На месцы злачынства яго і знайшла міліцыя.
63‑гадовага жыхара Бераставіцы вінавацяць у спробе абкрасці кафэ хуткага харчавання. Паводле міліцыі, ён разбіў акно, залез унутр, паеў прадуктаў, выпіў піва і заснуў.
Як паведамляе гродзенская міліцыя, перад гэтым мужчына гасцяваў у знаёмых. Сыходзячы ад аднаго з іх, ён прыхапіў з двара невялікі малаток. Пазней, паводле міліцыі, гэтым малатком разбіў шкло ў кафэ, куды вырашыў залезці па ежу і грошы.
Унутры мужчына паеў, выпіў піва і зазірнуў у касу. Але сыходзіць не стаў — заснуў проста ў кафэ.
Разбітае акно заўважылі супрацоўнікі Дэпартамента аховы, якія патрулявалі наваколле. Яны зазірнулі ўнутр і знайшлі мужчыну, які спаў.
Распачатая крымінальная справа за замах на крадзеж.
Каментары