У Мінску адмянілі сустрэчу з лідарам духоўнага фонду, які параўноўваюць з сектай — а планавалі сабраць «Чыжоўка-Арэну»
Вы наўрад ці ведаеце, хто такі Шры Шры Раві Шанкар, але фонд пад кіраўніцтвам гэтага чалавека звязаны з сотнямі мільёнаў людзей ва ўсім свеце. Шанкар збіраўся наведаць і Беларусь — візіт скасавалі за тыдзень да пачатку.

У Шры Шры Раві Шанкара складаная рэпутацыя. 70‑гадовы гуру з Індыі вядомы праз сваю арганізацыю The Art of Living: паводле самой арганізацыі, яны «закранулі жыццё больш як 370 мільёнаў чалавек», а адных інструктараў у іх больш за 38 тысяч. The Art of Living публічна вядомыя як арганізатары курсаў ёгі і медытацыі, таксама на сайце арганізацыі прапануюць шматступенчатую сістэму падрыхтоўкі адэптаў — вядома, не за бясплатна.
Ёсць за імі, аднак, і скандалы. Напрыклад, у 2011‑м арганізацыя падала ў амерыканскі суд на двух былых адэптаў, якія заснавалі крытычныя блогі пра яе. The Art of Living часта абвінавачваюць у сектанцтве і кульце асобы стваральніка, прычым палеміка вакол арганізацыі далятала і да нашага рэгіёна: у 2020‑м літоўскі Delfi пісаў пра дзіўныя практыкі The Art of Living.
Арганізацыя мае і беларускае аддзяленне. 28 кастрычніка ў Беларусь мусіў прыехаць сам Шры Шры Раві Шанкар, а 29‑га гуру планаваў сабраць на сустрэчы з сабой ажно «Чыжоўка-Арэну». Арэна можа змясціць 8800 гледачоў.

Гэта мусіў быць першы візіт Шанкара ў Беларусь, пры гэтым гуру не раз наведваў Расію і праводзіў там лекцыі. У чэрвені 2026‑га Шанкар быў на Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме, дзе сустрэўся з прадстаўнікамі Беларускага фонду міру — тады яго і запрасілі ў Беларусь.
21 кастрычніка стала вядома, што сустрэчы ў «Чыжоўка-Арэне» не будзе: тым, хто паспеў набыць квіткі, прапанавалі іх вяртаць. З сайта Шры Шры Раві Шанкара знікла інфармацыя і пра сам візіт у нашу краіну.
Беларускае прадстаўніцтва The Art of Living пацвярджае, што візіту не будзе, але не тлумачыць адмену: маўляў, прычыны пакуль што высвятляюцца. Не было ніякіх абвестак пра скасаванне і ў сацсетках Шанкара. Пра тое, ці чакаць новага прыезду гуру, у беларускім прадстаўніцтве арганізацыі не кажуць і раяць замест гэтага прыехаць у Мюнхен — Шанкар выступае там 31 кастрычніка.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары