Культура22

Парфенон без рыштаванняў. У Афінах завяршылі рэстаўрацыю заходняга фасада галоўнага храма антычнасці

Улады Грэцыі абвясцілі пра заканчэнне важнага этапу рэстаўрацыі Парфенона. З заходняга фасада помніка, вядомага са школьных падручнікаў, канчаткова знялі масіўныя будаўнічыя рыштаванні, якія хавалі яго каля дваццаці гадоў. Упершыню за больш чым два стагоддзі гэтая частка храма паўстала перад наведвальнікамі ў максімальна поўным і цэласным выглядзе.

Заходні фасад Парфенона пасля шматгадовай рэстаўрацыі. Фота: Міністэрства культуры Грэцыі

Як заявіла міністарка культуры Грэцыі Ліна Мендоні, завяршэнне гэтага складанага этапу дазволіла вярнуць храму яго архітэктурную цэласнасць.

«Сёння мы бачым заходні франтон Парфенона такім, якім яго не бачылі два стагоддзі. Выдовішча сапраўды захоплівае дух. Франтон, які пакаленні грэкаў і гасцей з усяго свету прывыклі бачыць няпоўным, вярнуў сваю архітэктурную еднасць. Гэта момант гістарычнага значэння для сусветнай культуры», — адзначыла міністр.

Галоўнай задачай рэстаўратараў на гэтым этапе было аднаўленне геаметрычнай і структурнай цэласнасці заходняга франтона. Для гэтага ў пустыя прамежкі ўсталявалі два вялікія артастаты. У класічнай архітэктуры артастатамі называюць буйныя вертыкальныя каменныя блокі або пліты.

Заходні фасад Парфенона ў рыштаваннях у 2017 годзе. Фота: Wikimedia Commons

Першы такі блок спецыялісты скрупулёзна сабралі з арыгінальных антычных фрагментаў, запоўніўшы пустоты новым мармурам. Другі артастат давялося цалкам выразаць уручную з цэльнага кавалка каменя, каб ён дакладна адпавядаў памерам згубленага арыгінала. Мармур для дапаўненняў здабывалі ў тых самых каменяломнях гары Пентэлікон, адкуль бралі матэрыял старажытныя афіняне ў V стагоддзі да нашай эры.

Завяршэнне працы на заходнім фасадзе — гэта вынік сучаснага, навуковага падыходу да рэстаўрацыі, які пачаўся ў 1975 годзе са стварэннем Камітэта па захаванні помнікаў Акропаля.

Пры правядзенні прац сучасныя інжынеры катэгарычна адмовіліся ад выкарыстання жалеза. Менавіта жалезныя заціскі і бетон, якія масава выкарыстоўваліся падчас папярэдняй маштабнай рэканструкцыі Акропаля ў 1898—1938 гадах пад кіраўніцтвам Ніколааса Баланаса, нанеслі помніку катастрафічную шкоду. З часам жалеза пачало іржавець і пашырацца, літаральна разрываючы мармур знутры.

Сёння ўсе злучэнні робяцца выключна з дапамогай тытанавых стрыжняў, якія не паддаюцца карозіі і маюць каэфіцыент цеплавога пашырэння, блізкі да мармуру.

Заходні фасад Парфенона ў 1990 годзе. Фота: Wikimedia Commons

Парфенон моцна пацярпеў яшчэ ў 1687 годзе, калі падчас аблогі Афін венецыянскімі войскамі ўнутры яго выбухнуў порах, схаваны тут асманамі. Пазней, у пачатку XIX стагоддзя, брытанскі пасол лорд Элгін вывез з Афін значную частку ацалелых скульптур заходняга фасада (спрэчкі аб іх вяртанні паміж Грэцыяй і Брытанскім музеем не сціхаюць дагэтуль). Усталяванне новых артастатаў і ўмацаванне апорных муроў дазволіла часткова залячыць гэтыя гістарычныя раны.

Нягледзячы на тое, што заходні фасад набыў завершаны выгляд, агульная рэстаўрацыя Парфенона працягваецца. Цяпер фокус увагі спецыялістаў пераносіцца ўнутр храма — да аднаўлення сцен цэлы. Цэла — гэта галоўнае ўнутранае памяшканне антычнага храма, дзе калісьці стаяла гіганцкая статуя багіні Афіны працы Фідзія.

Пры аднаўленні афінскага Акропаля была вынайдзена рэстаўрацыйная методыка анастылозу — калі раскіданыя па тэрыторыі помніка мармуровыя блокі і архітэктурныя дэталі вяртаюцца на свае месцы, а візуальная цэласнасць і канструкцыйная трываласць забяспечваецца ўстаўкамі з новага мармуру. Фота: ysma.gr

Пры гэтым варта разумець, што ў адрозненні ад сучасных цэркваў ці касцёлаў, цэла ніколі не была малітоўнай залай для вернікаў. У антычнасці яна лічылася літаральным «домам багіні», куды мелі доступ толькі жрацы. Усе масавыя набажэнствы, рытуалы і ахвярапрынашэнні заўсёды адбываліся звонку, перад храмам ля вялікага алтара.

Праект па аднаўленні цэлы разлічаны прыкладна на 15 гадоў. Плануецца вярнуць на гістарычныя месцы каля 360 арыгінальных мармуровых блокаў, якія цяпер раскіданыя па тэрыторыі Акропаля, дадаўшы да іх каля 90 новых. Мэта — аднавіць паўночную і паўднёвую сцены памяшкання на вышыню да 10 метраў. Паколькі гэтыя працы будуць ісці выключна ўнутры, яны больш не патрабуюць масіўных знешніх рыштаванняў, што дазволіць наведвальнікам бесперашкодна бачыць знакамітыя антычныя калоны.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары2

  • Ё
    22.06.2026
    Трэба вітаць аднаўленне Парфенону. Такія ключавыя для цывілізацыі будынкі мусяць заставацца з намі яшчэ на тысячы гадоў і пакідаць іх у некранутым выглядзе, як таго патрабуюць некаторыя людзі, - нельга, бо яны разбурацца. тое самау і ў Беларусі. Маляўнічыя руіны добра выглядаюць, але надвор'е і час знішчаць ус што заўгодна. Таму проста неабходна аднаўляць нашыя замкі і культавыя месцы, каб яны заставаліся сведчаннем тутэйшай гісторыі яшчэ не адно стагоддзе. Проста любавацца маляўнічымі руінамі тут і зараз, гэта эгаістычна ў дачыненні да будучых пакаленняў, бо яны ўжо нічым не змогуць любавацца.
  • Алик
    22.06.2026
    Хвала Перкунасу.

Цяпер чытаюць

Падпалкоўніка з факультэта вайсковай разведкі судзяць за «здраду дзяржаве» па справе, якая выглядае палітычнай. Што пра яго вядома?3

Падпалкоўніка з факультэта вайсковай разведкі судзяць за «здраду дзяржаве» па справе, якая выглядае палітычнай. Што пра яго вядома?

Усе навіны →
Усе навіны

Хто з беларускіх бізнэсаў увайшоў у топ-501 найбуйнейшых кампаній Латвіі1

Як на ўскраіне Мінска будуецца квартал панэльных таўнхаусаў ФОТЫ2

Музыка, маляванне і танцы ў школах і гімназіях — усё? Што вядома пра скарачэнні настаўнікаў-эстэтыстаў13

Максім Знак: Уся краіна — гэта вялікая калонія8

ЗША тэрмінова вывелі з Брытаніі ўсе бамбардзіроўшчыкі B-1 пасля меркаванай падрыхтоўкі тэракту на авіябазе3

Крышціяну Раналду можа вярнуцца ў зборную Партугаліі

На Планернай гары ў Мінску пачалася вялікая будоўля1

Чалавек гадамі ходзіць па брытанскіх судах і патрабуе беларускага перакладчыка, хоць сам піша па-англійску3

Муравейка будзе аналізаваць сацсеткі і займацца зваротамі людзей

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Падпалкоўніка з факультэта вайсковай разведкі судзяць за «здраду дзяржаве» па справе, якая выглядае палітычнай. Што пра яго вядома?3

Падпалкоўніка з факультэта вайсковай разведкі судзяць за «здраду дзяржаве» па справе, якая выглядае палітычнай. Што пра яго вядома?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць