Праўрадавыя сілы ў Емене заявілі пра вяртанне кантролю над Баб-эль-Мандэбскім пралівам
Праўрадавыя сілы Емена, якія дзейнічаюць пры падтрымцы Саудаўскай Аравіі, заявілі пра поспех шырокамаштабнага наступлення супраць хусітаў — праіранскага паўстанцкага руху, які больш за дзесяць гадоў кантралюе значныя тэрыторыі краіны, у тым ліку сталіцу Сану, паведамляе Бі-бі-сі.

Паводле еменскіх вайскоўцаў, пры падтрымцы саудаўскай авіяцыі ўрадавым сілам удалося вярнуць пад свой кантроль порт Моха і раён Баб-эль-Мандэбскага праліва, які злучае Чырвонае мора з Індыйскім акіянам. Пазней еменская армія паведаміла таксама пра захоп аэрапорта горада Дхубаб і пачатак аблогі самога горада, дзе заставаліся атрады хусітаў.
Прадстаўнікі хусітаў пакуль не пракаментавалі гэтыя заявы. Аднак падкантрольныя ім сродкі масавай інфармацыі адмаўляюць, што ўрадавыя войскі прасунуліся ў бок Дхубаба.
Па словах урада Емена, у панядзелак баявыя дзеянні пачаліся і на іншых франтах, у тым ліку ў напрамку сталіцы Саны. Кааліцыя праціўнікаў хусітаў на чале з Саудаўскай Аравіяй заявіла, што яе знішчальнікі кругласутачна падтрымліваюць наземныя войскі з паветра. З пачатку наступлення, паводле кааліцыі, былі знішчаныя 324 важныя цэлі.
Падкантрольны хусітам тэлеканал Al Masirah паведаміў, што ў выніку авіяўдараў у панядзелак у двух раёнах Саны загінулі школьніца і жанчына. Прадстаўнік хусітаў Махамед Абдул Салам абвінаваціў Саудаўскую Аравію ў шматлікіх масавых забойствах і заявіў, што краіна «ў поўнай меры адчуе на сабе ўсе наступствы» сваіх дзеянняў.
Падпарадкаваны хусітам цэнтр кантролю за гуманітарнымі аперацыямі папярэдзіў цывільныя авіякампаніі, што паветраную прастору над Саудаўскай Аравіяй цяпер нельга лічыць бяспечнай і што яна стала зонай баявых дзеянняў. Выключэннем названыя толькі паветраныя прасторы над святымі для мусульман гарадамі Мекай і Медзінай.
Наступленне ўрадавых сіл пачалося на фоне новых ваенных поспехаў саміх хусітаў. Раней паведамлялася, што яны працягваюць захопліваць новыя пазіцыі, а лінія фронту праходзіць каля ключавога горада Таіз, які застаецца пад кантролем міжнародна прызнанага ўрада Емена.
Як паведамляе AFP, у нядзелю хусіты перарэзалі важны маршрут забеспячэння, які злучае Таіз з Адэнам — часовай сталіцай міжнародна прызнанага ўрада. Са спасылкай на трох прадстаўнікоў еменскіх узброеных сіл агенцтва паведаміла, што хусіты ўзялі пад кантроль гэты раён і шлях забеспячэння, фактычна акружыўшы Таіз.
У той жа дзень вайсковы прадстаўнік хусітаў Ях'я Сары заявіў, што групоўка атакавала ракетамі і беспілотнікамі аб'екты саудаўскай нафтавай кампаніі Aramco ў Эр-Рыядзе і ў багатым на нафту раёне Хурайс на ўсходзе краіны.
Паводле аддзела праверкі даных BBC Verify, на спадарожнікавых здымках, зробленых у суботу, над нафтаперапрацоўчым заводам Aramco ў Эр-Рыядзе былі заўважныя клубы чорнага дыму. Чорны дым таксама быў заўважаны над нафтавым радовішчам Хурайс.
Емен застаецца адной з самых бедных краін свету і працягвае перажываць маштабны гуманітарны крызіс. Вайна пачалася ў 2014 годзе, калі хусіты захапілі сталіцу Сану, а затым усталявалі кантроль над значнай часткай поўначы краіны.
Саудаўская Аравія ад пачатку падтрымлівала міжнародна прызнаны ўрад Емена, а ў 2015 годзе Эр-Рыяд непасрэдна ўмяшаўся ў вайну, стварыўшы кааліцыю з некалькіх дзяржаў. Саудаўскія і саюзніцкія сілы праводзілі інтэнсіўныя бамбардзіроўкі, але хусітам удалося захаваць уладу на захопленых тэрыторыях.
Пасля некалькіх гадоў адноснага зацішша вайна аднавілася ў ліпені на фоне пашырэння канфлікту на Блізкім Усходзе. У верасні падчас імклівага наступлення хусіты захапілі частку ўзбярэжжа краіны ўздоўж Чырвонага мора, у тым ліку Моху і падыходы да Баб-эль-Мандэбскага праліва.
Гэта стварыла для Саудаўскай Аравіі пагрозу страты важнага маршруту, які мог выкарыстоўвацца як альтэрнатыва Армузскаму праліву для экспарту нафты. Такая сітуацыя была выгадная галоўнаму спонсару хусітаў — Ірану, і ў выніку Саудаўская Аравія зноў была вымушаная ўступіць у непасрэдную ваенную канфрантацыю з хусітамі.
Паводле Міністэрства аховы здароўя Емена, з 6 жніўня ў выніку баявых дзеянняў у краіне загінулі не менш за 959 чалавек, яшчэ каля 5 тысяч атрымалі раненні. Паводле звестак ААН, яшчэ каля 197 тысяч жыхароў былі вымушаныя пакінуць свае дамы.
Емен абвясціў маштабную вайну хусітам: 100‑тысячная армія пры падтрымцы Саудаўскай Аравіі паспрабуе вярнуць кантроль над Чырвоным морам
Еменскія хусіты зноў атакавалі Саудаўскую Аравію
Кітай папрасіў Іран стрымаць еменскіх хусітаў
Еменскія хусіты захапілі стратэгічныя астравы Баб-эль-Мандэбскага праліва. Адзін з найбуйнейшых гандлёвых шляхоў фактычна апынуўся пад кантролем баевікоў
Каментары
Гэтыя наступаюць - давяць апанентаў машынамі пад крыкі алахуакбар.