«На світанні пачынаецца эканамічны «Дзень Д» — найбуйнейшы фінансавы наступ, калі-небудзь арганізаваны супраць праціўніка», — напісаў Скот Бесэнт.

ЗША ўжо аслабілі ваенны патэнцыял Ірана, цяпер Вашынгтон забяспечыць «дзень Д» для іранскай эканомікі. Пра гэта ў артыкуле для The Financial Times напісаў кіраўнік Міністэрства фінансаў ЗША Скот Бесэнт.
«Прэзідэнт Дональд Трамп і пераважная моц нашых узброеных сіл значна падарвалі ваенны патэнцыял Ірана і аслабілі яго ядзерную праграму. Цяпер мы ўступаем у фінальную стадыю. На світанні пачынаецца эканамічны «Дзень Д» — найбуйнейшы фінансавы наступ, калі-небудзь арганізаваны супраць праціўніка», — напісаў міністр фінансаў.
Бесэнт адзначыў, што эканоміка Ірана аслаблена да мяжы, але Тэгеран усё яшчэ разлічвае на дапамогу іншых краін. Памочнікі Ірана, як піша міністр, купляюць яго нафту, абслугоўваюць фінансавыя патокі і заплюшчваюць вочы на незаконныя аперацыі.
«Прэзідэнт Трамп робіць тое, ад чаго адмаўляліся яго папярэднікі», — сказаў ён. На думку Бесэнта, поўная фінансавая ізаляцыя Ірана здольная ліквідаваць неабходнасць прымянення ваеннай сілы.
Паводле слоў Бесэнта, тыя, хто разарве сувязі з Тэгеранам, умацуюць уласныя эканомікі, а тыя, хто застанецца эканамічна прывязаным да Тэгерана, «падзеляць яго ізаляцыю».
«Стаць сховішчам для тэрору — значыць стаць у вачах Злучаных Штатаў сусветным ізгоем», — папярэджвае Бесэнт.
Першапачаткова «Дзень Д» у гісторыі — гэта высадка амерыканцаў, брытанцаў і канадцаў 6 чэрвеня 1944 года ў Нармандыі, што прывяло ў выніку да поўнага вызвалення Заходняй Еўропы ад нацыстаў. Потым «Дзень Д» — гэта ў ваеннай тэрміналогіі дзень пачатку буйной ваеннай аперацыі.
Каментары