Паліна Прысмакова — associate professor Школы дзяржаўнага кіравання Фларыдскага Атлантычнага ўніверсітэта, даследчыца і сакратарка Рады БНР. Яна нарадзілася ў Мінску, вучылася ў Коласаўскім ліцэі, пасля лёс закідваў яе ў Беласток, Патсдам, Варшаву, Нью-Ёрк і Фларыду. Размаўляе на сямі мовах, выхоўвае чацвярых дзяцей і прызнаецца, што замест прыбірання хутчэй прыгатуе сям’і нешта смачнае.

«Грошы выпалі з кнігі!» — усклікае Паліна Прысмакова, падымаючы з падлогі купюру. І тут жа знаходзіць у выпадковасці ідэальную ілюстрацыю да таго, пра што прыйшла гаварыць з беларусамі ў Вільні:
— Гэта і ёсць аснова дзяржаўнага кіравання.
На прэзентацыі Паліна стаіць перад слухачамі ў белай сукенцы і ружовых басаножках на высокай платформе. Замест акадэмічнай лекцыі атрымліваецца амаль гульня: яна задае пытанні аўдыторыі, жартуе, прапануе адгадаць, хто яе галоўны герой.
Не Лукашэнка, не міністр і не абстрактны чыноўнік. Любімы герой Паліны — беларус, які карыстаецца дзяржаўнымі паслугамі, упэўнены, што ў краіне ўсё бясплатнае і ўсе яму нешта павінны, пры гэтым «ні халеры не разбіраецца ў фінансах» і любіць лаяць увесь бюракратычны апарат.
Сваю кнігу «Асновы дзяржаўнага кіравання: стварэнне навыкаў і інстытутаў» Паліна апісвае значна прасцей, чым можна чакаць ад прафесаркі:
— Яна пра людзей, пра грошы і пра тое, як гэтыя людзі прымаюць рашэнні адносна гэтых грошай.
Мы пагаварылі з Палінай пра дзяцінства ў беларускім асяроддзі, эміграцыю, якую яна не лічыць эміграцыяй, жыццё амерыканскага прафесара, дыяспару і людзей, якім, магчыма, давядзецца будаваць дзяржаўныя інстытуты новай Беларусі.

«У дзяцінстве я гуляла ў радыёперадачы і вучыла прабабулю»
«Наша Ніва»: Паліна, вы нарадзіліся ў Мінску, вучыліся ў Коласаўскім ліцэі, пасля жылі ў Беластоку, Патсдаме, Нью-Ёрку, Фларыдзе, Нідэрландах, працавалі ў Варшаве. Якое з гэтых месцаў змяніла вас найбольш?
Паліна Прысмакова: Найбольш мяне ўразілі Нідэрланды. Гэта месца, дзе я хацела б жыць, апроч Беларусі, канечне. Я правяла там адносна нядоўга, каля паўгода, але пасля яшчэ мела магчымасць прыязджаць на больш працяглы час.
Мяне ўразіла, наколькі гісторыя і лёс нідэрландцаў падобныя да беларускіх. У іх шмат правілаў, як і ў нас, але, у адрозненне ад немцаў, яны ўмеюць пры неабходнасці гэтыя правілы адпусціць і расслабіцца. Ёсць і паралельная гісторыя з вялікай імперыяй побач. Калі іх называюць немцамі, яны адказваюць: «Не, мы нідэрландцы». Як і мы: «Не, мы беларусы, а не рускія».
Яны вельмі крэатыўныя. Колькі ні прыязджаю туды, праз дзень-два хочацца нешта запісваць, маляваць, вучыцца на нечым граць. Натхненне ідзе з усіх бакоў. Пры гэтым там чысціня і парадак, як у нас: усё павінна быць ахайна, смецце нідзе не валяецца.
І яны вельмі сямейныя. Я сама за вялікую сям’ю, у мяне чацвёра дзяцей. У Нідэрландах трое дзяцей — амаль норма. Не ва ўсіх краінах Еўропы і нават не ў Беларусі ёсць такі падыход да сям’і.
«НН»: Якой вы памятаеце сябе ў дзяцінстве? Ці маглі ўявіць, што станеце прафесаркай?
ПП: У маім дзяцінстве 1990‑х шмат цацак не было. Затое быў магнітафон, на які можна было нешта запісваць, і некалькі старых касет. Я ўвесь час гуляла ў радыёперадачы. А ў выніку мая першая кар’ера была звязаная з «Радыё Рацыя» і «Белсатам». Атрымліваецца, у радыёперадачы я яшчэ ў дзяцінстве нагулялася.
А яшчэ мною шмат апекавалася прабабуля, якая нарадзілася ў 1911 годзе. Яна хадзіла ў школу за дзесяць ці пятнаццаць кіламетраў, паспела крыху навучыцца чытаць і пісаць. Маёй любімай гульнёй было сядзець і па сваіх школьных сшытках вучыць прабабулю правапісу ці матэматыцы. Паколькі ёй асабліва не было чым заняцца, яна згаджалася гуляць са мной у такія гульні. Так што настаўніцкую працу я таксама практыкавала з дзяцінства.
«НН»: У якой сям’і вы выраслі?
ПП: Тата быў беларускамоўны, актыўна ўдзельнічаў у беларускім руху, цікавіўся беларускай культурай. Маці ўсё гэта падтрымлівала, але заставалася больш у пасіўнай ролі. А тата ўвесь час быў зангажаваны. У свой час ён вельмі падтрымліваў гурт «Стары Ольса», быў мецэнатам, дапамагаў ладзіць гастролі і канцэрты. Беларускія артысты ў нашай хаце ці мы ў іх — гэта была частка сямейнага жыцця.
З іншага боку, я прафесарка ўжо ў трэцім пакаленні. Дзед па татавай лініі быў прафесарам Тэхналагічнага ўніверсітэта, тата вучыўся ў аспірантуры, хоць і не скончыў яе, а мая цётка — прафесарка БДУ.
Дзякуючы дзеду ў бабулі было лецішча ва ўніверсітэцкім пасёлку. Там, вядома, былі бульба, агуркі і кветкі. Але ў перапынках паміж агародамі людзі пыталіся адзін у аднаго, калі ўжо нехта дапіша дысертацыю, скардзіліся, што студэнты не хочуць вучыцца. Акадэмічныя размовы былі вакол мяне з самага дзяцінства.

«Слова «Акрэсціна» наша сям’я вывучыла яшчэ ў 2006 годзе»
«НН»: Што вам даў Коласаўскі ліцэй акрамя адукацыі?
ПП: Беларускасць у мяне ўжо была. Коласаўскі ліцэй яе, натуральна, памножыў. Але галоўнае, што ён даў, — разуменне сацыяльных навук. Гэтага не магла даць ніводная іншая ўстанова сярэдняй адукацыі ў Беларусі. Колькі б там ні выкладалі прадмет кшталту «Чалавек і свет», усё гэта было не зусім па тэме.
У ліцэі былі асобы, выкладчыкі, якія дзяліліся не толькі ведамі, але і сваім жыццёвым досведам. Напрыклад, беларускую мову ў нас выкладаў чалавек, які напісаў падручнікі, па якіх вучылася ўся краіна. Ты разумееш маштаб адказнасці такога чалавека — і гэта ўражвае.
«НН»: Вы з’ехалі з Беларусі задоўга да 2020 года. Вы нават казалі, што ў вас «цыганскі» лад жыцця. Што падштурхнула вас да гэтага?
ПП: Я лічу сваю эміграцыю выбарам 2006 года. Паколькі я вучылася ў ліцэі, мы ўсе падтрымлівалі дэмакратычны рух. Нас затрымлівалі яшчэ школьнікамі і адпускалі, бо мы былі непаўналетнімі. Але было зразумела: як толькі нам споўніцца 18 гадоў, усё пяройдзе ў іншы фармат і будзе іншая адказнасць.
Я скончыла ліцэй у 2005 годзе і разумела, што ў 2006‑м будуць выбары, а разам з імі — прадказальныя рэпрэсіі і гвалт. Было зразумела, што за ўдзел у пратэстах могуць выключыць з універсітэта.
Я адказна паступіла ў РТІ (цяпер БГУІР. — НН), але адначасова гэтак жа адказна знайшла магчымасць вучыцца ў прыватнай навучальнай установе ў Польшчы. Мне прапаноўвалі добрую стыпендыю і вучобу ў прэстыжным эканамічным універсітэце ў Эстоніі. Але тады я не ўяўляла, як буду год вучыць эстонскую мову і застануся адна, калі ўсе астатнія едуць у Польшчу. Таму паехала ў Беласток.
Як і чакалася, у 2006 годзе былі разгоны. Я не трапіла пад арышт, але трапіў мой бацька. Слова «Акрэсціна» наша сям’я вывучыла яшчэ тады.
А я проста прапусціла этап паступлення ва ўніверсітэт, з якога мяне пасля маглі б выключыць, і працягнула вучыцца ў іншым месцы.
«НН»: Як пасля Беластока вы апынуліся ў Фларыдзе?
ПП: У Беластоку я вучылася ў Вышэйшай школе публічнай адміністрацыі, створанай Барбарай Кудрыцкай. Яна была дэпутаткай польскага парламента і Еўрапарламента, актыўна падтрымлівала беларускія справы. У Беларусь яе ўжо не пускалі, таму на нашы пратэсты і шэсці яна ездзіла з дыпламатычным пашпартам.
Гэта была прыватная некамерцыйная школа. Людзі плацілі за навучанне, але існавала гнуткая сістэма зніжак і стыпендый. Школа знаходзіла фінансаванне для беларусаў, а грошы ад навучання ўкладала ў сваё развіццё.
Да нас прыязджалі прафесары з Аўстраліі, Амерыкі і краін Заходняй Еўропы. Падчас аднаго з такіх візітаў амерыканскія прафесары, пазнаёміўшыся са мной, запрасілі працягнуць навучанне ў Фларыдзе.
Спачатку я не пагадзілася. Для мяне гэта гучала дзіўна: я збіралася ў нейкі «нармальны» ўніверсітэт у Францыі, напрыклад, у Страсбургу, а тут нейкая Фларыда. Я яшчэ думала: там увогуле вучацца?
Але потым прыехала, пазнаёмілася з выкладчыкамі і аспірантамі і зразумела, што наўрад ці знайду лепшае месца з такім даляглядам і такой колькасцю людзей, з якімі можна працаваць і даведвацца, што адбываецца ў свеце.
Чацвёра дзяцей, лекцыі да ночы і ніякага ідэальнага парадку
«НН»: Як выглядае звычайны дзень выкладчыцы ў Фларыдзе?
ПП: Я ранішні чалавек. Дай мне волю, я прачыналася б а пятай раніцы, глядзела на ўзыход сонца, піла гарбату ці каву, нешта пісала або чытала.
Але ўжо дванаццаць гадоў я выкладаю ў магістратуры для людзей, якія працуюць. Гэта праграма для менеджараў некамерцыйных арганізацый. Студэнты занятыя ўдзень, таму прыязджаюць на заняткі пасля працы. Лекцыі пачынаюцца а сёмай вечара і часам заканчваюцца а дзясятай ці адзінаццатай. А пасля ў людзей раптам з’яўляецца мільён пытанняў, якія чамусьці не задаваліся перад лекцыяй.
Дадому я даязджаю а першай ці другой ночы і таму позна прачынаюся. Не ганаруся гэтым — хацела б наадварот. Калі ўдаецца ўстаць а дзявятай ці дзясятай і дзеці дазваляюць, я спрабую не ўключаць інтэрнэт і нешта пісаць. Бо як толькі адкрываеш сацыяльныя сеткі ці навіны, галава ў гэты дзень больш не працуе.
«НН»: Сваю сям’ю вы стварылі ўжо ў ЗША?
ПП: Я б сказала, што стварыла яе ў тым самым чамадане, з якім езджу па ўсім свеце. Да трох гадоў мая старэйшая дачка пабывала ў дванаццаці краінах. З другім дзіцем мы таксама шмат ездзілі. Калі з’явілася трэцяе, стала ўжо тэхнічна складана пакаваць і распакоўваць рэчы.
Цяпер дзеці падраслі, таму мы можам перасоўвацца асобнымі групамі, а не ўсім вялікім кагалам.
«НН»: Вы прафесійна вывучаеце, як працуюць інстытуты і арганізацыі. А наколькі сістэмны чалавек вы самі? Ці захоўваецца прафесарка дзяржаўнага кіравання ў асабістым жыцці?
ПП: Я не перфекцыяністка і не выдатніца. Я такая моцная чацвёрачніца. Калі бачу, што нешта ўжо зроблена на чатыры, не буду далей дапілоўваць і паліраваць да пяцёркі.
Я вельмі люблю адпачываць. Не разумею людзей, якія ніколі не адпачываюць. Я так не ўмею і дазваляю сабе расслабляцца. Праўда, некаторыя блізкія кажуць, што адпачываю я ўсё ж замала.
Парадку ў хаце ў мяне няма, выбачайце. У мяне шмат дзяцей. Калі нейкім магічным чынам застаюся адна на тыдзень, тады, натуральна, усё класна. Але я не надта з-за гэтага перажываю.
Я люблю гатаваць. Кажуць, ёсць жанчыны, якія любяць чысціню, і ёсць жанчыны, якія гатуюць. Бываюць ідэальныя, якія робяць і тое, і другое, але гэта не я. Калі ў мяне з’явіцца вольны час, я лепш прыгатую нешта смачнае для сям’і, чым буду нешта намываць.
«НН»: Колькі моў вы ведаеце?
ПП: Беларуская, руская, польская, нямецкая, французская, англійская. Сербскую разумею і ў Сербіі магу неяк паразмаўляць. Атрымліваецца каля сямі.
«НН»: Колькі зарабляе прафесар у Фларыдзе?
ПП: У нашым універсітэце прафесар, які не займае адміністрацыйнай пасады, зарабляе ад 45 да 90 тысяч даляраў на год перад падаткамі.
У Фларыдзе няма падатку штата на даходы, мы плацім толькі федэральны падатак. Але жыццё вельмі дарагое. Падатак на дом, які належыць мне, складае прыблізна траціну майго гадавога заробку. Дзіцячы садок у Фларыдзе цяпер каштуе каля дзвюх тысяч даляраў на месяц. Таму мы пакуль туды не ходзім або карыстаемся дзіцячым садком у Вільні, калі ёсць такая магчымасць.

У Амерыцы прафесары і людзі, якія працуюць у вышэйшай адукацыі, — гэта сярэдні клас. Калі ж з такім заробкам жыць у Вільні, можна было б адчуваць сябе вельмі багатым чалавекам.
«Зараз жыццё мігранта ў ЗША нагадвае нейкую «Беларусь 2.0»
«НН»: У інтэрв’ю 2015 года вы сказалі: «Такой беднаты, якую я бачыла ў Амерыцы, у Беларусі нідзе няма». За наступныя адзінаццаць гадоў ваша ўяўленне пра Амерыку і яе сацыяльную сістэму змянілася?
ПП: Я не адмаўляюся ад сваіх слоў пра амерыканскую беднасць. У ЗША вельмі палярызаванае і вельмі нестабільнае грамадства. Ты можаш быць князем, імператарам, мільярдэрам, а праз дзень апынуцца літаральна на сметніцы, не мець чаго есці і дзе жыць. І наадварот. Там вельмі высокая сацыяльная мабільнасць.
Але людзі, якія трапляюць у беднасць, асабліва калі яны ў ёй нарадзіліся, часам ніякімі намаганнямі не могуць з гэтага выбрацца.
Калі ў Беларусі ў чалавека нешта не атрымалася, ён можа падумаць: паеду кудысьці папрацую — у Маскву, на Захад ці ў Амерыку. Прынамсі, застаецца ўяўленне пра іншае месца, дзе можа быць лепш. А калі ты ўжо нарадзіўся і жывеш у ЗША і ў цябе нічога не атрымліваецца, куды табе ехаць шукаць шчасця? Псіхалагічна гэта вельмі цяжка. Людзі не могуць вырвацца з гэтага цыкла.
«НН»: А што вам у Амерыцы падабаецца?
ПП: Вышэйшая адукацыя. З майго досведу нямецкіх, французскіх, нідэрландскіх, бельгійскіх, польскіх і літоўскіх навучальных устаноў — нідзе няма такой вышэйшай адукацыі, як у ЗША.
Яе галоўная перавага — акадэмічная свабода выкладчыка. Калі мне даюць прадмет, паведамляюць яго код і назву. Усё. Канечне, я адказваю за тое, што раблю, але мне давяраюць выконваць сваю працу.
Калі загадчыца кафедры хоча прыйсці на маю лекцыю і паглядзець, што я там раблю, яна павінна за два тыдні пісьмова папрасіць у мяне дазволу і абгрунтаваць, навошта ёй прысутнічаць на занятках.
«НН»: Вы пабудавалі прафесійнае жыццё ў ЗША, шмат гадоў жывеце за мяжой. Чаму Беларусь праз столькі гадоў не стала для вас проста краінай, адкуль вы некалі з’ехалі?
ПП: Бо я не з’ехала, каб паехаць назаўсёды. Я ехала павучыцца ў Польшчы. Мне хацелася трапіць на Erasmus, паехаць па праграме Work and Travel — гэтай магчымасцю я, дарэчы, некалькі разоў карысталася ў студэнцкія гады.
Я не думала, што эмігрую. Я проста засталася і трошкі пакаталася, паглядзела, дзе што адбываецца. Да 2020 года я рэгулярна прыязджала дадому два-тры разы на год. У мяне не было адчування, што я з’ехала. Толькі пасля 2020‑га вяртацца стала немагчыма.
Праўда, мне не хапала беларускамоўных людзей у Фларыдзе. У нас вялікая беларуская суполка, аддзелу Беларуска-амерыканскага задзіночання ўжо больш за дзесяць гадоў, а сама арганізацыя існуе з 1950-х. Беларускае жыццё там заўсёды віравала.
Але калі я размаўляла з людзьмі па-беларуску, яны адказвалі па-руску. Я спрабавала таксама пераходзіць на рускую, а яны казалі: «Паліна, не! Толькі не ты». Я адказвала: «Дык вы хоць калі-небудзь адкажыце мне па-беларуску». Яны казалі, што пакуль не могуць, але і мне не дазвалялі пераходзіць на рускую.
Ад гэтага я стамлялася: хацелася жывой гутаркі, а не размовы ў адзін бок. Пасля 2020 года ў Фларыду прыехалі беларускамоўныя людзі. Для мяне гэта радасць, хоць для іх саміх прычына пераезду, вядома, трагічная. Цяпер у гэтым сэнсе ўсё добра.
«НН»: Як змянілася жыццё беларускіх мігрантаў у ЗША пасля вяртання Дональда Трампа?
ПП: Цяпер шмат каго затрымліваюць, і ўсё гэта ўжо нагадвае нейкую «Беларусь 2.0». Мы баімся ладзіць адкрытыя мерапрыемствы, таму што іміграцыйная паліцыя добра чытае стужку навін і можа прыйсці, каб забраць людзей. Сабраць беларусаў можна хіба што ў прыватнай кватэры, хоць і тады разумееш: калі паліцыі сапраўды трэба, гэта яе не спыніць.
Гэтая палітыка існуе не толькі на словах. Ты едзеш у машыне, грае музыка, усё выглядае як звычайны дзень у Амерыцы. А потым музыка змаўкае і гучыць паведамленне іміграцыйнай службы: «У вас ёсць унікальная магчымасць вярнуцца дадому. Мы купім вам квіток, пакарання не будзе — толькі прыйдзіце і здайцеся».
Пачуць такое ў ЗША — краіне, пабудаванай дзякуючы іміграцыі, у тым ліку выхадцам з Усходняй Еўропы і Беларусі, — вельмі жорстка.
«НН»: Вам вядома пра беларусаў, якія апынуліся ў іміграцыйных турмах?
ПП: Так. Ёсць публічныя кампаніі ў іх падтрымку, збіраюць грошы на лекі, спрабуюць вызваліць людзей пад заклад. Гэта сур’ёзная бяда, і мы падтрымліваем сувязь з тымі, хто сам выходзіць на кантакт. Але некаторыя не хочуць рабіць сваю гісторыю публічнай: спадзяюцца, што так будзе прасцей і хутчэй выйсці.

«Беларусы стварылі больш за 40 інстытутаў. Мы недаацэньваем тое, што зрабілі»
«НН»: Вы ўжо шмат гадоў назіраеце за беларускай дыяспарай знутры. Як яна змянілася пасля 2020 года і што ў сённяшніх беларусах за мяжой вас натхняе, а што бянтэжыць?
ПП: Мяне натхняе крэатыўнасць і колькасць арганізацый ды інстытуцый, створаных беларусамі за мяжой пасля 2020 года. Я спрабавала іх падлічыць — атрымліваецца больш за сорак.
Так, нехта паміж сабой нечым не падзяліўся, адзін незадаволены другім. Гэта нармальна. Я гляджу на ўсё гэта і думаю: «Малайцы, класна, крута».
А бянтэжыць тое, што многія людзі, якія выехалі пасля 2020 года, упэўненыя, нібыта яны першыя беларусы, якія апынуліся за мяжой. Яны амаль нічога не ведаюць пра беларускае жыццё, якое дзесяцігоддзямі і нават стагоддзямі існавала ў ЗША, Аўстраліі, на Карыбах ці ў той жа Польшчы.
Для іх становіцца адкрыццём, што там ужо былі беларускія цэрквы, навучальныя ўстановы, аздараўленчыя цэнтры, цэлая сетка арганізацый і партнёраў. Гэта не пагарда — хутчэй няведанне, бо ў школе пра гэта не расказвалі. Калі б не Коласаўскі ліцэй, я таксама магла б пра гэта нічога не ведаць.
«НН»: Апошнія гады беларусы за мяжой ствараюць уласныя палітычныя і грамадскія інстытуты. Ці можна іх потым перанесці ў Беларусь?
ПП: Мы не пераацэньваем, а, наадварот, недаацэньваем тое, што было створана. Калі на міжнародных канферэнцыях па дзяржаўным кіраванні я расказваю замежнікам, што зрабілі беларусы, яны рэагуюць: «Ваў, а так можна?» А я адказваю: «Уяўляеце, мы змаглі».
Але што азначае «перанесці інстытут»? Рэгістрацыю арганізацыі ў Беларусь не перанясеш. Можна перанесці людзей, іх веды, досвед і жаданне рабіць справу. Калі яны навучыліся працаваць паводле пэўнай схемы, якую самі распрацавалі ці ў кагосьці запазычылі, натуральна, яны змогуць выкарыстаць гэта ў Беларусі.
Галоўнае пытанне не ў тым, наколькі пераносная структура, а ў тым, ці застануцца ў гэтых людзей сілы і магчымасць прысвяціць гэтаму яшчэ адзін адрэзак жыцця.
Яны ўжо адклалі на другі план сям’ю, асабісты камфорт, адпачынак і пяць-шэсць гадоў займаліся стварэннем інстытутаў за мяжой. Ці змогуць яны яшчэ пяць-шэсць гадоў аддаць паўтарэнню ўсяго гэтага ў Беларусі? Вось у чым пытанне. Але атрыманыя імі веды і навыкі — унікальныя.
«НН»: Ці дастаткова людзей, здольных будаваць новую сістэму дзяржаўнага кіравання ў Беларусі?
ПП: Дзякуючы 2020 году такіх людзей не проста дастаткова — іх вельмі шмат. У нас не такая вялікая краіна. Нам не патрэбныя дзясяткі тысяч спецыялістаў: калі на кожным мясцовым узроўні будзе хаця б адзін талковы чалавек, ужо ўсё будзе нармальна.
Рада БНР, якая марыць самараспусціцца
«НН»: Вы сакратарка Рады БНР — інстытуцыі, якая ўвасабляе гістарычную пераемнасць беларускай дзяржаўнасці. Што асабіста для вас азначае быць часткай Рады?
ПП: Гэта вялікі гонар. Я рада, што далучылася да Рады яшчэ да 2020 года. Дзякуючы гэтаму атрымала магчымасць пазнаёміцца з «дыназаўрамі», гуру беларускага руху — людзьмі, якія ніколі не жылі пры савецкай уладзе.
Такіх людзей засталося вельмі мала, яны ўжо ў вельмі сталым узросце. Некаторыя выехалі з Беларусі дзецьмі, іншыя — пазней. Але сама магчымасць паразмаўляць і паспрачацца з людзьмі, якія ніводнага дня не жылі пад Саветамі, — магчыма, адно з найвялікшых шчасцяў, якія я мела ў жыцці.
«НН»: Як прафесарка дзяржаўнага кіравання, як вы ацэньваеце Раду БНР у якасці інстытуцыі?
ПП: Рада БНР — урад у выгнанні. Яна цалкам адпавядае функцыям такога ўрада: сядзіць, чакае, назірае за актуальнымі палітычнымі працэсамі і спадзяецца як мага хутчэй самараспусціцца.
Часам Раду крытыкуюць людзі, якія не разумеюць яе функцый. Наша задача — не ўмешвацца ў актуальныя палітычныя працэсы, не падтрымліваць асобныя праекты, акцыі ці палітычныя рухі. Наша функцыя, умоўна кажучы, падобная да функцыі брытанскай каралевы: сядзець і глядзець, што адбываецца.
Калі з’явіцца дэмакратычная, незалежная і беларуская па духу дзяржава на тэрыторыі Беларусі, мы вельмі ахвотна самараспусцімся, перададзім мандат чалавеку ці структуры, якая стане на чале краіны, і скончым гэты марафон.
«Мяне цікавіць, каб тралейбусы хадзілі паводле раскладу»
«НН»: Вы напісалі беларускамоўную працу па асновах дзяржаўнага кіравання. Чаму вам было важна напісаць яе менавіта па-беларуску?
ПП: Лёс закінуў мяне туды, куды закінуў, і я спрабую максімальна расказваць пра Беларусь. Але заробак мне плацяць усё ж не за гэта. Мне плацяць за веды ў дзяржаўным кіраванні і грамадскіх паслугах.

Гэтыя веды ўніверсальныя, імі можна карыстацца ў розных краінах і сістэмах. Кніга — пра людзей, грошы і пра тое, як людзі прымаюць рашэнні адносна гэтых грошай.
Гэта не паліталогія. Палітолагі любяць пытацца: «А што з уладай?» А навукоўцам дзяржаўнага кіравання гэта нецікава. Як біёлаг займаецца біялогіяй, а хімік — хіміяй, так я займаюся менеджментам. Я магу дыскутаваць пра рэжым і выказваць уласнае меркаванне, але я не палітолаг.
Я не кажу, якая палітычная сістэма будзе найлепшай для Беларусі. Мяне цікавяць людзі і структуры. Мяне цікавіць, як атрымаць даведку ў ЗАГСе, як атрымаць зніжку на дзіцячы садок і як зрабіць, каб тралейбусы хадзілі паводле раскладу.
У Беларусі шмат добрага і шмат адказных людзей. Але часам ім не хапае базавых ведаў. Я не кажу, што яны ўсё робяць дрэнна. Наадварот, часам яны робяць вельмі добра, але самі не ўсведамляюць, наколькі добра.
Кніга не загадвае: рабіце так ці інакш. Яна паказвае, як яшчэ можна арганізаваць працу дзяржаўнай або грамадскай структуры, як можна дамовіцца, размеркаваць грошы і чалавечыя рэсурсы.
Дзякуючы Вольнаму беларускаму ўніверсітэту я правяла два курсы на гэтую тэму і нарэшце змагла па-беларуску паразмаўляць пра сваю прафесію з беларусамі, у тым ліку з тымі, хто працаваў у дзяржаўных і грамадскіх установах. Вынікам гэтых размоў і стала кніга — для тых, хто не трапіў на курс, але хоча далучыцца да размовы.
Гэта навуковая праца, але не навуковы трактат. Яна напісаная размоўнай мовай — фактычна маёй уласнай гаворкай. У ёй ёсць наватворы, бо беларускай мове не хапае часткі прафесійнай тэрміналогіі ў гэтай галіне. Для ўсіх моваведаў і мовазнаўцаў: не кідайце ў мяне памідорамі. Гэта вельмі цікавая беларуская мова. Калі хочаце сказаць, што нешта напісана не па-тарашкевіцку ці кепска наркамаўкай, — так і ёсць, бо гэта «тара-сама-наркамаўка».
Першы раздзел я пісала ў парыжскай кавярні. У мяне скончыўся беларускі пашпарт, і я запісалася на яго замену ў беларускім пасольстве ў Парыжы, сустрэчу прызначылі праз дзевяць ці дзесяць месяцаў. Я ўжо набыла квіткі і забраніравала гатэль, але літаральна за два дні да паездкі з’явілася навіна, што беларускія пасольствы за мяжой больш не будуць мяняць пашпарты.
Я ўсё роўна паляцела. Сядзела ў Парыжы і пісала раздзел пра прыняцце рашэнняў. У пэўным сэнсе вельмі адпаведная сітуацыя для такой тэмы.

«НН»: Ці бачыце вы сябе на дзяржаўнай пасадзе ў будучай Беларусі?
ПП: Гэта цалкам натуральная думка. Але мне хацелася б рабіць тое, што я сапраўды ўмею. А я ўмею займацца адукацыяй у сферы дзяржаўнага кіравання. Больш за ўсё хацелася б працаваць у Акадэміі кіравання, толькі скінуць другую палову яе сённяшняй назвы. Гэта магла б быць Акадэмія кіравання Вольнай Беларусі, Новай Беларусі ці проста нармальнай Беларусі.
Я хацела б рабіць курсы, трэнінгі, рыхтаваць публікацыі для чыноўнікаў і менеджараў грамадскіх устаноў. Вось гэта было б мне ў кайф. У мяне хапіла б на гэта сіл і энергіі, і я ведаю, што менавіта трэба рабіць.
А ісці ў нейкую структуру проста дзеля пасады і на хаду вучыцца нечаму зусім новаму — навошта? Мне хацелася б рэалізаваць у Беларусі тое, што я ўжо ўмею.
Цяпер чытаюць
Унікальныя здымкі будаўніцтва Старога моста ў Гродне. Хто фатаграфаваў небяспечныя кесоны, у якіх людзі рызыкавалі на дне Нёмана, каб паставіць апоры? ШМАТ ФОТА
Каментары