Самалёт Flydubai уратавалі пілот-індыец і тры пасажыры, адзін з якіх стаматолаг. Другога пілота звязалі правадамі ад слухавак і маланкамі
Ізраільскі стаматолаг Шата Мусаеў дапамог абясшкодзіць другога пілота рэйса Flydubai, якога падазраюць у спробе накіраваць самалёт да зямлі, а пасля аказаў медыцынскую дапамогу цяжка параненаму камандзіру экіпажа.

Мусаеў расказаў у інтэрв'ю ізраільскаму выданню Ynet, што, пачуўшы крыкі, пабег у пярэднюю частку самалёта.
«Я ішоў змагацца з тэрарыстам, а не аказваць медыцынскую дапамогу», — прызнаўся ён.
Паводле яго слоў, першым на дапамогу кінуўся пасажыр па імені Яніў, а сам стаматолаг далучыўся, калі зразумеў, што адбываецца нешта сур'ёзнае.
Другога пілота, які родам з Амана, удалося скруціць толькі з вялікай цяжкасцю. Ён люта супраціўляўся і спрабаваў вырвацца. Пасажыры звязалі яму рукі і ногі правадамі ад слухавак і маланкамі ад куртак.

У гэты час камандзір ляжаў на падлозе з моцным крывацёкам з ран на галаве і руках. Ён заставаўся ў прытомнасці, размаўляў з пасажырамі і паведаміў, што яму 39 гадоў і ў яго двое дзяцей. Па словах Мусаева, нападнік наносіў пілоту ўдары і лаяўся на яго.
«Я быў адзіным доктарам у самалёце. Мне ўдалося спыніць крывацёк», — расказаў стаматолаг.
Да пасадкі стан камандзіра заставаўся даволі стабільным, хоць перад прызямленнем крыху пагоршыўся. Пасля пасадкі яму дапамаглі саудаўскія медыкі. Менавіта ад іх Мусаеў даведаўся, што пілот выжыў і яго жыццю ўжо нічога не пагражае.
Найбольш страшным момантам падчас палёту Шата Мусаеў назваў рэзкую страту вышыні. Паводле яго слоў, прыкладна за паўхвіліны самалёт імкліва пайшоў уніз, і пасажыры былі ўпэўненыя, што могуць загінуць.
30 верасня падчас палёту над Іарданіяй самалёт на рэйсе FZ1073 авіякампаніі flydubai з Дубая ў Тэль-Авіў спачатку перадаў агульны аварыйны код 7700, а затым — код 7500. Апошні азначае незаконнае ўмяшанне ў кіраванне самалётам і звычайна выкарыстоўваецца пры спробе захопу.
Борт рэзка знізіўся, развярнуўся і накіраваўся ў Саудаўскую Аравію. На некаторы час сувязь з экіпажам знікла, але пасля ён бяспечна прызямліўся ў саудаўскім аэрапорце. На борце Boeing 737 MAX 8 знаходзіліся 174 пасажыры, пераважна ізраільцяне.
Высветлілася, што адзін з пілотаў спрабаваў накіраваць самалёт у зямлю, а другі перашкодзіў гэтаму. Гэтым другім быў індыец Сміт Мачхар. Атрымаўшы нажавое раненне і ўжо сплываючы крывёй, ён сабраў апошнія сілы і здолеў адчыніць дзверы кабіны пілотаў.

На рэйсе ў Тэль-Авіў усё ж былі пілоты з Украіны і Расіі, але не тыя
Паведамленні, што ў кабіне пілотаў на борце з Дубая ў Тэль-Авіў пабіліся расіянін і ўкраінец, аказаліся фэйкам
Адзін з пілотаў спрабаваў накіраваць самалёт у зямлю, другі перашкодзіў гэтаму. Драматычныя падзеі на борце з Дубая ў Тэль-Авіў
«Чаму мы павінны неяк ушчэмліваць сябе?». Дырэктарка РТБД патлумачыла, чаму паставіла спектакль паводле Пушкіна ў адным з апошніх тэатраў краіны, які працаваў па-беларуску
Каментары
истекать
1) (вытекать, выливаться) выцякаць
2) перен. (выходить, появляться) выходзіць
(проистекать — ещё) вынікаць истекать
(о времени) — мінаць, канчацца
срок договора истекает — тэрмін дагавору канчаецца
3) (исходить кровью, слезами ) сыходзіць, сплываць
У адным матэрыяле адныя абрыўкі, у другім другія. Можна поўную версію сабраць? Што там пра ўкраінскага і расейскага пілотаў?