Грамадства1111

Беларуска знайшла італьянскую сям’ю, якая прыняла яе пасля Чарнобыля. Яна думала, што італьянцы яе кінулі

А насамрэч камунікацыю абрубіла беларуская прыёмная маці Алены. Яна нават перавезла дзяўчынку ў іншы горад, каб тая не магла атрымліваць лісты ад італьянскай сям'і Вівіяны і Альфіё, якія хацелі яе ўдачарыць. Прызналася ў гэтым толькі перад сваёй смерцю.

Алена Захаранкава, фота: sanmarinortv.sm

Алена Захаранкава (Шавярдзенка), 38‑гадовая актрыса з Жодзіна, дзіцём двойчы гасцявала ў сям’і з італьянскага Пезара — у межах праграмы прыёму дзяцей з пацярпелых ад Чарнобыля раёнаў. Прыёмная маці сказала ёй, што італьянцы больш не хочуць яе бачыць. Гэта была хлусня, якая раскрылася толькі праз трыццаць гадоў. Пра гэта Захаранкава распавяла італьянскаму выданню Open і ў допісе ў сацсетках, які за суткі стаў віральным у Італіі.

Захаранкава трапіла ў Пезара — горад у італьянскім рэгіёне Маркэ на адрыятычным узбярэжжы — у 1993 і 1994 гадах, калі ёй было прыкладна шэсць-сем гадоў. Яна ездзіла па праграме прыёму, якую італьянскія сем’і арганізоўвалі для дзяцей з тэрыторый, забруджаных пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, а таксама сірот.

Біялагічную маці Алены пазбавілі бацькоўскіх правоў, таму дзяўчынку расціла прыёмная маці. На момант паездак у Італію Алена вучылася ў школе №3 у Шклове.

Прымала яе ў Пезара бяздзетная пара прыкладна 35—45 гадоў — Вівіяна і Альфіё Букі (Viviana і Alfio Bucchi). Захаранкава запомніла белы двухпавярховы дом з гаражом і чорны легкавік.

Падзеі двух прыездаў яна апісвае падрабязна. Першы раз яна прыехала, калі ў доме былі толькі Вівіяна і Альфіё, без перакладчыка, а сама яна не размаўляла па-італьянску. Другі раз — прыляцела самалётам на зімовых вакацыях; тады, акрамя «цёткі» і «дзядзькі», была і бабуля, і Алена ўжо магла іх разумець.

Паводле яе аповеду, яна шмат бегала і смяялася, Вівіяна і Альфіё насілі яе на руках, добра апраналі і смачна кармілі. Адзін з найярчэйшых успамінаў — узбітыя з цукрам яечныя жаўткі, своеасаблівы італьянскі гогаль-могаль, які ёй вельмі падабаўся.

У нейкі момант Алена пачала зваць Вівіяну «мамай»: у Беларусі прыёмная маці яе не абдымала і не казала, што любіць, а сама Алена прасілася назад у Італію.

Калі Захаранкава вярнулася ў Беларусь, кантакт з італьянскай сям’ёй паступова згас. Букі яшчэ нейкі час дасылалі пасылкі, але сувязь слабела.

Паводле аповеду Алены, прыёмная маці казала ёй, што італьянцы яе не любяць, не хочуць больш бачыць і што яна «дрэнная». Праз гэта дзяўчынка ў Італію больш не ездзіла. Як яна кажа, доўгі час пасля гэтага ёй было кепска, яна сумавала, але ўрэшце змірылася.

Праўда раскрылася толькі праз шмат гадоў.

У 2025 годзе, паміраючы, прыёмная маці прызналася, што хлусіла: Вівіяна і Альфіё вельмі яе любілі і хацелі ўдачарыць. Паводле таго ж аповеду, прыёмная маці нават перавезла Алену ў іншы горад, каб тая не магла чытаць лісты ад Вівіяны.

Даведаўшыся, што італьянская сям’я ад яе не адмаўлялася, Захаранкава, паводле яе слоў, адразу пачала пошукі. Спачатку яна звярнулася ў беларускі дзіцячы фонд; ёй паабяцалі дапамагчы, але супрацоўніца, якая займалася справай, звольнілася, і Алена вырашыла, што знайсці сваякоў ёй не наканавана.

Настаяў на працягу пошукаў яе муж — каб яна зноў звярнулася ў фонд і напісала ў сацсетках. Людзі ў Італіі параілі ёй апублікаваць зварот у групе «Pesaro è la mia città» («Пезара — мой горад») і далі вэб-старонкі і адрасы, куды пісаць.

15 чэрвеня 2026 года Захаранкава апублікавала свой першы допіс, дзе шукала Вівіяну і Альфіё «ці хаця б весткі пра іх». Запіс хутка разышоўся: пад ім адказала Даніэла Букі (Daniela Bucchi) — сястра Вівіяны, якая напісала, што добра памятае Алену і звяжа яе з сястрой. Сваякоў «цёткі» знайшлі літаральна за адзін дзень.

Цяпер Захаранкавай 38 гадоў, яна жыве ў Жодзіне, у яе двое дзяцей, яна скончыла Акадэмію мастацтваў і працуе актрысай. Сваю прафесію яна звязвае з італьянскай «цёткай»: паводле яе слоў, Вівіяна заўсёды слухала, як яна спявае, і казала, што ў дзяўчынкі прыгожы голас.

Жанчыны ўжо абмяняліся нумарамі тэлефонаў, паведамленнямі і фотаздымкамі, але пакуль не тэлефанавалі — перашкаджае моўны бар’ер. Захаранкава два гады вучыць італьянскую і запісалася на курсы. Яна кажа, што Вівіяна зусім не змянілася і застаецца прыгожай.

Алена і сям’я Букі спадзяюцца сустрэцца — або Вівіяна прыедзе ў Беларусь, або Алена ў Італію. Паводле Захаранкавай, дакументы на візу ўжо пададзеныя.

Каментары11

  • Жах
    17.06.2026
    Прыёмная маці у́зяла на сябе грэх!
    Навошта?...
  • каму яна там патрэбная!
    17.06.2026
    яшчэ адзін прыклад, як "родзіна" прадэманстравала, каму тая дзяўчына была "там" патрэбная
  • Не пОнятно.,
    17.06.2026
    каму яна там патрэбная!, не зразумелы пост. Ты за, ці супраць?

Цяпер чытаюць

Зяленскі назваў, якія рэтранслятары на мяжы і беларускія прадпрыемствы хвалююць Украіну36

Зяленскі назваў, якія рэтранслятары на мяжы і беларускія прадпрыемствы хвалююць Украіну

Усе навіны →
Усе навіны

Як Нарвегія амаль цалкам адмовілася ад бензінавых аўто і з якімі праблемамі сутыкнулася пасля11

Зборная ЗША выйшла ў 1/16 фіналу чэмпіянату свету па футболе2

Пусты ўчастак у прыгарадзе Мінска прадалі за 192 тысячы даляраў5

Атака на НПЗ у Маскве — як «найлепшая СПА ў Расіі» прапусціла ўдар па сталіцы?6

Ціханоўская: Лукашэнка павінен усвядоміць: уся адказнасць за магчымыя наступствы для краіны будзе ляжаць на ім29

Беларускі бензін б'е па кашальках масквічоў: АЗС Расіі вымушаны купляць дарагое паліва з Беларусі5

Кіраўнік МЗС Украіны рэзка адрэагаваў на пазбаўленне Зяленскага ордэна і верне сваю польскую ўзнагароду20

Прэзідэнт Польшчы пазбавіў Зяленскага Ордэна Белага Арла — найвышэйшай дзяржаўнай узнагароды краіны78

На Нямізе дабудоўваецца новы гандлёвы цэнтр. Стала вядома, які там будзе гіпермаркет3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі назваў, якія рэтранслятары на мяжы і беларускія прадпрыемствы хвалююць Украіну36

Зяленскі назваў, якія рэтранслятары на мяжы і беларускія прадпрыемствы хвалююць Украіну

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць