«Каб увесь свет гаварыў па-руску, вывучайце аўтамат Калашнікава». У Расіі ўдзельнік вайны даў наказ школьнікамі 1 верасня
На ўрачыстай лінейцы да 1 верасня ў Краснаярску перад школьнікамі выступіў удзельнік вайны ва Украіне. Мужчына ў адзенні з літарай Z заклікаў дзяцей вывучаць аўтамат Калашнікава, «каб увесь свет гаварыў па-руску».

Відэа з лінейкі ў ліцэі № 11 у Краснаярску апублікавала мясцовае выданне «Проспект Мира».
«Як сказаў адзін палітык, каб увесь свет гаварыў па-руску, вывучайце аўтамат Калашнікава. Яшчэ раз усіх са святам. Перамога будзе за намі», — сказаў мужчына школьнікам.
Так ён працытаваў расійскага палітыка Уладзіміра Жырыноўскага, які памёр у 2022 годзе.
«Дождь» высветліў, што перад дзецьмі выступаў Аляксандр Клаус — удзельнік расійскага ўварвання ва Украіну. Паводле публікацый у мясцовых СМІ, ён рэгулярна ўдзельнічае ў так званых патрыятычных мерапрыемствах для школьнікаў і моладзі.
Напрыклад, у кастрычніку 2025 года Клаус выступаў на форуме для навучэнцаў Цэнтральнага раёна Краснаярска. Тады ён заклікаў маладых людзей пасля тэрміновай службы ў войску падпісваць кантракт і ехаць на вайну ва Украіну.
Сам Клаус расказваў, што ў жніўні 2023 года добраахвотна далучыўся да атрада «Чорны барс» і падпісаў кантракт. Паводле яго слоў, ён удзельнічаў у баях у раёне Аўдзееўкі, Пяскоў і Вадзянога.
Пасля кантузіі і ранення рукі Клаус вярнуўся ў Краснаярск.
Каментары