«Тэмпы наступлення Расіі знізіліся ў разы». Ваенныя аналітыкі — пра тое, як за лета змяніўся ход вайны ва Украіне
Як дроны і дэфіцыт бензіну запаволілі расійскае наступленне. Ваенныя аналітыкі падводзяць вынікі апошніх месяцаў вайны ва Украіне: тэмпы наступлення арміі РФ упалі ў разы, а ўкраінскія дальнабойныя ўдары па тылах ствараюць сур'ёзныя лагістычныя праблемы для праціўніка, расказвае «Настоящеее время».

Украінскія гарады Канстанцінаўка, Ліман, Дабраполле сталі сімвалам абароны Украіны гэтым летам — менавіта там засяроджаны асноўны ўдар УС РФ. А на поўдні краіны — у Запарожскай вобласці, каля Арэхава, Гуляйполя і Навасёлаўкі, — аналітыкі фіксуюць прасоўванне ўкраінскіх войскаў.
«Пад кіраўніцтвам ужо Драпатага прасунуліся арыентавана на 25 кіламетраў. Гэта вельмі вялікая адлегласць у цяперашняй вайне. За ліпень мы вызвалілі столькі тэрыторыі, колькі ворагу ўдалося захапіць. У нас парытэт. І гэта вымяраецца 25—30 кіламетрамі», — каментуе «Настоящему Времени» ваенны аналітык Аляксей Гецьман.
У цэлым, з пачатку года УСУ вызвалілі каля 700 квадратных кіламетраў тэрыторыі. УС РФ захапілі прыблізна столькі ж. Гэта галоўны вынік летняй ваеннай кампаніі, кажуць аналітыкі: Украіна дагэтуль абараняецца, казаць пра пераход у глабальнае наступленне не выпадае. Але захапіць Славянска-Краматорскую агламерацыю да канца лета расійскай арміі не ўдасца: яе тэмпы наступлення скараціліся.
«Калі параўнаць з тым, што было год таму ці больш, — разоў у 10. Ці больш нават. Па вялікім рахунку, на Канстанцінаўскім і Ліманскім напрамках сціраюцца тыя рэсурсы, якія выдзяляліся стратэгічна. Лета заканчваецца. Фактычна першая задача не выканана», — кажа ваенны аналітык Павел Лакійчук.
Павольнае прасоўванне абедзвюх армій, у прыватнасці, абумоўлена спецыфікай вайны. Дроны зрабілі немагчымымі рэзкія прасоўванні. Менавіта з паветранымі атакамі многія аналітыкі звязваюць падзенне тэмпаў расійскага наступлення.
Гэтым летам Украіна павялічыла колькасць мідл-страйкаў (ад англ. middle strike — «удар на сярэднюю дыстанцыю», заўв. НВ) па тылах расійскай арміі, што ўскладняе ўсю лагістыку, і дзіп-страйкаў (ад англ. deep strike — «удар у глыбіню», заўв. НВ) па тэрыторыі Расіі.
«Дзіп-страйкі замінаюць дастаўляць паліва і ўсё неабходнае ў аператыўныя тылы, — тлумачыць ваенны аналітык Дзяніс Паповіч. — І зараз мы можам казаць, што ёсць нястача паліва на фронце, перш за ўсё бензіну. З дызелем па спецыфіцы расійскай перапрацоўкі справы лягчэйшыя. А вось з бензінам вялікія праблемы. Усе кажуць, што армія спажывае дызель, гэта праўда.
Але бензін патрэбны для генератараў. А генератары патрэбныя на перадавым краі, каб зараджаць батарэі, каб зараджаць дроны, рацыі».
Другі момант, у якім сыходзяцца ваенныя аналітыкі: вайна стала таннейшай. Каб паразіць умоўны склад за 200 кіламетраў ад лініі фронту, больш не патрэбная ракета за некалькі соцень тысяч долараў. Гэта пацвярджаюць і ў кампаніі-вытворцы ўкраінскіх ракет і дронаў Firepoint.
«Мэтай было зрабіць прадукт, які будзе простым, зразумелым, паўтаральным і не будзе вымагаць месяцаў трэнінгаў. У нашым выпадку свежы погляд на індустрыю, на тое, як мусяць рабіцца некаторыя рэчы, дапамог нам моцна знізіць цану на рынку і паказаць, што можна дасягаць такіх жа вынікаў, але з большай хуткасцю і пры меншай цане», — кажа CEO кампаніі Ірына Церах.
Дронавым атакам, дадае яна, дапамагае маштаб расійскай тэрыторыі: закрыць яе сродкамі СПА немагчыма. Над краінай і анексаваным Крымам у 2026 годзе збілі больш дронаў, чым за тры папярэднія гады, падлічыла выданне «Праект».
І нафтаперапрацоўчая галіна — не адзіная мэта БПЛА, кажа кіраўнік Firepoint Дзяніс Штылерман.
«Нам трэба дабіць «Вайлдберыз» і «Озон»: калі мы іх пакладзём, гэта немінуча прывядзе да абвальвання велізарнай колькасці банкаў. Гэта парушэнне ўстаялага быту, абвальванне дзясяткаў тысяч бізнесаў, якія падаткамі ўтрымліваюць гэтую армію, гэтага вар'яцкага чалавека [прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна] і патакаюць імперскім амбіцыям Расіі», — упэўнены ён.
Паводле слоў Штылермана, да канца года Украіна плануе вырабляць па чатыры балістычныя ракеты за дзень. Украінская балістыка зараз на фінальных этапах тэсціравання.
Ваенныя эксперты ўпэўненыя: гэта будзе істотным аргументам ужо падчас зімовай ваеннай кампаніі.
Цяпер чытаюць
У Шэймана знайшлі яшчэ адну магчымую каханку і сына. Сакратарка без вышэйшай адукацыі за лічаныя гады стала ўласніцай раскошных дамоў і гандлёвага цэнтра
У Шэймана знайшлі яшчэ адну магчымую каханку і сына. Сакратарка без вышэйшай адукацыі за лічаныя гады стала ўласніцай раскошных дамоў і гандлёвага цэнтра
«Паставілі палаткі, развялі вогнішчы». МУС пацвердзіла затрыманне 350 чалавек пад Расонамі. Знайшлі і аргумент: «Многія ў голым выглядзе перад малалетнімі»
Каментары