Маці вырашыла паправіць здароўе пяцігадовага сына — у выніку яго забрала хуткая
Хлопчык трапіў у бальніцу пасля дыеты і 19 БАДаў, што давала маці.

Жанчына звярнулася да нутрыцыёлага пасля таго, як яе пяцігадовы сын перанёс ротавірус. Кансультантка параіла абмежаваць звычайнае харчаванне дзіцяці і прымаць 19 відаў біялагічна актыўных дабавак. Праз месяц стан хлопчыка пагоршыўся, паведамляе АНТ.
Паводле маці, нутрыцыёлаг кансультавала яе дыстанцыйна і заклікала менш давяраць дактарам.
«Трэба тэрмінова прымаць БАДы, аднаўляць усе дэфіцыты. Вы давялі так дзіця. Вы што, не разумееце? Трэба тэрмінова. Вось проста цяпер купляйце, я вам скіну іх у Telegram. 19 найменняў», — перадала жанчына словы нутрыцыёлага.
Маці цягам месяца выконвала гэтыя рэкамендацыі. З рацыёну дзіцяці прыбралі прадукты з глютэнам, малочныя прадукты і салодкае. Калі стан хлопчыка рэзка пагоршыўся, давялося выклікаць хуткую дапамогу. Яго даставілі ў Мінскую гарадскую дзіцячую інфекцыйную клінічную бальніцу.
«Ён быў вельмі слабы, нават не мог моцна сціснуць мне руку. У яго не было ніякай інфекцыі. Было зразумела, што дзіця проста недаатрымала неабходныя рэчывы. У яго было вельмі беднае харчаванне і шмат абмежаванняў», — расказала доктар-інфекцыяніст Аліна Савенка.
Паводле маці, нават пасля шпіталізацыі нутрыцыёлаг спрабавала пераканаць жанчыну адмовіцца ад прызначанага дактарамі лячэння і працягваць дыету з БАДамі.
Для працы нутрыцыёлагам у Беларусі медыцынская адукацыя не патрабуецца. Такія кансультанты могуць дапамагаць карэктаваць рацыён, але не маюць права дыягнаставаць хваробы і прызначаць лячэнне.
Каментары