Апублікавалі фота абломкаў дрона, якія ўпаў у Румыніі — гэта дакладна «Герань-2»
Прэзідэнт Румыніі Нікушор Дан паведаміў, што дрон, які ўпаў на жылы дом у румынскім горадзе Галац, быў расійскі, і апублікаваў фота яго абломкаў.

«На знойдзеных фрагментах быў ідэнтыфікаваны надпіс кірыліцай «Герань-2», а прааналізаваныя электронныя кампаненты, навігацыйныя сістэмы, блокі кіравання, рухавік і канструктыўныя элементы дэманструюць падобнасць, аж да ідэнтычнасці, з іншымі беспілотнікамі «Герань-2», знойдзенымі раней на тэрыторыі Румыніі і з упэўненасцю ідэнтыфікаванымі як вырабленыя ў Расійскай Федэрацыі.
У справаздачы таксама адзначаецца, што завадская маркіроўка, тэхнічныя надпісы, канструктыўныя характарыстыкі і выкарыстаныя матэрыялы адпавядаюць таму ж тэхналагічнаму працэсу, які сустракаўся ў беспілотніках «Герань-2», прааналізаваных за апошнія гады», — напісаў Нікушор Дан у X.

«Той факт, што падобная прылада трапіла ў жылы дом у Румыніі, прычыніўшы траўмы і матэрыяльны ўрон, мае асаблівую сур'ёзнасць, і адзіным адказным бокам з'яўляецца Расія», — дадаў ён.
Уладзімір Пуцін раней заяўляў, што няма дастатковых доказаў датычнасці Расіі да інцыдэнту. Ён таксама дапусціў, што дрон мог быць украінскім, і прапанаваў перадаць яго фрагменты для расследавання ў Расію.
Беспілотнікі «Герань» Расія пачала прымяняць для атакі Украіны з восені 2022 года.
Каментары