Айцішніка з рэдкім прозвішчам Кашэпава судзілі па палітычнай справе
Выпускніка Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі адправілі на хімію з накіраваннем.

Сяргею Кашэпаву 41 год. Ён са Смілавіч, апошнім часам жыў у Мінску. У 2006 годзе Сяргей скончыў «вышку» ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі (раней — Вышэйшы каледж сувязі).
Яшчэ са школы ён быў радыёаматарам. А ў 2017 годзе пачаў самастойна вывучаць праграмаванне, пачынаючы з тэхналогій Arduino і Web. У 2020 годзе мужчына паспяхова скончыў курсы па Android-распрацоўцы ад RSschool.
Пасля навучання Кашэпава пачаў кар'еру ў IT. З 2021 па 2025 гады Сяргей працаваў Android-распрацоўшчыкам у кампаніях Transistor Apps і Createx. Ён ствараў мабільныя дадаткі, працаваў са штучным інтэлектам, геалакацыяй і 3D-мадэлямі.
У вольны час Сяргей займаецца будаўніцтвам на ўласным участку, а таксама шмат падарожнічаў па беларускіх азёрах. Таксама ён захапляўся маржаваннем і купаўся круглы год.
Нядаўна Сяргея асудзілі ў Мінскім абласным судзе. Яго абвінавацілі паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 Крымінальнага кодэкса Беларусі, садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.
Сяргею прысудзілі абмежаванне волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу (хімія з накіраваннем). Тэрмін нам невядомы.
«Экстрэмізмам» улады Беларусі лічаць падпіскі на незалежныя каналы, СМІ, наяўнасць спасылак на іх у сацыяльных сетках ці наяўнасць у сацсетках або на рэчах беларускай нацыянальнай, далукашэнкаўскай сімволікі. Да «экстрэмізму» залічваюць таксама практычна ўсялякую крытыку ўладаў, афіцыйных гістарычных наратываў ці праявы салідарнасці з Украінай.
Шматлікія крымінальныя справы апошняга часу па артыкуле аб «садзейнічанні экстрэмізму» былі звязаныя са «справай Гаюна».
«Беларускі Гаюн» — маніторынгавы OSINT-праект, які быў створаны ў 2022 годзе, калі Расія праз Беларусь напала на Украіну. Праект адсочваў ваенную актыўнасць расійскіх і беларускіх войскаў, абапіраючыся на інфармацыю ад беларусаў. Каардынавала яго дзейнасць група актывістаў на чале з Антонам Матолькам.
«Справа Гаюна» пачалася пасля таго, як сілавікі затрымалі актывістку, якая некалькі гадоў жыла ў Беларусі ў падполлі. У яе мабільніку знайшлі спасылку на далучэнне ў бот Гаюна, якую ёй дасылалі ў самым пачатку існавання праекта. Фатальная памылка была ў тым, што спасылка была бестэрміновая. А таму сілавікі змаглі падключыцца да бота і выпампаваць адтуль усю інфармацыю. Яны атрымалі паведамленні акаўнтаў, якія пісалі ў бот, а таксама іхнія ID і імёны карыстальнікаў.
Заснавальнік «Гаюна» Антон Матолька адразу пасля ўзлому патлумачыў, як адбылася ўцечка інфармацыі, і абвясціў пра закрыццё праекта.
Паводле падлікаў аб'яднання сілавікоў «Белпол» і праваабаронцаў, вядомыя імёны 9594 людзей, якія падпалі пад палітычна матываваныя крымінальныя справы. Усяго тыя ці іншыя палітычныя рэпрэсіі (крыміналкі, адміністратыўкі, звальненні, ператрусы) зачапілі каля 500 тысяч беларусаў. Некалькі соцень тысяч людзей вымушаныя былі пакінуць краіну.
Каментары