«Зразумела, што ў праграмаванні проста вяну». Беларуска сышла з IT і стала ў Польшчы персанальным стылістам
Віталіна пераехала ў Польшчу ў канцы 2022 года і ўладкавалася ў IT. Два гады яна працавала франтэнд-распрацоўшчыцай, але зразумела, што ёй не хапае жывых зносін і творчасці. Тады дзяўчына вырашыла стаць персанальным стылістам.

Зараз яна разбірае гардэробы, складае вобразы і суправаджае кліентаў на шопінгу. Віталіна распавяла Most, як пачынала з нуля, колькі зарабляе і чаму не шкадуе аб сыходзе з IT.
Да пераезду ў Польшчу Віталіна працавала дызайнеркай інтэр'еру ў Мінску. Яна скончыла БДУІР, асвоіла дызайн інтэр'еру і нават збіралася адкрыць уласную студыю. Але пасля пераезду вырашыла паспрабаваць сябе ў праграмаванні: хацелася працаваць аддалена.
Амаль год пайшоў на навучанне і стажыроўкі, потым Віталіна ўладкавалася фронтэнд-распрацоўшчыцай — па гэтай спецыяльнасці яна прапрацавала два гады. Але знайшла ў ёй мінусы.
— Зразумела, што гэта ў асноўным сядзячая праца. Пастаянна знаходзішся за камп'ютарам. Калі кудысьці і выходзіш, то ў лепшым выпадку ўвечары ці на выходных сустракаешся з сябрамі.
Не падабаліся Віталіне і доўгатэрміновыя праекты, распрацоўка якіх магла доўжыцца па два-тры гады. Ёй хацелася часцей мяняць задачы і камунікаваць з новымі людзьмі.
— Я зразумела, што ў праграмаванні проста згасаю. Мне хацелася больш жывых зносін.
«Сяброўкі заўсёды казалі, што я знаходжу ўдалыя рэчы, на якія яны самі нават не паглядзелі б»
Тады дзяўчына ўспомніла пра сваё даўняе захапленне модай. З дзяцінства яна глядзела паказы, купляла модныя часопісы, прывозіла з паездак выпускі Vogue. Любіла хадзіць з сяброўкамі па крамах, складаць ім вобразы і падбіраць адзенне маме.
— Сяброўкі заўсёды казалі, што я знаходжу ўдалыя рэчы, на якія яны самі нават не паглядзелі б. Я бачыла, які памер патрэбен чалавеку, што падыдзе да яго знешнасці і характару.
Віталіна зразумела, што ёй цікава не ствараць адзенне, а спалучаць рэчы і складаць вобразы. Так з'явілася ідэя стаць персанальным стылістам.
Планавала мяняць прафесію паступова, але праект закрылі раней
Яшчэ працуючы ў IT, Віталіна адвяла сабе паўгода на навучанне стылістыцы, развіццё сацсетак і падрыхтоўку да пошуку кліентаў. За гэты час павінен быў скончыцца яе кантракт. Але праект закрылі раней.
— Мне было страшна, бо я гэтага не чакала. Хацела яшчэ папрацаваць, каб больш стабільна адчуваць сябе ў новай прафесіі. Але склалася як склалася.
Шукаць новую працу ў IT дзяўчына не стала.
Першая кліентка з'явілася, калі не было нават сайта
Віталіна пачала актыўна весці Instagram: публікавала агляды брэндаў, цікавыя знаходкі, артыкулы адзення і парады па складанні гардэроба. Праз месяц-два з'явіўся першы платны заказ.
— Дзяўчына напісала мне і стала цікавіцца паслугамі. А ў мяне яны яшчэ нават не былі толкам сфарміраваны і нідзе не былі апісаны. Сайта таксама не было. Я памятаю, як хутка збірала свае нататкі, каб усё аформіць і адправіць ёй.
Першай кліентцы Віталіна склала базавы гардэроб на сезон. Працавалі анлайн, вынік заказчыцы спадабаўся, і яны працягнулі камунікаваць.
Паралельна стылістка практыкавалася на сяброўках: суправаджала іх на шопінгу, складала лукбукі — падборкі гатовых вобразаў — і шукала рэчы пад канкрэтныя запыты. Так яна выявіла, наколькі нават невялікія адрозненні ў постаці ўплываюць на пасадку адзення.
— Здавалася б, дзве дзяўчыны вельмі падобныя. Але адны і тыя ж штаны на адной сядзяць добра, а на другой — не. Я не чакала, наколькі ўсё індывідуальна. Базавыя правілы можна вывучыць, але толькі па іх працаваць не атрымаецца.
Віталіна працягвае вывучаць гісторыю моды, глядзець паказы і лекцыі мастацтвазнаўцаў, чытаць прафесійную літаратуру. Цяпер нават вобразы ў Pinterest яна не проста захоўвае, а аналізуе спалучэнні колераў, фактур і рэчаў, запісваючы ўдалыя рашэнні.
Разбор гардэроба каштуе ад 150 еўра, шопінг-суправаджэнне — ад 250
Цяпер Віталіна разбірае гардэробы, складае сезонныя капсулы і падбірае вобразы для канкрэтных выпадкаў — напрыклад, сумоўя або вечарыны. Але часцей за ўсё кліенткі звяртаюцца па разбор гардэроба і складанне «капсул» — невялікіх набораў рэчаў, якія спалучаюцца паміж сабой па колеры, стылі і фасоне.
Кошт разбору гардэроба пачынаецца ад 150 еўра, вочнага шопінг-суправаджэння — ад 250 еўра. Канчатковая цана залежыць ад запыту і аб'ёму працы.
Віталіна працуе з рускамоўнымі кліенткамі з розных краін. Сярод іх жанчыны з Сан-Францыска і Мінска. Першая заказчыца была з Грузіі.
Звычайна праца над адным запытам займае адзін-два тыдні. Некаторыя кліенткі вяртаюцца, каб абнавіць гардэроб да наступнага сезону.
Колькасць заказаў паступова расце, таму Віталіна плануе павысіць цэны.
У IT заробак быў большы. Але параўноўваць не зусім карэктна
У IT Віталіна дайшла да ўзроўню middle — спецыялісткі з вопытам самастойнай працы. Тады яна зарабляла больш, чым цяпер. Але параўноўваць даходы на розных этапах прафесійнага шляху лічыць няправільным.
— Калі я пачынала ў IT, у мяне была паўгадавая стажыроўка з заробкам 200 еўра. А тут я пачала з нуля, і ўжо адзін кліент можа прынесці столькі ж.
Цяпер дзяўчына працуе з маркетолагам над прасоўваннем у Instagram і Threads. Плануе запусціць бясплатны Telegram-канал з парадамі па падборы адзення, а пазней — платны, з індывідуальнымі кансультацыямі для падпісчыц.

«Прадаю рэчы, якія калісьці купіла няўдала»
За час працы стылісткай Віталіна перагледзела і ўласны гардэроб. Раней яна таксама аддавала перавагу адной якаснай рэчы, якую можна спалучаць з розным адзеннем, а не некалькім трэндавым пакупкам. Але цяпер стала лепш разумець уласны стыль.
— Цяпер я разбіраю свой гардэроб, прадаю рэчы, якія мне ўжо не блізкія, якія калісьці купіла няўдала. Я стала лепш разумець, што мне пасуе не толькі знешне, але і паводле характару.
Віталіна кажа, што раней самым яркім колерам у яе гардэробе быў чырвоны, а цяпер яна эксперыментуе з колерамі, анімалістычнымі прынтамі, скурай, замшай і рознымі фактурамі. Такія спалучэнні яна прапануе і кліенткам.
«Лепш баяцца і рабіць, чым баяцца і марыць»
Дзяўчына пакуль ні разу не пашкадавала пра змену прафесіі. Хоць часам у яе ўзнікаюць сумневы наконт свайго рашэння.
— Бывае, думаю: ці правільна я зрабіла? Але потым працую з людзьмі, атрымліваю добрыя водгукі і разумею, навошта ўсё гэта раблю. Нядаўна ехала да кліенткі і злавіла сябе на думцы: «Божа, нарэшце я займаюся тым, чаго даўно хацела».
Тым, хто таксама задумваецца пра змену прафесіі, Віталіна раіць спачатку паспрабаваць новы кірунак паралельна з асноўнай працай.
— З першым, другім, трэцім кліентам з'яўляецца ўпэўненасць. Пачынаеш бачыць, што ў цябе атрымліваецца. Баяцца — гэта нармальна. Але лепш баяцца і рабіць, чым проста баяцца і марыць.
Каментары
Ня ведаю - можа лепш чэзнуць, марнець. Ня ведаю