У Італіі абрабавалі музей з карцінамі генія Адраджэння, якога параўноўвалі з Рафаэлем. Чаму зладзеі спакусіліся менавіта гэтымі творамі?
З рэгіянальнага музея ў сіцылійскай Месіне скралі чатыры працы найвялікшага майстра XV стагоддзя Антанела да Месіны. Увагу зладзеяў да мастацкіх твораў прыцягнуць продаж на аўкцыёне за рэкордную суму іншай працы мастака.

Як паведамляе выданне The Guardian, злодзеі праніклі ў Рэгіянальны музей Месіны (MuMe) увечары 15 жніўня. Злачынцы скарысталіся тым, што ўся ўвага паліцыі і гараджан была прыкаваная да нацыянальнага свята Ферагоста і мясцовага рэлігійнага фестывалю. Дзейнічаючы «з хірургічнай дакладнасцю», група з трох чалавек абышла складаныя сістэмы сігналізацыі і ўзламала браніраваныя вітрыны.
Ахвярай рабаўнікоў стала адна з самых знакавых прац ранняга італьянскага Адраджэння — «Паліпціх Сан-Грэгорыа», створаны каля 1473 года. Гэта адзіны манументальны твор мастака, які ніколі не пакідаў яго роднай Месіны. Першапачаткова алтар складаўся з шасці панэляў, аднак яшчэ да землятрусу 1908 года, які разбурыў манастыр-заказчык, адна з частак была страчаная. Цяпер злодзеі вынеслі яшчэ тры панэлі з пяці ацалелых.
Паводле інфармацыі італьянскага агенцтва Rai News, падчас уцёкаў злачынцы, відавочна, былі нечым спалоханыя і кінулі дзве з шасці скрадзеных панэляў каля агароджы музея.

Чацвёртай выкрадзенай працай стала рэдкая двухбаковая мініяцюра (памерам усяго 16 на 12 см). На адным яе баку намаляваная «Мадонна з Немаўлём і францысканскім манахам», на другім — «Хрыстос у магіле».
Як адзначае CBS News, гэты твор, прызначаны для прыватнага адпраўлення культу, урад Сіцыліі набыў на аўкцыёне Christie's у 2003 годзе больш чым за 300 тысяч долараў, і захоўваўся ён у спецыяльнай браніраванай капсуле.

«Гэта надзвычай сур'ёзная страта, — заявіла дырэктарка музея Марыза Меркурыа. — Выкрадзеныя працы маюць велізарную культурную, мастацкую і сімвалічную значнасць не толькі для Месіны, але і для ўсёй Сіцыліі».
Рэвалюцыянер кватрачэнта
Антанела да Месіна (каля 1429—1479) лічыцца першым вялікім майстрам Адраджэння ў Паўднёвай Італіі. Навучаючыся ў Неапалі, ён пазнаёміўся з творчасцю нідэрландскіх мастакоў, у прыватнасці, Яна ван Эйка, і стаў тым чалавекам, які прынёс у італьянскае мастацтва тэхніку чыстага алейнага жывапісу.

Алейныя фарбы дазволілі Антанела дабівацца эфектаў, немагчымых пры выкарыстанні традыцыйнай тэмперы: неверагоднай мяккасці святлаценю (сфумата), дакладнасці ў дэталях і глыбіні пейзажных фонаў. Акрамя таго, ён здзейсніў рэвалюцыю ў партрэтным жывапісе. Да яго італьянцы малявалі мадэляў пераважна ў профіль, як на медальёнах. Антанела ж пачаў выкарыстоўваць паварот у тры чвэрці з прамым позіркам мадэлі на гледача, што дадавала партрэтам нябачаную раней псіхалагічную глыбіню. Сярод яго самых вядомых шэдэўраў — «Святы Себасцьян» (захоўваецца ў Дрэздэне) і «Святы Еранім у сваім кабінеце» (Нацыянальная галерэя, Лондан).
Чаму выбралі менавіта Антанела?
Выбар злачынцаў наўрад ці быў выпадковым. Інтарэс да прац сіцылійскага майстра апошнім часам рэзка ўзрос на міжнародным арт-рынку.
У лютым 2026 года ўрад Італіі выкупіў на аўкцыёне Sotheby's у Нью-Ёрку іншую працу Антанела — «Ecce Homo» — за рэкордныя 14,9 мільёна долараў. Гэтая публічная здзелка магла прыцягнуць увагу злачыннага свету і паказаць патэнцыйным заказчыкам рэальны кошт нават невялікіх палотнаў майстра.
Следства разглядае некалькі версій, і, як паведамляе італьянскае выданне Il Sole 24 Ore, асноўная з іх — крадзеж на замову для чорнага рынку мастацтва або для канкрэтнага прыватнага калекцыянера. Тое, што злачынцы працавалі выключна з творамі Антанела, якія былі напісаныя на драўляных дошках і іх немагчыма скруціць у рулон, як палатно, сведчыць пра дакладна прадуманую лагістыку і прафесіяналізм групоўкі.
Іронія сітуацыі ў тым, што гэты гучны крадзеж адбыўся літаральна на наступны дзень пасля таго, як італьянская паліцыя з гонарам адсправаздачылася аб паспяховым вяртанні трох іншых карцін Сезана, Рэнуара і Маціса, скрадзеных раней з прыватнага музея каля Пармы.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары