Пад Самарай пасля ўдару Украіны другія суткі гарыць адно з найбуйнейшых сховішчаў нафты ў Еўропе
У Самарскай вобласці Расіі другі дзень працягваецца пажар на лінейнай вытворча-дыспетчарскай станцыі «Самара», якая 2 лістапада была атакаваная ўкраінскімі беспілотнікамі. Гэта адзін з найбуйнейшых нафтавых рэзервуарных паркаў Еўропы, дзе сыходзяцца чатыры магістральныя нафтаправоды, піша The Moscow Times.

Пра пажар паведамляе выданне Astra са спасылкай на відэазапісы відавочцаў. На апублікаваных кадрах відаць вялікае воблака дыму над пашкоджанымі рэзервуарамі. Аб’ект знаходзіцца прыкладна за 30 кіламетраў ад Самары. Губернатар вобласці Вячаслаў Федарышчаў паведамляў толькі пра адбіццё атакі ўкраінскіх беспілотнікаў і працу сістэм супрацьпаветранай абароны.
Станцыя належыць кампаніі «Транснафта» і з'яўляецца найбуйнейшым у Расіі нафтавым транспартным і размеркавальным вузлом. Яна выкарыстоўваецца для прыёму, захоўвання і наступнага транспартавання нафты. На тэрыторыі плошчай больш за 216 гектараў размешчаны 71 рэзервуар агульнай ёмістасцю звыш 1,6 мільёна кубаметраў. Тут сыходзяцца нафтаправоды Альмецьеўск — Куйбышаў, Калтасінскі — Куйбышаў, Ніжнявартаўск — Курган — Куйбышаў і Гур'еў — Куйбышаў.
Пасля атакі і ўзнікнення пажару, які быў бачны нават з космасу, часова спынялася перапампоўванне казахстанскай нафты, прызначанай на экспарт, па нафтаправодзе Атырау — Самара. Пра гэта паведамлялі ўлады Казахстана.
У канцы кастрычніка Украіна аднавіла ўдары па расійскай нафтавай інфраструктуры. Былі атакаваныя як мінімум чатыры нафтаперапрацоўчыя заводы ў розных рэгіёнах краіны.
30 кастрычніка пад удар трапіў Навакуйбышаўскі НПЗ «Раснафты», 31 кастрычніка — НПЗ «Башнафты» ва Уфе, 1 лістапада — НПЗ «Лукойл-Ніжагароднафтаоргсінтэз» (НОРСІ) у Ніжагародскай вобласці. Напярэдадні пасля атакі загарэўся Новаяраслаўскі НПЗ «Слаўнафта-ЯНОС», які ўваходзіць у пяцёрку найбуйнейшых нафтаперапрацоўчых заводаў Расіі.
Раней Украіна амаль на два тыдні прыпыняла ўдары па нафтаперапрацоўчых заводах пасля патрабавання прэзідэнта ЗША Дональда Трампа не атакаваць расійскія прадпрыемствы па вытворчасці дызельнага паліва.
У Яраслаўлі пасля атакі дронаў гарыць буйны НПЗ
Зяленскі: Украіна гатовая прыпыніць удары па расійскіх НПЗ, але ёсць умова
Пасля атакі на НПЗ у Ніжагародскай вобласці кіроўцы сталі ў чэргі
У Расіі гарыць адзін з найбуйнейшых НПЗ
Кіеў аднавіў інтэнсіўныя ўдары па расійскіх НПЗ пасля таго, як Вашынгтон праігнараваў яго патрабаванні
Каментары