Былая ўдзельніца Pussy Riot расказала, што яе пад пагрозай зняволення завербавала ФСБ. З яе дапамогай хацелі забіць выдаўца «Медыязоны»
Былая ўдзельніца групы Pussy Riot Рыта Флорэс прызналася, што больш за тры гады была вымушаная супрацоўнічаць са спецслужбамі, піша Port. ФСБшнікі пагрозамі прымушалі яе збіраць інфармацыю на сучасных мастакоў і палітычных актывістаў. А Пятра Вярзілава з яе дапамогаю хацелі забіць.

Былая ўдзельніца Pussy Riot Рыта Флорэс расказала, што ў лютым 2023 года пасля ператрусу ў кватэры пад пагрозай забойства яе сям’і і крымінальнага пераследу яе завербавала ФСБ. З таго часу яна была агенткай спецслужбы пад псеўданімам «Харлей», а яе куратарам быў супрацоўнік па імені Іван.
Флорэс кажа, што падчас ператрусу супрацоўнікі ФСБ пагражалі ёй, у тым ліку за допісы пра забойствы ў Бучы. Ёй заявілі, што калі яна адмовіцца супрацоўнічаць, то можа «бясследна знікнуць». Пазней яе адвезлі ў сакрэтны офіс ФСБ, дзе прымусілі падпісаць дакументы аб супрацоўніцтве.
Спачатку Флорэс атрымала спіс сучасных мастакоў з Расіі і суседніх краін і павінна была збіраць на іх дасье: дзе яны жывуць, з кім сябруюць, якія маюць звычкі, праблемы, слабасці і асабістыя сувязі. Паводле яе, ФСБ асабліва цікавіла тое, што можна было б выкарыстаць для шантажу або завядзення крымінальнай справы.
Для сувязі ёй выдалі асобны Android-тэлефон з SIM-картай, аформленай на чужога чалавека. Пазней на яе ўласны тэлефон усталявалі праграму сачэння. Флорэс сцвярджае, што першы год сустракалася з куратарам амаль штодня, а пазней — радзей.
Адной з першых мішэняў стаў вулічны мастак Philippenzo — Філіп Козлоў, які цяпер жыве ў Вільні. ФСБ ужо мела яго ў распрацоўцы і праз Флорэс збірала інфармацыю пра яго. Яна распавядала куратарам нават такія дробязі, як дзе мастак есць локшыну і якое піва п’е.

Каб спыніць распрацоўку, Флорэс наўмысна пасварылася з ім. Пазней гэты прыём яна выкарыстоўвала і з іншымі людзьмі, якіх ад яе патрабавала распрацоўваць ФСБ.
Потым яна «працавала» з акцыяністам Паўлам Крысевічам, які адбыў каля трох з паловай гадоў за перформанс на Краснай плошчы. ФСБ цікавілася яго планамі, акцыямі і людзьмі, якія іх фінансуюць. Флорэс зноў паспрабавала спыніць распрацоўку праз канфлікт — яна нават пісала пра мастака гадасці яго жонцы. У выніку Крысевіч з'ехаў з Расіі.

Самы шакавальны эпізод пачаўся летам 2025 года. Паводле Флорэс, ФСБ даручыла дапамагчы забіць Пятра Вярзілава, былога ўдзельніка Pussy Riot, выдаўца «Медыязоны» — выданне, якое лічыць забітых на вайне расіян. Флорэс раней была з ім у адносінах.
План, паводле яе слоў, выглядаў так: Флорэс павінна была выманіць Вярзілава ў Сербію, завесці яго ў пэўную кавярню, дзе яго ўжо чакалі б супрацоўнікі ФСБ і крымінальнікі. Пасля яе выхаду з кавярні Вярзілава планавалі скрасці і забіць.

За ўдзел у гэтай аперацыі ёй абяцалі ад 1 да 3 мільёнаў расійскіх рублёў ( 12‑36 тысяч даляраў) і больш. Флорэс кажа, што менавіта пасля гэтага зразумела: далей заставацца ў гэтай гульні небяспечна не толькі для яе, але і для людзей вакол.
«Тут здарылася кропка невяртання. Калі раней я думала, што мне трэба дачакацца проста атрымання пашпарта, рознымі спосабамі яго выкрасці і з'ехаць, то тут я зразумела, што… яны шмат што могуць зрабіць», — распавяла Флорэс.
Паводле яе, куратары таксама «каля ста разоў» прасілі знайсці «хаця б частковае фота» дома Вярзілава ва Украіне, каб можна было ўсталяваць побач выбуховае прыстасаванне. Яна сцвярджае, што ФСБ ненавідзіць Вярзілава і шукае магчымасць яго забіць.
Каб пазбегнуць задання, Флорэс сказала куратарам, што пасля замужжа муж забараняе ёй сустракацца з іншымі мужчынамі. Паралельна яна звязалася з адвакатам Дзмітрыем Захватавым.
Захватаву яна распавяла пра вярбоўку летам 2025 года. Спачатку яны нават разглядалі варыянт зрабіць выгляд, што Флорэс пагадзілася на забойства Вярзілова, каб затым затрымаць супрацоўнікаў ФСБ у Сербіі. Але ад гэтага плана адмовіліся: ён быў занадта небяспечным для самой Флорэс.
У выніку каля дзесяці дзён таму Захватаву ўдалося вывезці яе з Расіі. Як менавіта — адвакат не раскрывае.
Флорэс сцвярджае, што за першыя месяцы супрацоўніцтва ёй толькі адзін раз заплацілі 30 тысяч рублёў (360 даляраў). Апошнія месяцы яна атрымлівала ўжо зарплату — 50 тысяч рублёў (600 даляраў) кожнага 15‑га чысла. Апошнюю выплату атрымала ў чэрвені.
Цяпер Флорэс вырашыла публічна расказаць пра ўсё, каб дапамагчы іншым людзям, якіх, паводле яе, ФСБ таксама магла завербаваць.
Каментары