У кастрычніку ў Лёзне ў міліцыю звярнулася жанчына: яе маці доўгі час не выходзіла на сувязь. Цяпер у яе гаражы знайшлі чалавечыя парэшткі, паведамляе Следчы камітэт па Віцебскай вобласці.
Паводле звестак следства, у кастрычніку гэтага года ў міліцыю звярнулася жанчына, якая паведаміла, што яе маці працяглы час не выходзіць на сувязь. Падчас вышуку міліцыянты знайшлі ў гаражы, які належыць сям'і пенсіянеркі, металічныя і палімерную ёмістасці з чалавечымі парэшткамі, якія, паводле папярэдняй інфармацыі, могуць належаць зніклай.
Прызначаная судова-медыцынская экспертыза, якая павінна вызначыць, каму належаць парэшткі і што стала прычынай смерці. Пра падазраваных Следчы камітэт не паведаміў.
Між тым, яшчэ 31 кастрычніка тэлеграм-канал «Витебск, я гуляю!» напісаў пра забойства жанчыны ў Лёзне.
Паводле канала, яе дачка расчляніла цела і захоўвала парэшткі ў солевым растворы. Часткі цела знайшлі ў бідонах у гаражы. Канал сцвярджае, што жанчына загінула некалькі гадоў таму, дачку затрымалі — тая нібыта два гады атрымлівала пенсію за памерлую маці.
Гэтыя падрабязнасці пакуль не пацверджаныя СК.
Каментары