026
    штосьці адбылося , палякі вымушаныя былі ,,адрэагаваць,, на паведамленьні зь інтэрнэту .
    Беларуса запросяць у пракуратуру , у дарожную паліцыю .
    На ,,апрос,,
    Вінаватых ня будзе , спадарства .
    А беларусу пашана, даехау́ ! да мяжы !
    Паранены !
  • Дикий запад, трэш и угар
    22.05.2026
    Цудоўныя ды прафесiйныя дзеяннi польскай правааховы. Не тое што лукашенкаўскiя рэжымныя карнiкi.
  • Ёсік
    22.05.2026
    Шаноўная рэдакцыя НН, ёсьць канцавіны ў беларускай мове, а не канечнасьці.

Цяпер чытаюць

Усе беларускія банкі пачнуць сачыць за месцазнаходжаннем кліентаў? Альфа-банк ужо папярэдзіў, адмовіцца немагчыма2

Усе беларускія банкі пачнуць сачыць за месцазнаходжаннем кліентаў? Альфа-банк ужо папярэдзіў, адмовіцца немагчыма

Усе навіны →
Усе навіны

Ёсць просты сакрэт, каб бананы захоўваліся даўжэй4

Трамп заявіў пра адпраўку ў Польшчу пяці тысяч амерыканскіх вайскоўцаў9

Пуцін анансаваў на наступны год вучэнні «Шчыт Саюза» ў Беларусі19

Зяленскі яшчэ раз папярэдзіў Лукашэнку пра наступствы ўступлення ў вайну12

Над Мінскам жахаюць эфектныя маланкі ВІДЭА4

У чацвер праходзілі масавыя ператрусы ў беларускіх кватэрах палітэмігрантаў. Стала вядомая іх прычына3

У бібліятэцы Акадэміі навук успомнілі пра беларускага пісьменніка. Але мову, на якой ён пісаў, паслядоўна праігнаравалі21

У цэнтры Вільні беларусы правялі мітынг і нагадалі пра тых, хто застаецца за кратамі ФОТА7

Пад Санкт-Пецярбургам на матацыкле разбіўся расійскі мільярдэр2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Усе беларускія банкі пачнуць сачыць за месцазнаходжаннем кліентаў? Альфа-банк ужо папярэдзіў, адмовіцца немагчыма2

Усе беларускія банкі пачнуць сачыць за месцазнаходжаннем кліентаў? Альфа-банк ужо папярэдзіў, адмовіцца немагчыма

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць