Захад vs Усход. Чаму абласныя цэнтры так адрозніваюцца паміж сабой
Паглядзелі, як адрозніваюцца па дабрабыце Гродна і Брэст ад Гомеля, Віцебска і Магілёва.

Як змянялася насельніцтва
Гомель, самы буйны абласны цэнтр, сёлета страціў статус горада-паўмільённіка — за год насельніцтва скарацілася з 501 193 да 499 853 чалавек.
З абласных цэнтраў прыраслі толькі Гродна (+1184) і Брэст (+1077).
Калі глядзець на дынаміку апошніх 30 гадоў, то колькасць жыхароў павялічылася ва ўсіх абласных цэнтрах, апроч Магілёва. Там у 1996 годзе жылі 356 тысяч чалавек супраць амаль 353 тысяч цяпер.

Але прырост насельніцтва ў Гродне і Брэсце непараўнальна большы, чым у Віцебску і Гомелі.
За апошнія 30 гадоў Гродна вырас з 298 тысяч чалавек да амаль 365 тысяч. Гэта плюс 67 тысяч чалавек, ці каля 22,4% — рэкордны паказчык. Брэст за гэты ж перыяд прырос на 62 тысячы чалавек: з 285 тысяч да 347 тысяч. Гэта плюс 21,8%.
У той жа час у Віцебску насельніцтва вырасла менш, чым на 8 тысяч жыхароў: з 350 тысяч да амаль 358 тысяч.

Насельніцтва Гомеля ў параўнанні з 1996 годам вырасла на 2,5 тысячы чалавек.
Заробкі таксама адрозніваюцца
Заробкі ў абласных цэнтрах на захадзе і ўсходзе краіны таксама адрозніваюцца, і зноў не на карысць усходніх гарадоў.
Сярэднія брута-заробкі за студзень-люты 2026 года па абласных цэнтрах:
-
Брэст — 2726 рублёў;
-
Гродна — 2615 рублёў;
-
Гомель — 2502 рублі;
-
Магілёў — 2487 рублёў;
-
Віцебск — 2313 рублёў.
Згодна з афіцыйнымі лічбамі, сярэдні налічаны заробак у самым заможным абласным цэнтры (Брэст) і самым бедным (Віцебск) адрозніваецца амаль на 18%.
Пры гэтым варта адзначыць, што ў 1996 годзе розніца ў заробках амаль адсутнічала. У 2006‑м у топ-10, апроч Гродна і Брэста, усё яшчэ можна было ўбачыць Магілёў.
Аднак калі глядзець на больш познія паказчыкі, напрыклад, 2016 ці 2020 гады, то становіцца бачна: у топе па заробках застаюцца толькі Гродна і Брэст, якія канкуруюць паміж сабой.

Натуральна, што і цэны на нерухомасць у Брэсце і Гродне традыцыйна больш высокія, чым у абласных цэнтрах на ўсходзе. Сярод усходніх абласных цэнтраў лідарскую пазіцыю як па заробках, так і па цэнах на нерухомасць займае Гомель.
У топе амаль заўжды гэтыя тры гарады
Пра больш камфортнае жыццё на захадзе краіны сведчаць і розныя рэйтынгі.
Паводле даследаванняў Цэнтра новых ідэй, Мінск, Гродна і Брэст традыцыйна займаюць першыя радкі рэйтынгу беларускіх гарадоў. У рэйтынгу ўлічваюцца эканамічны стан, якасць жыцця, дэмаграфічныя паказчыкі, турыстычная прывабнасць.
Так, у 2023‑м на першай пазіцыі апынуўся Брэст, на другой — Гродна, а на трэцяй — Мінск. У 2026‑м у топ-3 быў Мінск, пасля — Брэст, а за ім — Гродна.
Віцебск у апошнім рэйтынгу быў на пятым месцы, Магілёў — на шостым, Гомель — на восьмым.

Падобная ратацыя заўважна і ў абмеркаваннях людзей. Калі ў сацсетках уздымаецца пытанне пераезду ў Беларусь з іншых краін або ўнутры Беларусі, часцей за ўсё, апроч Мінска, разглядаюць менавіта Брэст і Гродна.
Чаму Гродна і Брэст маюць лепшую якасць жыцця?
Адзінага адказу на пытанне, чаму за апошнія трыццаць гадоў менавіта два заходнія абласныя цэнтры вырваліся наперад, няма. Тут грае ролю некалькі фактараў.
На эканоміку двух заходніх абласных цэнтраў пазітыўна ўплывае турызм.
Праз гэта развіваецца гатэльна-рэстаранны бізнэс, а таксама пасуткавая арэнда жытла. Цэны на кватэры на суткі ў Гродне і Брэсце нашмат больш высокія, чым у абласных цэнтрах на ўсходзе.

У адрозненне ад жыхароў абласных цэнтраў на ўсходзе жыхары Гродна і Брэста заўжды мелі дадатковую магчымасць падзарабіць на памежным гандлі.
Асабліва папулярным гэта было ў дакавідныя часы, але нават цяпер хапае людзей, якія дагэтуль зарабляюць на паездках у Польшчу ці Літву. Прычым гэта можа быць як асноўны, так і дадатковы заробак, які нідзе не адлюстроўваецца ў статыстыцы, але будзе ўплываць на дабрабыт жыхароў, у тым ліку ўскосна праз тое, што грошы, заробленыя такім чынам, асядаюць у горадзе.
Апроч кантрабандна-чаўночнага, у гэтых гарадах традыцыйна больш развіты аўтабізнэс. Асабліва ў Гродне, які мяжуе з Польшчай і Літвой.
Праз блізкасць да мяжы з Еўрасаюзам берасцейцам і гарадзенцам прасцей ездзіць туды на заробкі, бо ўмоўны дальнабойшчык з Гродна або Брэста можа лёгка дабрацца ад дому да базы за 2—3 гадзіны, калі віцебчуку ці гамельчуку трэба будзе праехаць праз усю краіну.
Яшчэ адзін чыннік, які можа тлумачыць розніцу паміж захадам і ўсходам краіны, — гэта больш позні прыход саветаў, бо Гродна і Брэст у міжваенны перыяд былі пад Польшчай, а не пад СССР з ягонымі калгасамі. Таму ў Заходняй Беларусі ў большай ступені захаваліся дух прадпрымальнасці і прыватная ініцыятыва.
Каментары
[Зрэдагавана]
[Зрэдагавана]