У адпаведнасці з новым пагадненнем Мексіка адмяняе практычна ўсе пошліны на імпарт з ЕС. Акрамя таго, ліквідуюцца бюракратычныя бар’еры ў гандлі, а таксама плануецца спрасціць доступ да дзяржаўных закупак, піша DW.

Пасля дзесяці гадоў перамоваў Еўрапейскі саюз і Мексіка падпісалі абноўленае пагадненне аб гандлі і супрацоўніцтве. «Улічваючы цяперашнюю геапалітычную сітуацыю, наша партнёрства важнае як ніколі», — заявіў у пятніцу ў Мехіка старшыня Еўрапейскай рады Антоніу Кошта.
Як адзначаецца, у адпаведнасці з новым пагадненнем Мексіка адмяняе практычна ўсе мыты на імпарт з краін ЕС. Акрамя таго, ліквідуюцца бюракратычныя бар’еры ў гандлі, а таксама плануецца спрасціць доступ да дзяржаўных закупак. Перад падпісаннем Кошта і кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен сустрэліся з прэзідэнткай Мексікі Клаўдзіяй Шэйнбаум.
Гэта быў першы за апошнія дзесяць гадоў саміт паміж кіраўніцтвам ЕС і другой па велічыні эканомікай Лацінскай Амерыкі.
Паводле слоў фон дэр Ляен, Еўропа мае намер падтрымаць пагадненне інвестыцыямі ў памеры пяці мільярдаў еўра. Гэтыя сродкі павінны пайсці на інфраструктурныя праекты ў Мексіцы.
Мяркуецца рост экспарту Мексікі ў паўтара раза за чатыры гады.
Паводле ацэнак Міністэрства эканомікі Мексікі, новае пагадненне можа павялічыць экспарт краіны ў ЕС да 2030 года прыкладна ў паўтара раза — да каля 31 мільярда еўра за год. Зараз ЕС штогод экспартуе ў Мексіку тавары на 56 млрд еўра, а агульны аб’ём гандлю паміж бакамі за дзесяцігоддзе вырас на 75 працэнтаў.
Новае пагадненне прадугледжвае бязмытны доступ амаль для ўсіх тавараў, у тым ліку для мексіканскага курынага мяса і спаржы, а таксама еўрапейскага сухога малака, сыру і свініны, хоць і з пэўнымі квотамі.
У святле гандлёвай палітыкі цяперашняй адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і іншых глабальных выклікаў ЕС і Мексіка маюць намер дыверсіфікаваць свае гандлёвыя адносіны і ўмацоўваць партнёрства, адзначылі бакі на сустрэчы ў Мехіка. Акрамя гандлёвых пытанняў, новая версія пагаднення таксама ўключае палажэнні па тэмах змянення клімату, правоў чалавека і міжнароднага супрацоўніцтва.
Падпісанне фінальнага пагаднення з Мексікай адбудзецца пасля ратыфікацыі ў рамках ЕС
Паводле справаздачы нямецкага дзяржаўнага знешнегандлёвага агенцтва Germany Trade & Invest, Мексіка мае намер паступова адмяніць мыты на такія прадукты, як мяса птушкі, свініна, сыр і шакалад.
Пагадненне з Еўрасаюзам таксама абараняе геаграфічныя ўказанні паходжання шэрагу прадуктаў: пармскай вяндліны, баварскага піва, тырольскага бекона ды іншых. Пры гэтым ЕС забяспечвае сабе «доступ да найважнейшых сыравінных рэсурсаў» краіны, вынікае з папярэдняга пагаднення.
Пасля завяршэння працэсу ратыфікацыі ў рамках ЕС мяркуецца падпісанне глабальнага пагаднення паміж Бруселем і Мехіка. Дзякуючы Паўночнаамерыканскаму пагадненню аб свабодным гандлі з ЗША і Канадай, Мексіка, насельніцтва якой складае 130 мільёнаў чалавек, з’яўляецца важным вытворчым цэнтрам, у тым ліку для нямецкіх кампаній.
Цяпер чытаюць
Каля Сафіі ў Полацку паставілі помнік лётчыкам Нічыпарчыку і Куканенку. Але нават не самалёт той мадэлі, на якой яны загінулі, а аэраплан сталінскага часу
Каментары