Грамадства11

«Бангкок лепшы за Лондан». Як беларуска пераехала ў Тайланд і будуе там бізнэс

Піша для devby.io Юлія Байко, экс-сузаснавальніца 12go.asia, найбуйнейшага сэрвісу для пакупкі білетаў у Паўднёва-Усходняй Азіі. Зараз развівае свой уласны праект і жыве ў Бангкоку.

«Зараз я развіваю ўласны праект, добра сябе адчуваю ў Тайландзе і ўсё часцей думаю, што пасля Лондана Бангкок — найлепшы горад для мяне. Расказваю, як уладкавана маё жыццё ў сталіцы Тайланда: колькі яно каштуе, як тут працуюць і за што я так палюбіла Бангкок», — піша яна.

Колькі каштуе жыццё ў Тайландзе

  • Жыллё. Можна знайсці бюджэтныя варыянты ў раёне $300—400, але гэта будзе даволі сціплае жыллё. Камфортны кандамініум з басейнам, спартзалай і паркоўкай будзе каштаваць каля $600—800 у месяц. А ад $1,000 — яшчэ больш прасторныя і камфортныя апартаменты.
  • Страхоўка. У Тайландзе вельмі добрая медыцына. Але даволі дарагая. У сярэднім страхоўка з пакрыццём няшчасных выпадкаў, смерці і стацыянарам абыходзіцца прыкладна ў $400—500 у месяц. Некаторыя жывуць без страхоўкі, але гэта ўжо пытанне асабістай гатоўнасці да рызык.
  • Ежа. Харчавацца можна вельмі па-рознаму: ад дастаткова бюджэтнага варыянту да рэгулярных рэстаранаў ці дастаўкі на дом. У сярэднім я б закладвала прыкладна $500—1,000 у месяц.
  • Астатнія выдаткі — камуналка, бытавыя траты, шопінг, масажы і іншыя дробязі — могуць пачынацца прыкладна ад $500 у месяц. Калі патрэбна машына ў доўгатэрміновую арэнду, гэта яшчэ каля $500—600 зверху. Купіць аўтамабіль у Тайландзе з салона можна ад $10,000 з добрай растэрміноўкай.

Так што для эканомнага жыцця на аднаго чалавека можна разлічваць ад $1,500 у месяц. Для камфортнага ўзроўню я б арыентавалася на $2,000—2,500. Калі хочацца жыць ужо зусім добра — з класным жыллём, машынай, рэстаранамі, спа і іншымі прыемнымі рэчамі — лепш закладваць $3,000—4,000 у месяц. А далей ужо ўсё залежыць ад асабістых запытаў.

Праца і візы

Зараз для тых, хто хоча пажыць у Тайландзе і працаваць выдалена, стала больш варыянтаў, чым раней.

Адзін з іх — DTV Visa (віза для лічбавых качэўнікаў). Трэба паказаць, што ты афіцыйна працуеш дыстанцыйна, і гэта павінна быць прапісана ў кантракце і мець прыкладна $15 тысяч на рахунку. Такая віза даецца на пяць гадоў, і можна выязджаць з краіны. Працаваць унутры краіны на тайскага працадаўцу афіцыйна па гэтым тыпе візы нельга.

Іншы варыянт — шукаць працу ўжо на месцы. Фармальна можна прыехаць турысткай, хадзіць на сумоўі, атрымаць офер. Але калі кампанія вырашыць наняць вас, то трэба будзе рабіць дакументы па-за Тайландам. Напрыклад, у суседніх Малайзіі ці В'етнаме.

Працу шукаюць праз лакальныя парталы накшталт JobsDB, LinkedIn і нетворкінг. На лакальным рынку часта хочуць, каб чалавек гаварыў і па-тайску, і па-англійску. Але замежнікаў таксама бяруць, калі ў цябе моцны досвед. У асноўным заробкі ніжэйшыя, чым у еўрапейскіх кампаніях, але на тым жа ўзроўні ці нават вышэй для топ-менеджараў, бо ў Бангкоку шмат офісаў міжнародных кампаній.

Бангкок — найлепшы для мяне горад

Калісьці да Тайланда я некалькі гадоў пражыла ў Лондане. І зараз дакладна магу сказаць, што Бангкок для мяне — найлепшы горад. Тут таксама ёсць вечарыны, рэстараны, знаёмствы, міжнароднае асяроддзе, вялікія кампаніі, дзелавое жыццё.

Але ўладкавана інакш, больш падладжваюцца пад працуючых людзей. Напрыклад, фестывалі ці івенты пачынаюцца ў 7—8 вечара і заканчваюцца апоўначы. Хочаш працягваць — ідзі ў клуб. Не хочаш — спакойна едзеш дадому і на наступны дзень працуеш. Для мяне гэта нармальны life-work balance.

І тут вельмі добры доступ да адпачынку. У кандамініумах, у якіх жывуць экспаты, прама ў будынку могуць быць басейн, сауна, спа-зона, зімовы сад. Унізе абавязкова 7‑Eleven (папулярная сетка крамаў ля дома), масажны салон, кафэ. Ну і цэны вельмі прыемныя. У Лондане масаж сярэдняй якасці будзе каштаваць $150, тады як у Бангкоку ты аддасі $10. І гэта будзе выдатна.

А яшчэ Бангкок вельмі бяспечны горад. У Лондане мне бывала страшна ісці па некаторых раёнах нават днём. А ў Бангкоку я амаль забылася, што такое пастаянна напружвацца. Я магу прайсці па вуліцы ў шортах і топе, магу апынуцца ў не самым прыгожым раёне, і не адчуваць пагрозы. Тайцы — будысты, і ў іх культуры нельга красці ці рабіць дрэнна іншаму чалавеку.

Спачатку спякота вымотвае, потым арганізм перабудоўваецца

Клімат — асобная гісторыя. У Тайландзе стабільна горача, прыкладна 30 градусаў нават увечары. У першы час гэта можа быць знясільваюча. Але праз паўгода я акліматызавалася, нават перастала так моцна пацець. Нашмат больш часу праводжу ў закрытых прасторах, гуляю толькі па вечарах.

І гэта больш прыемна, таму што ў Мінску мне трэба было заўсёды глядзець прагноз надвор'я, і рэзкія перапады тэмператур дрэнна адбіваліся на здароўі. Тут жа ўсё вельмі стабільна, і на мой погляд, гэта нават лепш.

Вельмі дапамагае тое, што ў горадзе пастаянна ёсць вада побач з табой: басейн у доме, мора не бясконца далёка, спа, лазні. Я, дарэчы, толькі ў Тайландзе навучылася хадзіць у лазню. Выходзіш распарэная, скачаш у прахалодны басейн — і табе не холадна.

За тры гады ў мяне нават імунітэт памяняўся. Я стала менш хварэць, але пры гэтым пачала мерзнуць. Раней была загартаваная, а цяпер пры +15 мне ўжо холадна, хочацца апрануцца цяплей.

Я ўсё роўна чужая

Культура ў Тайландзе моцна адрозніваецца ад беларускай. Я не магу сказаць, што цалкам разумею тайцаў. Часам мне здаецца, што яны крыху падобныя да нас: спакойныя, мяккія, усміхаюцца, не любяць прамых канфліктаў.

І ў працы, напрыклад, трэба быць нашмат мякчэйшай. Мне калісьці далі добрую параду: калі хочаш патлумачыць штосьці складанае джуну ці мідлу, уяві, што перад табой пяцігадовае дзіця. То бок трэба ўсё спрашчаць, не ціснуць, тлумачыць максімальна ясна. І з тайцамі важна будаваць сацыяльнае ўзаемадзеянне. Яны любяць, калі ёсць кантакт, калі бос ці партнёр не проста раздаў задачы, а выйшаў з камандай, пагаварыў, правёў час разам.

Але тут вельмі прыязныя людзі, таму я атрымліваю шмат цяпла. Ды і тут вельмі шмат замежнікаў з розных канцоў свету. У гэтым сэнсе Бангкок падобны да Лондана. Часам нават стамляешся сацыялізавацца.

Але ў вялікага горада ёсць і адваротны бок. Сувязі часта кропкавыя. Каб убачыцца, трэба доўга ехаць, загадзя планаваць, падладжвацца пад графікі. Гэта не Варшава, дзе шмат беларусаў і можна хутка сабраць блізкае кола.

Я адна пераязджала і, канешне, мне было складана, хоць кампанія і дапамагала, але адзінота часам прыносіла пакуты. Былі моманты такой тугі па доме, па сям'і, любімых, родных. Таму што гэта вельмі далёка. Любая паездка дадому — гэта мінімум каля $2 тысяч туды-назад і амаль суткі ў дарозе. Таму пакуль што я з цяжкасцю, але тэстую паездкі ў Мінск/Варшаву і назад.

Каментары1

  • Ну і
    29.05.2026
    [Рэд. выдалена]

    [Зрэдагавана]

Цяпер чытаюць

Новы пасол Украіны па пытаннях Беларусі: «Прызнаём Ціханоўскую лідарам. А ў Лукашэнкі няма манаполіі на голас народа»35

Новы пасол Украіны па пытаннях Беларусі: «Прызнаём Ціханоўскую лідарам. А ў Лукашэнкі няма манаполіі на голас народа»

Усе навіны →
Усе навіны

Вайсковыя вучэнні з дыверсантамі і апалчэнцамі пройдуць у двух раёнах Віцебшчыны8

«Хацеў сустрэць кракадзілаў і бегемотаў». Беларус зладзіў адзіночны сплаў па рацэ Лімпапо

Кадэбэшнікі тэлефануюць беларусам у эміграцыі праз іх сяброў — чаго хочуць?27

Вербавы лабірынт, арэлі і лежакі. Якія новыя зоны адпачынку ўладкуюць у Фрунзенскім раёне

Многія добраахвотнікі абурыліся тым, каму далі ўзнагароды ад Ціханоўскай у Кіеве. Баркоўскі адказаў48

«Алеся» і «Марыя» пройдуць пад Свіслаччу. Як у сталіцы будуюць трэцюю лінію метро

Хітры беларус змяніў імя і прозвішча, каб абысці забарону на ўезд у Фінляндыю. Але не пракаціла13

Праўладная блогерка Анджыліша, якая канфліктавала з кампаніяй нявесткі Лукашэнкі, выйшла замуж8

У Талачынскім раёне на чыгуначным пераездзе захрас аўтавоз

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Новы пасол Украіны па пытаннях Беларусі: «Прызнаём Ціханоўскую лідарам. А ў Лукашэнкі няма манаполіі на голас народа»35

Новы пасол Украіны па пытаннях Беларусі: «Прызнаём Ціханоўскую лідарам. А ў Лукашэнкі няма манаполіі на голас народа»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць