Упершыню малітва на месцы гібелі ахвяр рэпрэсій не адбылася ва ўсёй Беларусі. Апошнім здаўся Гомель
Важная шматгадовая традыцыя перапыненая ў Гомелі. Тут упершыню каталіцкія вернікі не змаглі на Дзяды памаліцца ля крыжа, усталяванага на месцы масавых пахаванняў ахвяр савецкіх рэпрэсій, піша выданне Katolik.life.

Штогод з 1990‑х у дзень успаміну памерлых, 2 лістапада, каталікі збіраліся на малітву на 9‑м кіламетры Чарнігаўскай шашы на ўскраіне Гомеля. Сярод расстраляных у гэтых лясах былі многія вернікі, у тым ліку каталіцкія і праваслаўныя святары.
У апошнія гады набажэнства на гэтым месцы ўзначальваў біскуп Казімір Велікаселец. У пачатку 2026 года ён пайшоў з жыцця.
Як даведаліся каталіцкія вернікі Беларусі, сёлета ўпершыню мясцовыя ўлады не далі дазволу на правядзенне набажэнства на Чарнігаўскай шашы.

Гомель заставаўся апошнім у Беларусі месцам, дзе каталікі ладзілі набажэнства на месцы пахавання ахвяр рэпрэсій. З 2023 года ў Курапатах пад Мінскам — на месцы найбольш масавых расстрэлаў рэпрэсаваных — не праводзіцца малітва, прынамсі публічная, якая раней таксама была штогадовай і праходзіла з удзелам біскупаў, у тым ліку Апостальскага нунцыя, прадстаўніка Ватыкана.
Раней арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч называў Курапаты «Галгофай беларускага народа» і адзначаў, што гэтае месца — неад'емная частка гісторыі народа, без пазнання і ацэнкі якой ён не мае будучыні.
Памяць аб ахвярах савецкіх рэпрэсій у Гомелі супярэчыць ідэалагічнай ўстаноўцы, згодна з якой у гэтым месцы расстрэлы праводзілі толькі нацысты падчас вайны, а пра масавыя рэпрэсіі савецкіх уладаў замоўчваецца.
Каментары