Гісторыя1515

Пра што маўчаць ідалы: як археалогія дапамагае вывучаць беларускую міфалогію

Каменныя і драўляныя ідалы, старажытныя свяцілішчы і сотні сакральных валуноў захоўваюць сляды вераванняў людзей, якія жылі на беларускіх землях стагоддзі і тысячагоддзі таму. Аднак археалагічная знаходка рэдка дае даследчыкам адназначны адказ, якому богу пакланяліся ў пэўным месцы і якія абрады там праводзілі. У новым выпуску праекта «МіфаВлогія роднага краю» гісторык Дзмітрый Скварчэўскі расказаў, што археалогія можа паведаміць пра рэлігійныя ўяўленні продкаў, а дзе пачынаецца тэрыторыя навуковых гіпотэз.

Верхаўлянскае свяцілішча. Фота: berest-lib.blogspot.com

Археалагічныя матэрыялы застаюцца адной з галоўных крыніц для рэканструкцыі міфалагічных і рэлігійных уяўленняў продкаў беларусаў. Пісьмовых сведчанняў пра іх захавалася вельмі мала, таму даследчыкі супастаўляюць археалагічныя знаходкі з этнаграфічнымі і пісьмовымі крыніцамі і на гэтай аснове будуюць свае гіпотэзы. Аднак археалагічныя матэрыялы маюць сваю асаблівасць — яны «маўклівыя».

Нават калі навукоўцы знаходзяць каменнага ідала, як даводзіць Скварчэўскі, яны рэдка могуць з усёй пэўнасцю сказаць, якому менавіта богу ён прысвечаны і якія абрады здзяйсняліся побач. Усё, што застаецца даследчыкам, — гэта ствараць гіпотэзы на аснове вобразаў і атрыбутаў знойдзеных артэфактаў.

Верхаўляны: свяцілішча, якое жыло стагоддзямі

Адной з самых цікавых знаходак у гісторыі беларускай археалогіі лічыцца Верхаўлянскае свяцілішча (Бераставіцкі раён), якое даследаваў археолаг Эдвард Зайкоўскі. Яго асноўная пляцоўка была раскапана, таму навукоўцы могуць даволі падрабязна ўявіць будову свяцілішча. Яно было акружана валамі і равамі, пляцоўка была брукаваная, там падтрымліваўся агонь, а ў цэнтры археолагі выявілі яму ад слупа. Мяркуецца, што на гэтым месцы мог стаяць драўляны ідал.

Верхаўлянскае свяцілішча не было ўнікальным па сваёй канструкцыі. Яно належыць да тыпу так званых малых гарадзішчаў-свяцілішчаў — круглых пляцовак дыяметрам каля дзесяці метраў, акружаных ровам і валам. У цэнтры падобных аб'ектаў часта знаходзяць слупавыя ямы, што дазваляе меркаваць пра існаванне там драўляных канструкцый або ідалаў.

Як заўважае Скварчэўскі, археалагічныя матэрыялы, выяўленыя на гарадзішчы, датуюцца ХI стагоддзем, то-бок часам адразу пасля афіцыйнай хрысціянізацыі крывічоў і дрыгавічоў. Але, тым не менш, гэтае паганскае свяцілішча працягвала дзейнічаць. Магчымыя два варыянты. Або хрысціянізацыя гэтай аддаленай тэрыторыі не адбылася імгненна. Або тут тады жылі не славяне, а балты, якіх рускія князі не хрысцілі.

Археолаг Эдвард Зайкоўскі знайшоў там рэчы, якія належаць нават да XVII стагоддзя. Скварчэўскі звяртае ўвагу, што ў пісьмовых крыніцах таго часу ў гэтай мясцовасці, на тэрыторыі сучаснага Бераставіцкага раёна, згадваецца насельніцтва, якое называлі «старая літва». Па словах гісторыка, пісьмовыя крыніцы фактычна прамым тэкстам кажуць, што гэта, па сутнасці, паганскае насельніцтва. Таму ён дапускае, што пазнейшая актыўнасць на тэрыторыі свяцілішча магла быць звязаная менавіта з імі.

Як адзначае Скварчэўскі, у мемуарах Антонія Храпавіцкага XVII стагоддзя згадваецца пагорак непадалёк ад Верхаўлянскага свяцілішча, на якім стаяў «камень затулены». Да яго прыходзілі людзі ў надзеі пазбавіцца ад хвароб. Падчас археалагічнай разведкі ў 2009 годзе ў той мясцовасці знайшлі аб'ект, падобны да Верхаўлянскага свяцілішча, але меншы паводле памераў. Ён пакуль не даследаваны.

Фота: berest-lib.blogspot.com

Таямніца Гальшан

Верхаўляны — не адзіны прыклад, калі археалагічныя знаходкі перагукаюцца з пісьмовымі сведчаннямі пра захаванне старажытных культаў праз стагоддзі. Падобную гісторыю Скварчэўскі расказвае і пра Гальшаны, дзе ён больш за дзесяць гадоў удзельнічаў у археалагічнай экспедыцыі. За гэты час даследчыкі зрабілі там нямала цікавых знаходак, у тым ліку звязаных з духоўнай культурай насельніцтва гэтых мясцін.

Адной з іх стаў незвычайны аб'ект на Гальшанскім селішчы, які, паводле Скварчэўскага, мог быць часткай сядзібнага ахвярніка. Археолагі знайшлі брукаваную пляцоўку, на якой стаяў камень. Сама брукоўка была запоўненая вуглём — відавочна, каля каменя палілі агонь. Там жа знайшлі шмат перапаленай керамікі і костак. Усё гэта дае падставы меркаваць, што пляцоўка магла мець не проста гаспадарчае прызначэнне, а выкарыстоўвацца для пэўных рытуальных дзеянняў.

Цікава, што і ў гэтым выпадку археалагічная знаходка атрымлівае дадатковы кантэкст дзякуючы пісьмовым крыніцам. Скварчэўскі нагадвае, што ў жалезным веку і пазней тэрыторыя Гальшанаў адносілася да арэала культуры ўсходнелітоўскіх курганоў, звязанай з балцкай традыцыяй. А праз стагоддзі некаторыя мясцовыя культавыя практыкі трапілі ўжо на старонкі пісьмовых дакументаў.

У XVI стагоддзі, езуіты, якія ездзілі па вёсках і займаліся распаўсюджваннем каталіцтва, пакінулі пісьмовыя сведчанні пра захаванне ў мясцовага насельніцтва ранейшых культаў.

У езуіцкіх справаздачах, у прыватнасці, згадваліся сядзібныя каменныя ахвярнікі. З гэтых сведчанняў вынікае, што ў XVI стагоддзі такая традыцыя яшчэ заставалася жывой. Таму Скварчэўскі дапускае, што выяўлены археолагамі аб'ект на Гальшанскім селішчы таксама мог быць падобным сядзібным ахвярнікам.

Старыя і новыя знаходкі

Сярод іншых важных знаходак Скварчэўскі вылучае Шклоўскага і Ваўкавыскага ідалаў. Праблема Шклоўскага ідала ў тым, што гэта выпадковая знаходка па-за археалагічным кантэкстам. Даследчыкі не могуць дакладна вызначыць, дзе ён першапачаткова стаяў і з якім комплексам быў звязаны. Ваўкавыскі ідал, наадварот, быў знойдзены каля гарадзішча. Ён быў разбіты, скінуты ўніз і пазней закапаны. Цяпер яго можна ўбачыць у двары Гродзенскага музея гісторыі рэлігіі.

Дакладна падлічыць колькасць старажытных свяцілішчаў на тэрыторыі Беларусі пакуль немагчыма. На думку даследчыка, сакральных месцаў павінна было існаваць шмат: свае святыні маглі мець асобныя паселішчы, а акрамя іх існавалі больш значныя месцы, якія наведвалі жыхары шырэйшай тэрыторыі.

Аднак добра даследаваных археолагамі помнікаў няшмат. Акрамя Верхаўлянскага, Скварчэўскі згадвае Хадосавіцкае свяцілішча ў Рагачоўскім раёне, якое было цалкам раскапана. На многіх іншых меркаваных сакральных аб'ектах праводзіліся толькі невялікія даследаванні, таму нават іх інтэрпрэтацыя як свяцілішчаў можа заставацца дыскусійнай.

Вядома таксама некалькі дзясяткаў каменных ідалаў або іх фрагментаў. Аднак гэта не азначае, што ўсе культавыя скульптуры рабілі з каменю. Драўляныя прадметы захоўваюцца значна горш. Рэдкі прыклад такой знаходкі паходзіць з Асаўца, дзе была выяўлена невялікая драўляная культавая скульптура. На думку даследчыка, яна мела сакральнае значэнне і можа быць аднесена да ліку ідалаў.

Выпадковая знаходка

Асабліва значнай для самога Скварчэўскага стала знаходка, зробленая летась. Прычым знайшоў яе не даследчык, а яго шасцігадовы сын — хлопчык выпадкова заўважыў каменнага ідала.

Як і многія іншыя вядомыя каменныя ідалы, гэта была выпадковая знаходка па-за археалагічным помнікам, а значыць, без кантэксту, які мог бы дапамагчы даследчыкам дакладней вызначыць яе паходжанне. Спачатку ўвагу хлопчыка прыцягнуў камень, які выглядаў незвычайна. Пры бліжэйшым аглядзе на ім заўважылі відавочна штучную, апрацаваную лінію. Калі невялікі камень дасталі і перавярнулі, высветлілася, што на ім можна разгледзець твар, а апрацаваная паверхня вылучае галаву і шыю.

Паводле Скварчэўскага, раней гэтая знаходка ў навуковай літаратуры не апісвалася. Пакуль даследчык не раскрывае ні месца, дзе быў знойдзены ідал, ні іншых падрабязнасцяў: ён плануе ўпершыню апублікаваць знаходку і гісторыю яе адкрыцця ў кнізе, над якой цяпер працуе.

Якім багам пакланяліся ў беларускіх свяцілішчах?

Нягледзячы на вядомыя археолагам свяцілішчы і знаходкі ідалаў, звязаць канкрэтныя сакральныя помнікі на тэрыторыі Беларусі з пэўнымі паганскімі багамі даследчыкі пакуль не могуць. Як тлумачыць Скварчэўскі, нават калі археалогія пацвярджае сакральны характар месца, яна звычайна не дае адказу на пытанне, каму менавіта там пакланяліся.

Паказальны прыклад — ужо згаданае Верхаўлянскае свяцілішча. Археолагі знайшлі ў яго цэнтры слупавую яму, таму ёсць падставы меркаваць, што там некалі стаяў ідал. Побач ёсць яшчэ адна цікавая дэталь: поле за свяцілішчам называецца Пяруновым.

Аднак Скварчэўскі перасцерагае ад спакусы адразу звязаць гэты помнік з культам Пяруна. Назву мае поле, а не сама горка, на якой знаходзіцца свяцілішча. Таму сцвярджаць, што менавіта тут пакланяліся Пяруну, нельга.

Больш за тое, сярод вядомых сёння сакральных помнікаў Беларусі няма такога, які даследчыкі маглі б упэўнена звязаць з канкрэтным боствам. Але гэта тычыцца найперш рукатворных аб'ектаў — свяцілішчаў і іншых месцаў, створаных або ўладкаваных чалавекам. Побач з імі існуе іншая вялікая катэгорыя святыняў — прыродныя сакральныя аб'екты, у прыватнасці, святыя камяні.

Паводле Скварчэўскага, сёння ў Беларусі вядома каля паўтысячы сакральных камянёў. Не ўсе яны захаваліся да нашых дзён: частка вядомая толькі з пісьмовых і этнаграфічных крыніц, іншыя даследчыкі знаходзілі падчас экспедыцый, якія актыўна праводзіліся з 1970— 1980‑х гадоў. Сярод гэтых валуноў ёсць і такія, назвы якіх непасрэдна звязаныя з імёнамі паганскіх багоў. Напрыклад, у Сенненскім раёне вядомыя два валуны, якія называюць Пярун. Камяні з такой назвай сустракаюцца і ў іншых раёнах Беларусі. Пад Мінскам знаходзіцца камень Волас, яшчэ адзін камень з такой жа назвай вядомы ў Браслаўскім раёне.

Камень Волас каля в. Крыжоўка Мінскага раёна. 4 чэрвеня 2020 г. Фотаздымак Дзмітрыя Скварчэўскага. Крыніца: ethnoby.org

Аднак нават імя паганскага бога ў назве каменя яшчэ не азначае, што перад намі святыня, якая існавала з дахрысціянскіх часоў. Скварчэўскі звяртае ўвагу на важнае для даследчыкаў адрозненне: далёка не ўсе так званыя аб'екты сакральнай геаграфіі маюць непасрэдную гістарычную сувязь з культамі старажытнага паганства.

Напрыклад, невядома, калі менавіта пачалі шанаваць адзін з камянёў Пярун у Сенненскім раёне. Гэта магло адбыцца яшчэ ў бронзавым веку, але з такім жа поспехам — толькі ў XVIII стагоддзі. Надзейных звестак, якія дазвалялі б дакладна датаваць узнікненне гэтага культу, няма.

Больш за тое, пісьмовыя і архіўныя крыніцы паказваюць, што новыя сакральныя месцы ўзнікалі ў розныя гістарычныя эпохі. Такія працэсы можна назіраць нават у наш час. Людзі могуць пачаць ушаноўваць крыніцу, камень або дрэва, якія раней не мелі ніякага сакральнага статусу.

Скварчэўскі звязвае гэта з так званым «сакральным прэцэдэнтам» — падзеяй, якая ўспрымаецца людзьмі як незвычайная, цудоўная праява боскага ў канкрэтным месцы. Менавіта такая падзея можа надаць звычайнаму прыроднаму аб'екту новы статус і ператварыць яго ў святыню. І адбыцца гэта можа ў любую эпоху.

У выніку ўзнікае парадаксальная на першы погляд сітуацыя. Паводле сваёй сутнасці такая традыцыя можа быць міфалагічнай і нават паганскай паводле характару, але гэта зусім не азначае, што яна дахрысціянская паводле свайго паходжання. Іншымі словамі, «паганскае» ў гэтым выпадку не абавязкова азначае «старажытнае».

@turcentersenno ⚡️⚡️⚡️В сердце Витебской области, в деревне Расходно Сенненского района, хранится настоящая природная загадка — камень-валун «Перун». Этот величественный камень, словно застыл во времени, несёт в себе силу и магию древних легенд. Его могучая форма и загадочная история привлекают тех, кто ищет связь с природой и наследием предков. По преданию, именно здесь Перун убил самого могущественного дьявола, предводителя всего нечестивого братства. На камне можно заметить следы гостей: браслеты, свечки, статуэтки. Загадочность и особый антураж камню предает заросшая мхом деревянная табличка и место, где камень находится. Это стоит увидеть своими глазами! #сенненщинатуристическая #сенно #belarustravel #путешествие ♬ оригинальный звук - Туры, маршруты, экскурсии

Добра гэта відаць на прыкладзе тых жа камянёў Пярун. Пра адзін з валуноў у Сенненскім раёне захаваліся звесткі, што каля яго святкавалі Купалле. На першы погляд такое спалучэнне — імя Пяруна, сакральны камень і купальскае святкаванне — можа выглядаць амаль прамым сведчаннем старажытнага паганскага культу. Але, як падкрэслівае Скварчэўскі, нават гэта яшчэ не дазваляе сцвярджаць, што камень шанавалі ў дахрысціянскую эпоху. Археалагічныя раскопкі каля яго могуць увогуле нічога не выявіць або даць матэрыялы толькі позняга Сярэднявечча.

Менавіта таму даследчык крытычна ставіцца да распаўсюджанай звычкі аўтаматычна называць падобныя святыні помнікамі старажытнага паганства. Пры строгім навуковым падыходзе неабходна адрозніваць узрост канкрэтнага сакральнага месца ад характару традыцыі, якая з ім звязаная.

Таму камень пад назвай Пярун сапраўды можа быць часткай міфалагічнай традыцыі, але гэта яшчэ не азначае, што каля яго стаяла свяцілішча і людзі маліліся Пяруну, напрыклад, у VII стагоддзі. Зрэшты, падкрэслівае Скварчэўскі, пазнейшае паходжанне такой традыцыі ніяк не робіць сам аб'ект менш каштоўным і значным для даследавання беларускай міфалогіі і народнай культуры.

Каментары15

  • БНР
    24.08.2026
    Наше национальное самосознание было реализовано в 1918 году с момента образования БНР. А что было ранее никакого отношения не имеет ни к нашей истории, ни к культуре ни тем более к вероисповеданию.
  • пашукайце ў сеціве лекцыю Т. Снайдэра на гэты конт
    24.08.2026
    БНР,
    1) на імперскай мове
    2) правакацыя
    3) Каму цікава, пашукайце ў сеціве лекцыю Т. Снайдэра на гэты конт
  • зброя, рабства, гарэмы‑цэрэмы; паўсюль — іслам або ўплыў іслам
    24.08.2026
    дзякуй НН, дадам - У масковіі не было (і няма) хрысціянства — там існавала сумесь ісламу з мангольскім нестарыянствам (архітэктура, адзенне, зброя, рабства, гарэмы‑цэрэмы; паўсюль — іслам або ўплыў ісламу). Таму ўсе дзеянні масковіі і яе царквы трэба разумець, улічваючы гэтую сітуацыю.

Цяпер чытаюць

Пераапранаўся на гарышчы і меў парык. Як лавілі рабаўніка ювелірнай крамы7

Пераапранаўся на гарышчы і меў парык. Як лавілі рабаўніка ювелірнай крамы

Усе навіны →
Усе навіны

На рынку ёсць незвычайная альтэрнатыва студыям і брэжнеўкам. Што такое бізнэс-апартаменты, якія ў іх плюсы і мінусы1

Payoneer закрывае акаўнты беларусаў16

«Гадамі ў бетонным турэмным мяшку я прасіў Бога, каб вы выстаялі». Статкевіч павіншаваў украінцаў з Днём незалежнасці3

Маштабная атака на Ozon: беспілотнікі разбамбілі склады ў Дагестане, Адыгеі і Стаўрапольскім краі3

Міністр фінансаў ЗША анансаваў «Дзень Д» для іранскай эканомікі

Пра што маўчаць ідалы: як археалогія дапамагае вывучаць беларускую міфалогію15

Сотні дзяўчат скакалі на міні-батутах у цэнтры Мінска5

Лукашэнка павіншаваў народ Украіны з Днём незалежнасці7

Уначы ўкраінцы ўдарылі беспілотнікамі па Краснадары3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пераапранаўся на гарышчы і меў парык. Як лавілі рабаўніка ювелірнай крамы7

Пераапранаўся на гарышчы і меў парык. Як лавілі рабаўніка ювелірнай крамы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць