Латушка: Ідзе пяць крымінальных справаў, звязаных з пагрозай майму жыццю і здароўю
Паводле кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, беларускія спецслужбы спрабуюць атрымліваць інфармацыю пра яго атачэнне і перамяшчэнні.

У інтэрв'ю Паўла Латушкі Беларускай службе Польскага радыё гаворка сярод іншага зайшла пра тое, што ў дэмакратычных структурах выяўляюць людзей, звязаных са спецслужбамі.
Латушка ў размове з Аксанай Колб заўважыў, што цалкам засцерагчыся ад такіх выпадкаў не могуць нават дзяржавы з уласнай контрвыведкай. Ён прывёў у прыклад Польшчу і суддзю Томаша Шміта, які меў доступ да дзяржаўных сакрэтаў, а пасля з'ехаў у Беларусь.
«Крытыкаваць можна колькі заўгодна. Гэта самае лёгкае, што можна зрабіць. Але калі прааналізаваць аргументы, то аргументы павінны быць наступныя. Дэмакратычныя сілы Беларусі не маюць контрвыведкі, і не таму, што не хочуць. Яны не маюць права мець яе ў краінах, у якіх знаходзяцца. Калі мы створым з вамі тут контрвыведку, мы адразу парушым заканадаўства гэтай краіны», — давёў Латушка.
Паводле палітыка, толькі за апошні месяц у яго камандзе і фракцыі ў Каардынацыйнай радзе зафіксавалі 11 новых спробаў вярбоўкі.
«Апошнія спробы вярбоўкі — просьба за грошы перадаваць інфармацыю пра тое, які мой графік, куды я езджу, чым я займаюся.
Гэта сістэмная [праца]. Ідзе пяць крымінальных спраў, звязаных з пагрозай майму жыццю і здароўю.
Напрыклад, два тыдні таму раённы суд Варшавы завёў чарговую крымінальную справу па факце пагрозы майму жыццю, даў даручэнне пракурору расследаваць гэтае злачынства», — падзяліўся падрабязнасцямі Латушка.
Па словах Латушкі, супраць беларускіх дэмакратычных структур працуюць КДБ, разведвальныя структуры МУС і ваенная разведка. Самі дэмакратычныя сілы, паводле яго, могуць разлічваць перадусім на праваахоўныя органы краін, у якіх знаходзяцца.
«Калі адбываюцца такія сітуацыі як знікненне людзей, што я рабіў першае? Я адразу інфармаваў пракурора і паліцыю. Калі спрабуюць вербаваць супрацоўнікаў, я адразу паінфармаваў ваеннага пракурора Акруговай пракуратуры Варшавы».
Палітык заклікаў паведамляць пра выпадкі вярбоўкі не толькі праваабаронцам, але і мясцовым праваахоўным органам. На яго думку, дзейнасць беларускіх спецслужбаў супраць беларусаў за мяжой трэба разглядаць і як праблему бяспекі краін, у якіх яны жывуць.
Стопрацэнтнай бяспекі, паводле Латушкі, не можа гарантаваць нават дзяржава. Таму застаецца ўзмацняць уласныя меры засцярогі.
«Я кажу — маё жыццё за зачыненымі дзвярыма. То-бок я заўсёды зачыняю дзверы. Не тое, што за сабой, калі выходжу. Гэта жыццё пад камерамі. Гэта значыць, трэба прымяняць тыя сродкі, якія дапамагаюць кантраляваць прастору, у якой ты знаходзішся. Ты не можаш піць ваду, калі табе хтосьці адкрые бутэльку. Лепш адкрыць яе самому. То-бок прымяняць меры самабяспекі. Гэта таксама важна».
Латушка таксама заклікаў асцярожна ставіцца да незнаёмцаў, якія выходзяць на сувязь і прадстаўляюцца супрацоўнікамі ўкраінскіх спецслужбаў. Паводле яго, апошнім часам такія выпадкі сталі частымі. Ён падкрэсліў, што кантакты з замежнымі спецслужбамі з'яўляюцца парушэннем заканадаўства краіны знаходжання.
Для праверкі людзей, якія выклікаюць падазрэнні, дэмакратычныя структуры, паводле Латушкі, могуць звяртацца па дапамогу да «Белпол».
Каментары
для начала поляки просто обязаны при выдаче виз требовать автобиографию, написанную Собственноручно... ЭТО АКСИОМА. Не делают этого. + Для россиян и беларусов ТОЛЬКО НАЦИОНАЛЬНЫЕ ВИЗЫ с требованием вьезда, влёта в эту страну первой, выдавшую нац.визу. НИКАКИХ ШЕНГЕНОВ для граждан РБ и россии, пока война. А то устроили "проходной двор" для людей вани-лысого, павличенок. интелектуалов балаб, карпенковых с семьями и прочей окружающей их сворой...