У Белавежскай пушчы з'явіўся першы афіцыйны апякун зуброў. Ім стаў гродзенскі бізнэсмен Андрэй Бертэль, уладальнік веласіпеднай фабрыкі Racer. У мінулыя выхадныя ён прыехаў знаёміцца са сваімі падапечнымі — і, здаецца, зубрам гэта спадабалася. Прынамсі, моркву і яблыкі яны без сарамлівасці забіралі з рук, піша «Точка».

Як гэта было
Разам з Бертэлем у пушчу прыехалі 18 веласіпедыстаў — яны спецыяльна перанеслі трэніроўку, каб убачыць зуброў.
Зубры смела падыходзілі да агароджы і забіралі гародніну праз адтуліны ў сетцы. У першую чаргу разышлася морква, яе яны любяць больш за ўсё.

Самы буйны ў вальеры — самец Бора. Ён акуратна забіраў пачастунак, глытаў цалкам і тут жа прасіў дабаўкі. Маленькае цяля, якое нарадзілася сёлета, таксама смела стаяла каля сеткі і зусім не баялася людзей.
«Мы ведаем, што любімы пачастунак зуброў — гэта яблыкі, морква, капуста. Таму ўзялі такі набор гародніны. Для першага знаёмства нават склалі з качаноў свежай капусты і морквы нешта падобнае да торта для зуброў, але потым зразумелі, што гэтая эстэтыка тут не патрэбная», — расказвае Бертэль.

Чаму бізнэсмен вырашыў апекаваць зуброў
Паводле слоў Бертэля, ідэя нарадзілася выпадкова. Выява зубра на каробках веласіпедаў з'явілася задоўга да дабрачыннай праграмы — не як лагатып, а як вобраз, які адлюстроўвае сутнасць прадукту.
«Мы даўно адчувалі сувязь з гэтымі жывёламі — яны пра моц, надзейнасць, сілу, вынослівасць. Калі мы выпусцілі серыю веласіпедаў, прысвечаную прыродзе, узнікла ідэя дабрачыннай праграмы», — кажа бізнэсмен.

Калі выпусцілі серыю веласіпедаў, прысвечаную прыродзе, у кампаніі вырашылі пайсці далей. Частку сродкаў ад продажу лімітаваных мадэляў накіроўваюць у нацыянальны парк на закупку кармоў для маладняку.
Як адзначыў намеснік гендырэктара нацпарку Максім Прыхадоўскі, «ініцыятыва «Моц прыроды» важная не столькі аб'ёмамі перададзенага корму, колькі самой ідэяй. Яна паказвае, што бізнэс можа быць неабыякавым і бачыць у прыродзе не рэсурс, а партнёра».
Што далей
На 2026 год у беларускай частцы Белавежскай пушчы жыве каля 800 зуброў. Узімку, калі корму становіцца менш, яны маюць патрэбу ў падкормцы. У кожным лясніцтве абсталяваныя спецыяльныя пляцоўкі, куды з надыходам халадоў прыходзяць статкі.
Мінулая зіма была суровай, але, паводле слоў егераў, прайшла без страт. Колькасць папуляцыі расце — сёлета частку зуброў перадалі ў Расію ў рамках праграмы рассялення.
Адміністрацыя парку спадзяецца, што за прыкладам Бертэля пайдуць і іншыя кампаніі.
Каментары