У Беларусі навучыліся рамантаваць цепласеткі без адключэння ацяплення
Спецыялісты «Мінсккамунцепласеткі» апрабавалі новую тэхналогію.

Прадпрыемства «Мінсккамунцепласетка» ўпершыню ў Беларусі здзейсніла замену ўчастка цеплавых сетак без адключэння спажыўцоў ад цеплавой энергіі на вул. Шаранговіча 9 ліпеня, перадае «Мінск-Навіны».




Як патлумачыў першы намеснік дырэктара — галоўны інжынер прадпрыемства Генадзь Лукашэвіч, падобныя тэхналогіі ўжо некалькі гадоў выкарыстоўвае «МІНГАЗ», спецыялісты якога аказваюць тэхнічную падтрымку работнікам «Мінсккамунцепласеткі».
Аднак замена такім чынам зношаных трубаправодаў, якія нясуць вадзяны цепланосьбіт, праводзіцца ў краіне ўпершыню.

— Газ і цепланосьбіт — гэта абсалютна розныя асяроддзі, — распавёў дырэктар «Мінсккамунцепласеткі» Андрэй Вірачкін. — Але мы вырашылі апрабаваць дадзеную тэхналогію на цеплавых сетках. Усе пытанні пілотнага праекта прапрацоўваліся вельмі сур’ёзна. І задача была выканана паспяхова. Хачу адзначыць, што выкананне работ без адключэння спажыўцоў асабліва актуальна ў ацяпляльны сезон, калі патрабуецца правесці падключэнне новых спажыўцоў альбо выправіць аварыйную сітуацыю. Прымяненне дадзенай тэхналогіі дазваляе выконваць работы так, каб мінчане не адчувалі дыскамфорту.
Каментары