Яго прызналі вінаватым у двух згвалтаваннях і хатнім гвалце.

Акруговы суд Осла вынес прысуд па гучнай крымінальнай справе ў дачыненні да 29‑гадовага Марыуса Борга Хёйбі — старэйшага сына кронпрынцэсы Нарвегіі Метэ-Марыт. Суд прызнаў яго вінаватым у двух эпізодах згвалтавання, а таксама ў гвалце над былой дзяўчынай, і пакараў 4 гадамі пазбаўлення волі, піша ВВС.
Калегія з трох суддзяў разглядала чатыры эпізоды згвалтавання, якія інкрымінаваліся Хёйбі. Сам падсудны цалкам адмаўляў сваю віну. У выніку суд палічыў даказанымі два выпадкі — згвалтаванне ў 2018 годзе на тэрыторыі Скаўгума — афіцыйнай рэзідэнцыі кронпрынца і кронпрынцэсы, а таксама згвалтаванне ў сакавіку 2024 года ў Осла, дзе ахвяра знаходзілася ў бездапаможным стане або спала пасля вечарыны.
Ключавым доказам па гэтым эпізодзе сталі відэазапісы, якія Хёйбі сам здымаў на мабільны тэлефон.
Па двух іншых эпізодах Хёйбі быў апраўданы за недахопам доказаў.
Акрамя таго, сын кронпрынцэсы прызнаны вінаватым у сістэматычным гвалце ў дачыненні да сваёй былой партнёркі, вядомай нарвежскай інфлюэнсеркі Норы Хаўкланд.
Пракуроры патрабавалі для падсуднага значна больш суровага пакарання — 7 гадоў і 7 месяцаў турмы. Аднак суд спыніўся на чатырох гадах зняволення.
Сам асуджаны не прысутнічаў у залі суда асабіста, а слухаў 128‑старонкавы вердыкт па відэасувязі з месца ўтрымання пад вартай.
Абарона Хёйбі ўжо заявіла аб намеры абскардзіць прысуд. Адвакат зноў звярнуўся да суда з просьбай вызваліць яго падабароннага з-пад варты на час апеляцыі.
Прычынай адвакаты называюць цяжкі стан здароўя яго маці, кронпрынцэсы Метэ-Марыт. Яна пакутуе на прагрэсуючую форму фіброзу лёгкіх і нядаўна была ўключана ў чаргу на трансплантацыю органа. Абарона настойвае, што Марыус павінен правесці гэты час з маці з-за пагаршэння яе стану.
Марыус Борг Хёйбі не з'яўляецца членам каралеўскай сям'і з афіцыйным тытулам (яго маці выйшла замуж за спадчынніка прастола, калі хлопчыку было 4 гады), аднак скандал вакол яго асобы моцна ўдарыў па рэпутацыі манархіі.
Каментары
Асабліва ўлічваючы, што нарвежская турмы - гэта ўстановы санаторна-курортнага тыпу ў параўнанні з беларускімі. Хто не верыць, можа спраўдзіць умовы заключэння масавага забойцы Брэйвіка.