У выдавецтве Sviedki выйшаў беларускі пераклад кнігі Сабіны Брыло «Справа Віктара Бабарыкі. Хроніка палітычнага пераследу ў фактах і дакументах».

Гэта кніга пра адну з самых гучных палітычных спраў найноўшай гісторыі Беларусі — але адначасова значна больш, чым гісторыя аднаго чалавека. Справа Віктара Бабарыкі становіцца тут своеасаблівай лінзай, праз якую мы глядзім на тое, што адбывалася не толькі з галоўным героем кнігі, але і з намі ўсімі. Праз факты, дакументы і храналогію адной справы паступова праступае гісторыя Беларусі 2020 года — ад надзеі і адчування магчымасці перамен да арыштаў, судоў і маштабных рэпрэсій.
Кніга будзе асабліва цікавая ўдзельнікам і сведкам падзей 2020 года, бо здольная вярнуць нас у атмасферу таго часу і нагадаць пачуцці і эмоцыі, якія мы перажывалі крок за крокам. Праз шэсць гадоў многае ўжо сцерлася з памяці, асобныя падзеі зліліся ў адну вялікую гісторыю, а тое, што тады адбывалася дзень за днём, сёння часта ўспрымаецца ўжо з іншай дыстанцыі. Гэтая кніга вяртае храналогію — і разам з ёю чаканне, трывогу, надзею, салідарнасць і паступовае ўсведамленне таго, што адбываецца з краінай.
Тым, хто не быў непасрэдным удзельнікам падзей 2020 года, кніга дае магчымасць убачыць і адчуць іх знутры — лепш зразумець, што тады перажывалі беларусы, чым жылі, чаго чакалі, чаго баяліся і як крок за крокам мянялася нашае адчуванне рэальнасці. Гэта асабліва важна для тых, хто быў у той час па-за Беларуссю, а таксама для маладзейшых чытачоў, для якіх 2020 год ужо становіцца гісторыяй.
Адначасова «Справа Віктара Бабарыкі» — важная дакументальная крыніца для журналістаў, даследчыкаў, гісторыкаў і ўсіх, хто вывучае беларускі 2020 год і палітычныя рэпрэсіі пасля яго.
Каментары
www.youtube.com/watch?v=_SBTP54Rcr0