«Еўропе важна заставацца паслядоўнай». Ціханоўская і Барэль абмеркавалі супраціў беларусаў на міжнародным форуме ў Іспаніі
Дэмакратычная лідарка Беларусі ўзяла ўдзел у дыялогу «Беларусь: ціхі супраціў» у межах міжнароднага Форуму Ла-Тоха ў Іспаніі

Разам з былым высокім прадстаўніком ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэпам Барэлем яны абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі, дэмакратычны рух і супраціў беларусаў рэжыму, паведамляе яе прэс-служба.
Падчас размовы Святлана Ціханоўская таксама падзякавала ЕС і ЗША за падтрымку беларускіх незалежных медыя, праваабарончых арганізацый, НДА, культурніцкіх і гістарычных ініцыятыў, якія пасля 2020 года былі вымушаныя перанесці сваю працу за межы краіны. Яна адзначыла, што гэтая падтрымка дазволіла беларускай грамадзянскай супольнасці захаваць свае структуры і працягнуць працу ў выгнанні.
Асобна Святлана Ціханоўская звярнула ўвагу на неабходнасць паслядоўнай палітыкі ЕС у дачыненні да дыктатур: «Можа ўзнікнуць спакуса вярнуцца да ранейшага стану рэчаў — змірыцца з дыктатурай, з Лукашэнкам, з Расіяй. Але Еўропа грунтуецца на каштоўнасцях і прынцыпах, якія яна заўсёды абараняла. Калі ад іх адмовіцца, Расія будзе выкарыстоўваць гэта як слабасць. Таму Еўропе важна заставацца паслядоўнай».
Для Форуму Ла-Тоха тэма супраціву дэмакратыі таксама мае адмысловае значэнне. У 2022 годзе галоўную прэмію форуму атрымаў украінскі народ — за абарону дэмакратыі і супраціў расійскай агрэсіі. У 2024 годзе прэмію атрымаў і сам Жазэп Барэль, дыялог з якім стаў адной з апошніх міжнародных сесій сёлетняга форуму.
Каментары