Святлана Шаціліна патлумачыла, чаму пакінула пасаду кіраўніцы Місіі дэмсіл Беларусі ва Украіне
«Я звыкла або быць эфектыўнай, або не марнаваць час».

Святлана Шаціліна пакінула пасаду кіраўніцы Місіі дэмакратычных сіл Беларусі ва Украіне. Яна прапрацавала на гэтым кірунку 11 месяцаў, аднак, паводле яе слоў, так і не змагла дамовіцца з Офісам Святланы Ціханоўскай і Аб’яднаным пераходным кабінетам наконт таго, як менавіта павінна працаваць місія.
У размове з «Нашай Нівай» Святлана Шаціліна кажа:
«Мне падаецца, што 11 месяцаў — дастатковы час, каб зразумець, ці адпавядае праца тваім прынцыпам. Я звыкла працаваць на вынік, а для гэтага павінны існаваць пэўныя працэсы. Маё бачанне таго, як місія мусіць працаваць у якасці прадстаўніцтва Офіса, і бачанне Офіса крыху адрозніваліся. Таму для мяне гэта было абсалютна свядомае і правільнае рашэнне».
«Гісторыя з сынам ніяк не звязаная з маёй адстаўкай»
Публічна раскрываць усе дэталі рознагалоссяў былая кіраўніца місіі не хоча. Паводле яе, існуюць дакументы і дамоўленасці, разгалошванне якіх можа пашкодзіць агульнай справе. Аднак сутнасць канфлікту яна акрэслівае даволі ясна: бакі па-рознаму бачылі статус місіі і яе месца ў сістэме дэмакратычных сіл.
Святлана Шаціліна хацела, каб прадстаўніцтва ў Кіеве працавала як паўнавартасная палітычная структура, фактычна як будучая беларуская амбасада:
«Стратэгічна ўсе разумелі, што ўкраінскі кірунак трэба развіваць. Але адрозніваліся падыходы. Маё бачанне было такім: місія — гэта прадстаўніцтва, умоўная протаамбасада. На жаль, за гэты час мне не ўдалося дамагчыся, каб такое ж бачанне было і ў Офіса».
«Я звыкла або быць эфектыўнай, або не марнаваць дарэмна ні свой час, ні час іншых», — дадае яна.
Саму адстаўку Шаціліна называе нармальным дэмакратычным інструментам:
«Гэта нармальны спосаб палітычна заявіць, што ты не згодная з пэўнымі працэсамі. Я гэта зрабіла».
Апошнім часам імя Шацілінай згадвалася ў медыя і ў сувязі з крымінальнай справай супраць яе сына Мікіты Шаціліна. Аднак былая кіраўніца місіі адмаўляе, што гэтая гісторыя магла паўплываць на яе адстаўку або працу ва Украіне:
«Гэта ніяк не звязана. Так, у дачыненні да майго сына распачатая крымінальная справа. Але цяпер ён працуе з ветэранамі. Ён быў узнагароджаны, двойчы ваяваў: яшчэ ў АТА, а потым у 2022—2023 гадах. З боку ўкраінскіх уладаў я ні ад каго не пачула, каб гэтая сітуацыя мела хоць нейкае значэнне для маёй працы».
Што паспела зрабіць за 11 месяцаў
Святлана Шаціліна кажа, што пакідае пасля сябе ўжо фармалізаваную структуру: у місіі ёсць памяшканне, юрыдычнае афармленне і банкаўскі рахунак.
Адным з галоўных вынікаў яна лічыць сістэматызацыю праблем, з якімі сутыкаюцца беларусы ва Украіне. Сярод іх — легалізацыя, пратэрмінаваныя беларускія пашпарты, цяжкасці з адкрыццём і выкарыстаннем банкаўскіх рахункаў.
Пашпартнае пытанне асабліва абвастрылася пасля таго, як у 2023 годзе беларускія ўлады фактычна пазбавілі беларусаў за мяжой магчымасці абменьваць дакументы ў консульствах. Ва Украіне, якая пасля расійскага ўварвання ўвяла дадатковыя абмежаванні для грамадзян Беларусі, гэта стала пагражаць людзям стратай легальнага статусу.
Паводле Шацілінай, місія збірала інфармацыю пра такія выпадкі і вяла перапіску з украінскімі органамі, а таксама падрыхтавала прапановы наконт магчымых рашэнняў. Рабілася гэта разам з прадстаўнікамі беларускай дыяспары:
«Для добраахвотнікаў пытанне пратэрмінаваных пашпартоў ужо вырашана, але для большасці цывільных беларусаў — не. Мы здолелі не толькі апісаць праблемы, але і праясніць іх ва ўкраінскіх уладаў, прапанаваць сваё бачанне вырашэння.
Акрамя таго, місія ўдзельнічала ў падрыхтоўцы візіту Святланы Ціханоўскай у Кіеў, праводзіла стратэгічныя сесіі з беларусамі ва Украіне і спрабавала наладзіць дыялог паміж рознымі часткамі дыяспары. Пачалася і праца з украінскімі дзяржаўнымі ды грамадскімі арганізацыямі, якім мы тлумачылі пазіцыю беларускіх дэмакратычных сіл».
«Магчыма, трэба было больш тлумачыць Офісу»
Адносіны паміж афіцыйным Кіевам і дэмакратычнымі сіламі Беларусі доўгі час заставаліся стрыманымі. Аднак пасля візіту Святланы Ціханоўскай ва Украіну, лічыць Шаціліна, у адносінах адбыліся прыкметныя змены:
«Градус пацяплення ў стаўленні да беларускіх дэмакратычных сіл адчуваецца. Палітычная воля ёсць, цяпер трэба, каб яна ператварылася ў адміністрацыйныя рашэнні. Гэта і пытанне легалізацыі, і прызнанне пратэрмінаваных пашпартоў, і банкаўскія рахункі, асабліва для людзей з часовымі пасведчаннямі. Праца тут толькі пачалася».
Святлана Шаціліна прызнае: магчыма, падчас сваёй працы на пасадзе ёй варта было больш тлумачыць сваё бачанне і пэўныя рэчы Офісу:
«Калі ты лічыш нешта відавочным, то часам не заўважаеш, што для іншага боку гэта можа быць не так. Для мяне было відавочна, што Украіна — адзін з асноўных кірункаў і што адпаведным чынам павінны быць арганізаваныя ўсе камунікацыі і працэсы».
Пры гэтым цалкам з палітычнай працы яна не сыходзіць. Святлана Шаціліна застаецца чальцом Каардынацыйнай рады і фракцыі «Аб’яднаная грамадзянская платформа», дзе збіраецца працягваць займацца ў тым ліку ўкраінскім кірункам.
Усе кантакты і падрыхтаваныя дакументы яна пакінула місіі. Памочніца Шацілінай таксама працягвае там працаваць.
Беларусы ва Украіне пакуль не сталі «адным голасам»
Адной з задач, якія былой кіраўніцы так і не ўдалося выканаць цалкам, стала аб’яднанне беларускай дыяспары. Зрэшты, Шаціліна прапануе гаварыць не пра яе раз’яднанасць, а пра «сегментаванасць»:
«Гэта пэўны этап росту беларускага грамадства за мяжой. Ёсць людзі, якія дапамагалі збіраць інфармацыю пра праблемы, рыхтаваць лісты і прапановы для ўкраінскай дзяржавы. Я ім шчыра ўдзячная за дапамогу. Але ёсць і тыя, хто не вельмі давярае палітычным структурам дэмакратычных сіл».
Новай кіраўніцы місіі Вользе Зазулінскай Святлана Шаціліна раіць улічваць асаблівасці краіны, якая жыве ва ўмовах вайны, і дамагацца таго, каб беларусы выступалі перад украінскімі ўладамі «адным голасам»:
«Мы ўсе розныя, але ў пэўных пытаннях павінны быць адзіным кулаком. Украінскія ўлады мусяць разумець, што ў намаганнях абараніць інтарэсы беларусаў мы выступаем адным фронтам. Для гэтага дыяспара павінна давяраць місіі, а місія — сапраўды прасоўваць яе праблемы. Мне не ўдалося давесці гэты працэс да канца. Цяпер гэта задача наступнага кіраўніка».
Каментары