МЗС Латвіі пасля сустрэчы з Коўлам: Санкцыі супраць Беларусі павінны захоўвацца
17 верасня міністарка замежных спраў Латвіі Байба Бражэ сустрэлася са спецыяльным пасланнікам прэзідэнта ЗША па пытаннях Беларусі Джонам Коўлам. Яны абмеркавалі сітуацыю на латвійска-беларускай мяжы і магчымасці спынення выкарыстання міграцыі беларускім рэжымам як інструмента ціску, паведаміла прэс-служба МЗС Латвіі.

Байба Бражэ падзякавала ЗША за падтрымку бяспекі Латвіі і краін Балтыі, у тым ліку за дапамогу ва ўмацаванні латвійскай мяжы як знешняй мяжы ЕС і НАТА. Яна таксама адзначыла ўдзел ЗША ў вызваленні беларускіх палітычных зняволеных.
Паводле Бражэ, міжнародная супольнасць павінна працягваць ціск на беларускія ўлады, пакуль у Беларусі захоўваюцца рэпрэсіі супраць грамадзян і дзеянні, якія, на думку латвійскага боку, ствараюць пагрозу бяспецы суседніх краін.
Міністарка распавяла амерыканскаму спецпасланніку пра сітуацыю на латвійска-беларускай мяжы і меры, якія Латвія прымае для яе ўмацавання. З пачатку 2026 года латвійскія службы прадухілілі больш за 11 тысяч спроб незаконнага перасячэння мяжы з боку Беларусі.
Бражэ заявіла, што беларускія ўлады працягваюць выкарыстоўваць міграцыю як сродак ціску на Латвію і Еўрасаюз. Паводле яе, гэта не толькі пытанне міграцыі, але і частка больш шырокай стратэгіі, якая, як сцвярджае латвійскі бок, павінна аслабляць адзінства саюзнікаў, ствараць дадатковую нагрузку на латвійскую памежную службу і павялічваць рызыкі для бяспекі межаў ЕС і НАТА.
Міністарка таксама выступіла за працяг і ўзмацненне санкцыйнага ціску на беларускі рэжым. Паводле яе, санкцыі павінны захоўвацца, пакуль працягваюцца рэпрэсіі ў Беларусі, выкарыстанне міграцыі як інструмента ціску і іншыя дзеянні, якія Латвія разглядае як пагрозу для сваёй бяспекі і бяспекі іншых краін ЕС і НАТА.
Каментары