Нягледзячы на публічнасць сваіх пасад, беларускія чыноўнікі лічаць за лепшае лішні раз без патрэбы не высоўвацца. І тым больш не раскрываць справы сямейныя. Пры дапамозе «Белпола» і «Кіберпартызанаў» «Наша Ніва» працягвае расказваць пра абранніц людзей, у руках якіх сканцэнтраваная ўлада ў Беларусі. Гэта трэцяя частка цыкла артыкулаў.
Дзе працуюць і як выглядаюць жонкі топ-чыноўнікаў? Першая частка
Дзе працуюць і як выглядаюць жонкі топ-чыноўнікаў? Частка другая
Іна Турчына

Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын паходзіць з Навагрудка. Яго жонка таксама раней была чыноўніцай — Іна працавала калісьці ў Навагрудскім райвыканкаме, УУС Мінскага аблвыканкама. Апошняе яе вядомае месца — Беларускі навукова-даследчы інстытут траўматалогіі і артапедыі (па даных з баз на 2024 год).
У пары ўжо дарослая дачка: Дар’я нарадзілася ў 1995 годзе. Дзяўчына марыла звязаць жыццё з сілавымі структурамі, але скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт (якому валюнтарысцкім рашэннем Лукашэнкі вернутая савецкая назва Універсітэт замежных моў) і выйшла замуж за супрацоўніка міністэрства па надзвычайных сітуацыях Іллю Боднара.

Сёння дзяўчына падпісвае сябе ў сацсетках «крэатаркай і фатографкай».
Эла Вальфовіч

Эла Вальфовіч — жонка дзяржсакратара Рады бяспекі Аляксандра Вальфовіча. Згодна з апошнімі даступнымі данымі з базаў, яна працуе ў кампаніі «Альтарэс», якая займаецца цырульніцкімі паслугамі і трымае пункты хімчыстак.
Адзіны сын Вальфовічаў Максім пайшоў па слядах бацькі і таксама стаў вайскоўцам. У 2022 годзе ён скончыў факультэт Генеральнага штаба Вайсковай акадэміі.
Вольга Маркава

Жонка міністра культуры Марата Маркава Вольга маладзейшая за яго на 14 гадоў. І ўсяго на восем год старэйшая за медыйную дачку Маркава ад першага шлюбу — Настассю, якая цяпер з экранаў тэлевізара расказвае беларусам пра гісторыю.
Яшчэ будучы занятым у медыйнай сферы, Маркаў расказаў, як дачка прыйшла на тэлебачанне. Жонка ж міністра таксама пры тэлевізійнай працы — згодна з апошняй даступнай інфармацыяй у базах, яна працавала ў Белтэлерадыёкампаніі.
Ірына Гара

Ірына Гара — жонка генеральнага пракурора Беларусі. Апошнія гадоў 20 жанчына працуе ў Нацбанку.
Вядома, што ў 1991 годзе ў пары нарадзілася адзіная дачка Аляксандра. У 2013 годзе дачка скончыла БДЭУ.
Марыя Крутая

Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Круты жанаты на інжынерцы з «Белдзяржлесу» Марыі.
У сям’і дзве непаўналетнія дачкі — Ксенія, якая адсвяткуе 18‑годдзе ў наступным годзе, і 14‑гадовая Ганна.
Дар’я Бычак

Гэбіст і кіраўнік Следчага камітэта Канстанцін Бычак, які любіць публічнасць і медыйнасць, асабістае жыццё імкнецца пакідаць па-за кадрам.
Вядома, што жонка сілавіка Дар’я ў мінулым працавала ў розных медыцынскіх установах. З апошніх месцаў — з 2019‑га да пачатку 2022 года яна была ў Беларускім пратэзна-артапедычным аднаўленчым цэнтры. А з 2022 года — у Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
У Бычакаў двое дзяцей — дачка і сын.
Надзея Ісачанка

Надзея Ісачанка, жонка кіраўніка Магілёўшчыны Анатоля Ісачанкі, працавала ў «Прыёрбанку». Цяпер, магчыма, не пенсіі.
На кантрасце з многімі іншымі чыноўнікамі старшыня аблвыканкама актыўна вядзе сацсеткі — абнаўляе і інстаграм, і тэлеграм-канал. У яго жонкі Надзеі ж у інстаграме закрыты профіль.
У пары двое ўжо дарослых дзяцей — дачка Марына, якая працуе псіхолагам, і сын Дзмітрый, які ў 2025 годзе ўзначаліў магілёўскае дзяржаўнае аб’яднанне «Мясамалпрам».
Каментары