Эканоміка33

Ці пусціць Латвія беларускі калій? Даведаліся, што пачуў Коўл у Рызе

Латвія вітае намаганні ЗША па вызваленні беларускіх палітвязняў, аднак не бачыць падстаў змякчаць ціск на рэжым Лукашэнкі. 

Джон Коўл і Андрыс Кулбергс. Фота: mk.gov.lv

17 верасня Рыгу наведаў спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл. Ён сустрэўся з прэм’ер-міністрам Латвіі Андрысам Кулбергсам, міністаркай замежных спраў Байбай Бражэ і кіраўніцтвам Дзяржаўнай памежнай аховы. Падчас перамоў значную ўвагу надалі бяспецы ўсходняй мяжы Латвіі, нелегальнай міграцыі, якую латвійскія ўлады лічаць інструментам гібрыднага ціску Мінска, а таксама намаганням ЗША па вызваленні беларускіх палітвязняў.

Напярэдадні Джон Коўл сустракаўся з кіраўніцтвам Літвы і анансаваў паездку ў Латвію, каб, паводле яго слоў, усе бакі маглі ўзгадніць далейшыя дзеянні. Адной з магчымых тэм перамоў называлі транзіт беларускага калію. 

«Здзелка па калійных угнаеннях знаходзіцца ў вельмі добрым стане, каб арганізаваць пастаўкі калію з Беларусі ў ЗША — гэтага хоча прэзідэнт Трамп», — цытуе амерыканскага дыпламата The New York Times.

«Пазіцыя Рыгі застаецца нязменнай»

Дарадца Святланы Ціханоўскай па дыпламатыі Дзяніс Кучынскі расказаў «Нашай Ніве», што ў дзень візіту Коўла быў на сувязі з латвійскімі калегамі.

Незадоўга да гэтага ён сам наведваў Рыгу і правёў кансультацыі з галоўным дарадцам прэм’ер-міністра Латвіі па міжнароднай палітыцы і прадстаўнікамі МЗС. Падчас тых сустрэч абмяркоўвалі рэгіянальную бяспеку, правакацыі з боку рэжыму Лукашэнкі і падтрымку беларусаў у Латвіі і Еўрасаюзе.

Дзяніс Кучынскі. Фота: «Наша Ніва»

«Сёння латвійскія партнёры яшчэ раз пацвердзілі мне, што пазіцыя Латвіі застаецца паслядоўнай і нязменнай. Рыга вітае вызваленне беларускіх палітвязняў і высока ацэньвае намаганні Злучаных Штатаў і спецыяльнага пасланніка Джона Коўла. Мы зацікаўленыя ў тым, каб гэты дыпламатычны трэк працягваўся і прывёў да вызвалення ўсіх палітычных зняволеных», — адзначыў Дзяніс Кучынскі.

Разам з тым, латвійскі бок не бачыць падстаў казаць пра істотныя змены ў палітыцы беларускага рэжыму:

«Працягваюцца рэпрэсіі, падтрымка расійскай агрэсіі супраць Украіны і гібрыдны ціск на краіны Еўрасаюзу. Таму пазіцыя Латвіі адносна захавання палітычнага і санкцыйнага ціску застаецца нязменнай. Гэта датычыцца і эканамічнага ціску, у тым ліку калійнага пытання».

У цэнтры ўвагі — сітуацыя на мяжы

Што тычыцца зместу перамоў у Рызе, Дзяніс Кучынскі асобна адзначыў, што найбольшую ўвагу латвійскі бок надаў нелегальнай міграцыі і сітуацыі на ўсходняй мяжы Еўрасаюза:

«Пры гэтым важна падкрэсліць: цэнтральным пытаннем у размовах латвійскага боку з амерыканскімі партнёрамі была нелегальная міграцыя і міграцыйны ціск, які рэжым Лукашэнкі працягвае аказваць на Латвію і ўсходнюю мяжу Еўрасаюза, а не пытанне калійных угнаенняў».

Пазіцыі Вашынгтона і Рыгі сыходзяцца ў неабходнасці працягваць працу дзеля вызвалення беларускіх палітвязняў. Пры гэтым Латвія лічыць важным захоўваць рычагі ўздзеяння на рэжым, пакуль у Беларусі працягваюцца рэпрэсіі, а Мінск падтрымлівае расійскую агрэсію і аказвае гібрыдны ціск на суседнія краіны.

Пра неабходнасць захоўваць санкцыйны ціск пасля сустрэчы з Коўлам заявіў прэм’ер-міністр Латвіі Андрыс Кулбергс. Як паведаміла яго канцылярыя, Рыга падтрымлівае захаванне, пашырэнне і ўзмацненне санкцый Еўрасаюза ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. 

Міністарка замежных спраў Латвіі Байба Бражэ пасля сустрэчы паведаміла, што бакі дамовіліся пра практычныя крокі для ўмацавання ўсходняй мяжы НАТА.

«Для нас пазіцыя Латвіі — важны сігнал: вызваленне людзей і дыялог дзеля іх вызвалення павінны працягвацца, але гэта не можа аўтаматычна азначаць нармалізацыю адносін ці зняцце ціску. Мы павінны дамагацца вызвалення ўсіх палітвязняў і адначасова захоўваць рычагі ўздзеяння на рэжым», — падсумаваў Дзяніс Кучынскі.

Людзей вызваляюць, рэпрэсіі працягваюцца

Новы раўнд дыпламатыі адбываецца адразу пасля перамоў Джона Коўла з Лукашэнкам. 16 верасня з беларускіх турмаў вызвалілі 25 чалавек. У адказ Вашынгтон пагадзіўся зняць амерыканскія санкцыі з «Беллеспаперапрама» і прадпрыемства «Лакафарба». Коўл таксама заявіў, што цягам месяца могуць быць вызваленыя яшчэ сотня ці больш чалавек.

Тым часам у беларускіх турмах, паводле праваабаронцаў, застаюцца амаль 900 палітвязняў. Святлана Ціханоўская, сустракаючы вызваленых у Вільні, адзначала, што асобныя вызваленні нельга ўспрымаць як прыкмету палітычных перамен: рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца, а Лукашэнка выкарыстоўвае людзей як тавар для перамоў. 

Перамовы вакол калію пры гэтым застаюцца больш складанымі за двухбаковую дамоўленасць паміж Вашынгтонам і Мінскам. Нават пасля змякчэння амерыканскіх абмежаванняў транзіт залежыць ад пазіцыі суседніх дзяржаў і санкцый Еўрасаюза. У маі міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што Вільня не будзе абмяркоўваць аднаўленне экспарту беларускага калію праз Літву, у тым ліку праз Клайпедскі порт, пакуль дзейнічаюць санкцыі Еўрасаюза.

Каментары3

  • ЯМы97
    18.09.2026
    Няхай ябацькі праз Пхіцер (дзе Скарына жыў) свой калій возяць
  • Staru Litwin
    18.09.2026
    Выдатна, што латышы, як і літоўцы, паслалі Коўла — разам з усімі ягонымі ўгнаеннямі — у напрамку расійскага ваеннага карабля.
  • Стыдно і больно
    18.09.2026
    А Кучынскі ўжо стаў дарадцам Коўла, каб ад яго даведвацца, што той дзе пачуў? Запыты самому Коўлу з гэтай нагоды нейк не з рукі рабіць нашым незалежным СМІ і можна апераваць канспіралогіямі?

Цяпер чытаюць

Брат беларускай каралевы прыгажосці трапіў у рэанімацыю ў Азербайджане6

Брат беларускай каралевы прыгажосці трапіў у рэанімацыю ў Азербайджане

Усе навіны →
Усе навіны

Памёр Васіль Жураўлёў

Набыццё беларусам газавага тэрмінала на Падляшшы выклікала трывогу палякаў, але спецслужбы далі дабро

Ціханоўская едзе ў Нью-Ёрк. Яна можа перасекчыся з прадстаўнікамі Лукашэнкі, але галоўную інтрыгу пакуль не раскрываюць51

«І загарэліся ўсе чырвоныя лямпачкі, якія толькі ёсць». Пачобут распавёў, як яго правяралі на мяжы пры ўездзе ў Беларусь27

Мужчына зрабіў званок з Беларусі праз сетку літоўскага аператара. Як гэта атрымалася?3

26‑гадовага гамельчука асудзілі на 5,5 года калоніі за «паклёп і знявагу Лукашэнкі»4

Былы пасол Расіі атрымаў участак для катэджа ў Драздах. Ён будзе суседам Качанавай2

На беларускія экраны вярнулася інтэлектуальная гульня «Брэйн-рынг»6

Колькі заставалася сядзець палітвязням, вызваленым 16 верасня? Некаторым з іх — яшчэ па восем гадоў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Брат беларускай каралевы прыгажосці трапіў у рэанімацыю ў Азербайджане6

Брат беларускай каралевы прыгажосці трапіў у рэанімацыю ў Азербайджане

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць