Грамадства2424

Статкевіч заклікаў Лукашэнку не збіваць украінскіх дронаў, калі яны будуць ляцець на расійскія рэтранслятары

Размяшчэнне расійскіх вышак для навядзення дронаў на беларускай тэрыторыі — гэта прамы саўдзел у вайне, які робіць паветраны ўдар з боку Украіны законным, разважае Мікола Статкевіч. Палітык перакананы: калі Крэмль адмовіцца прыбраць сваю інфраструктуру па-добраму, беларускім уладам выгадней проста заплюшчыць вочы на ўкраінскую атаку, чым увязацца ў паўнавартасны абмен ударамі.

Мікалай Статкевіч. Фота: сацсеткі палітыка

Статкевіч піша, што яго стаўленне да ўльтыматуму Зяленскага з патрабаваннем прыбраць расійскія рэтранслятары, відавочнае — «каму ў Беларусі спадабаецца, калі нашу краіну будуць абстрэльваць дронамі ды ракетамі».

Але справа не ў стаўленні, а ў тым, каб не дапусціць эскалацыі канфлікту, кажа ён, бо Украіна, мяркуе Статкевіч, нанясе паветраны ўдар па тых рэтранслятарах, калі іх не прыбраць. 

Ён кажа, што рэтранслятары для навядзення дронаў — важная частка расійскай інфраструктуры паветраных удараў, бо выкарыстоўваць для навядзення дронаў спадарожнікавую сістэму Ілана Маска Starlink Расія зараз не можа.

«Размяшчэнне расійскіх рэтранслятараў у сябе — прамы і відавочны саўдзел у расійскіх паветраных ударах. Вельмі імаверна, што гэтыя рэтранслятары скарыстоўваліся для ўдараў па Кіеву і па Кіева-Пячэрскай лаўры. Адлегласці ад нашай мяжы да Кіева, ды яшчэ пры выкарыстанні вышак, пра якія згадвае Зяленскі, гэта дазваляюць. Таму Украіне жыццёва неабходна нейтралізацыя такіх рэтранслятараў. Пры тым, Кіеў мае магчымасць спасылацца на міжнароднае права і рэалізацыю свайго законнага права на самаабарону. Ды й узгадаць ролю Беларусі ў расійскім «бліцкрыгу» ў 2022 годзе», — піша ён.

Ён дадае, што наўрад ці Масква дазволіць «тутэйшаму «суверэну» прыбраць яе рэтранслятары ці, хаця б, перанесці іх далей ад украінскай мяжы. «Тым болей, што яна зацікаўлена ўцягнуць Беларусь у вайну на сваім баку, — мяркуе Статкевіч.

Таму, хутчэй за ўсё, удар па рэтранслятарах будзе нанесены, дадае ён.

Але галоўнае зараз, каб украінскі ўдар абмежаваўся толькі гэтымі рэтранслятарамі ды не прывёў да эскалацыі канфлікту і ўцягвання нашай краіны ў вайну, лічыць Статкевіч. 

«Беларускаму рэжыму прыйдзецца неяк жа адказваць на ўдар, калі той здарыцца. Будзе складана абмежавацца толькі дыпламатычнымі дэмаршамі, бо такі адказ выкліча нэгатыўную рэакцыю расчараванага Крамля і яго прапаганды. Але гэтую рэакцыю можна перажыць. Калі ж адказаць ударам на ўдар, то мяжа паміж Украінай і Беларуссю, большасць якой праходзіць па палескіх балотах, абцяжарвае наземныя дзеянні войскаў.

У выніку, канфлікт ад пачатку ці праз некаторы час непазбежна пяройдзе ў абмен ракетнымі і дронавымі ўдарамі. Некалькі дзясяткаў беларускіх «Паланэзаў» і расійскіх «Іскандэраў» скончацца хутка. Нават, калі Масква і падзеліцца яшчэ некалькімі сотнямі «Шахедаў»(ці «Гераняў»), усё роўна, гэты абмен ударамі вельмі хутка пяройдзе ў стадыю аднабаковых удараў Украіны, бо яе перавага, нават перад РФ, у масавай вытворчасці і дакладным прымяненні дронаў сярэдняй і вялікай дальнасці робіцца відавочнай.

А пра Беларусь і казаць няма пра што. Я нават не маю на ўвазе рызыку для рэжыма ва ўзбраенні вялікай колькасці дарослых беларусаў у выпадку канфлікту «на зямлі». Але, пры масавых паветраных ударах Украіны, з'явяцца рэальныя пагрозы не толькі для беларускай прамысловасці ды інфраструктуры, але і для ўсіх грамадзян нашай краіны. Такіх пагроз лепей пазбегнуць», — піша Статкевіч. 

Што ж рабіць беларускім уладам, каб не дапусціць негатыўнага развіцця падзей?

Ён лічыць, што калі проста цягнуць час, ёсць імавернасць нарвацца на раптоўны ўдар, што павялічвае рызыку чалавечых ахвяр.

«Думаю, што, у любым выпадку, трэба наладзіць сістэму апавяшчэння грамадзян аб паветранай пагрозе ў паласе ад украінскай мяжы да гэтых рэтранслятараў, абавязаць мясцовыя ўлады і вясковае насельніцтва ў гэтай паласе абсталяваць бамбасховішчы, хоць у падвалах шматкватэрных дамоў ці нават ва ўласных склепах», — піша ён.

Акрамя таго, ён лічыць, што не трэба імкнуцца збіваць украінскія дроны і ракеты сродкамі беларускай супрацьпаветранай абароны.

«Зенітных ракет мала і яны дарагія, а галоўнае — навошта збіваць тое, што ляцяць да расійскіх рэтранслятараў? Толькі, каб абломкі тых украінскіх дронаў ці беларускіх зенітных ракет падалі на галовы мірнага насельніцтва?

І ўжываць беларускія сродкі радыёэлектроннай барацьбы таксама не варта — невядома куды паляціць збітая з маршруту ракета ці дрон.

Карацей, калі Пуцін адмовіцца прыбраць свае рэтранслятары, то іх прыбярэ Зяленскі. Тутэйшыя ўлады могуць нават перадаць апошняму — прыбірай, замінаць не будзем.

Толькі далей біць не трэба. Як у тым анекдоце: «Ды чаго ўжо там — ляпі!»

Для беларусаў галоўнае — захаваць сваіх суграмадзян і не даць яшчэ больш уцягнуць нашу краіну ў чужую вайну», — піша Статкевіч. 

Каментары24

  • Indrid Cold
    22.06.2026
    Вельмі слушна, не трэба збіваць - навошта гінуць за расею?
  • Не такой уж и хитрый
    22.06.2026
    Хітры дзік, а чьё ПВО может?
  • нябачная радарам рука рынка
    22.06.2026
    Пастаўкі нафтапрадуктаў у рф выраслі ў 13 разоў, прыбыткі рэжыму выраслі адпаведна. СБС УСУ - драйвер луканомікі і гарант стабільнасці, перашкаджаць ім - страляць у нагу. То хай лятуць у Усць-Лугу, у Кранштад праз Беларусь - так карацей.

Цяпер чытаюць

Як склаўся лёс інтэрнацыянальных дзяцей, якіх выхоўвалі ў Жодзіне ў першым у Беларусі дзіцячым доме сямейнага тыпу?4

Як склаўся лёс інтэрнацыянальных дзяцей, якіх выхоўвалі ў Жодзіне ў першым у Беларусі дзіцячым доме сямейнага тыпу?

Усе навіны →
Усе навіны

Асцярожна: у веганскіх прадуктах удвая больш харчовых дабавак, чым у мясных аналагах1

Юрый Дракахруст скончыў працу на «Радыё Свабода»50

«90 пародзістых коней высяляюць на вуліцу». Што адбываецца ў Ратамцы?10

Жанчына везла з Францыі больш за 72 тысячы даляраў — брэсцкія мытнікі іх канфіскавалі3

УСУ спалілі нафтаперапрацоўчы завод у Краснадарскім краі 18

Тэмпературны кантраст у Беларусі: ранкам на захадзе краіны вышэй за 31 градус, на ўсходзе +181

Навошта ў хрушчоўках рабілі акно з ванны ў кухню14

Лукашэнка паляцеў з Расіі ў азіяцкае турнэ17

Мінск плавіцца ад спякоты. Глядзіце, што робіцца на гарадскіх пляжах31

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як склаўся лёс інтэрнацыянальных дзяцей, якіх выхоўвалі ў Жодзіне ў першым у Беларусі дзіцячым доме сямейнага тыпу?4

Як склаўся лёс інтэрнацыянальных дзяцей, якіх выхоўвалі ў Жодзіне ў першым у Беларусі дзіцячым доме сямейнага тыпу?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць