У польскім Быдгашчы знайшлі мужчыну і жанчыну, якія напалі на сямейную пару з Беларусі
За імі будзе ўстаноўлены паліцэйскі нагляд

Паліцыя Быдгашча ўстанавіла асобаў мужчыны і жанчыны, якія 18 ліпеня справакавалі канфлікт з сямейнай парай з Беларусі. Падазраваным інкрымінуюць публічную абразу на глебе нацыянальнай прыналежнасці і парушэнне цялеснай недатыкальнасці. Пра гэта паведамляецца ў паведамленні гарадской камендатуры паліцыі Быдгашча, піша Most.
Як пісалася, у суботу каля 12:00 Алена і Віталь пайшлі ў краму. Яны чакалі аўтобус на прыпынку, калі туды падышлі мужчына, жанчына і двое дзяцей.
Спачатку мужчына пускаў цыгарэтны дым проста ў твар Алене, пасля пачаў наўмысна пляваць ёй на спіну і кофту. Калі муж заступіўся за беларуску, канфлікт перарос у бойку. Акрамя таго, невядомыя абражалі беларусаў на нацыянальнай глебе.
Калі Алена паспрабавала зняць тое, што адбывалася, на тэлефон у якасці доказу, жанчына выхапіла ў яе мабільнік. Алена запатрабавала вярнуць прыладу, але жанчына кінула тэлефон у яе, пасля чаго накінулася на беларуску. Віталь паспрабаваў іх разняць, аднак у гэты момант падбег мужчына, які раней паліў і пляваўся, і пачаў наносіць яму ўдары.
— У мужа ўвесь твар і майка былі ў крыві. Лоб быў разбіты, над брывом — рассячэнне, з носа цякла кроў, — успамінала Алена. — Я вельмі моцна спалохалася.
Алена патэлефанавала па адзіным нумары экстранных службаў 112. На месца прыехалі паліцыя і хуткая дапамога. Віталя даставілі ў бальніцу.
У той жа дзень, каля 21:40, супрацоўнікі паліцыі Быдгашча ўстанавілі асобы і затрымалі двух чалавек, датычных да гэтага злачынства. Імі аказаліся 42‑гадовы мужчына і 31‑гадовая жанчына, абодва — жыхары Быдгашча.
Яны будуць адказваць за публічную абразу пацярпелых з-за іх нацыянальнай прыналежнасці, а таксама за парушэнне цялеснай недатыкальнасці мужчыны.
20 ліпеня пракурор ужыў да іх меру стрымання ў выглядзе паліцэйскага нагляду. За такое злачынства польскае заканадаўства прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да трох гадоў.
Каментары
Не ўяўляю сябе каб недзе ў нашай краіне на прыпынку з дарослых людзей нехта стаяў бы і пляваў на жанчыну, а астатнія дарослыя грамадзяне спакойна на гэта глядзелі і не зрабілі б заўвагі, не вырашылі б заступіцца. Тым больш смяняліся б з гэтага. Не ўяўляю сябе такога.
Як не магу ўявіць каб ў грамацкім аўтобусу дарослы мужык чапляўся б да дзяцей падлеткаў і абражаў бы іх за тое што дзеці з іншай краіны (асобны трэш які есць ў сеціве).
Пры тым што і гэтая жанчына і тыя дзеці нават маюць такі ж колер скуры і тым больш з табою размаўляюць на мове твайго народу. Яны знешне ні ў чым не адрозніваюцца ад жанчын і дзяцей твайго народу. Ды і мову ведаюць што вялікі + ім. Ўжо гэта сведчыць што яны паважаюць народ, культуру і краіну ў якой жывуць.
Ў нас нават да кітайца які размаўляе па-беларуску ўжо за гэта вялікая павага і пашана.