У канцы кастрычніка, пачатку лістапада ў календары сучаснага чалавека змагаюцца жалоба і пляскі на касцях.
Вам ніколі не кідалася ў вочы максімальная, за ўсімі мерамі прыстойнасці блюзнерскасць Гэлоўіна — маркетынгавага «свята», што прыйшло да нас праз галівудскія фільмы і амерыканскую поп-культуру?
На мяжы кастрычніка і лістапада ў Беларусі традыцыйна жалобны час. Праваслаўныя адзначаюць Дзмітраўскія дзяды, каталікі шануюць памяць памерлых вернікаў 2 лістапада. На гэта ж пасля ХХ стагоддзя наклаўся дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій, які адзначаецца на гадавіну масавых растрэлаў 29–30 кастрычніка 1937 г.
І пасярод гэтага офісны планктон па ўсім свеце, ад Нью-Ёрку да Масквы, бессэнсоўна апранаецца ў нечысць, п’е і гуляе карга-культавае матэрыялістычнае гульбішча, даўно пазбаўленае хоць малейшага асэнсавання, хоць малейшай рэфлексіі.
Свята, адзіны змест якога — оргія спажывальніцтва па чужых культурных шаблонах. Мы хочам быць як у амерыканскіх мультыках, хочам быць як у рэкламе па тэлевізары. Trick or treat!
За апошнія дваццаць гадоў на постсавецкай прасторы з’явіліся і іншыя падобныя транснацыянальныя маркетынгавыя святы: «Дзень Святога Валянціна» для рамантыкаў, «Дзень Святога Патрыка» для аматараў піва. Хрысціянскае Свята Нараджэння Божага, хоць пакуль і мае для нас змястоўнасць, таксама няўхільна набывае маркетынгавы спажывецкі характар.
Але
камерцыялізаваны Гэлоўін з ягонымі супольнымі з Дзядамі забытымі паганскімі каранямі — гэта нейкі яскрава пахабны прыклад, гэта нібы наўмысны выклік святому, наўмысны заклік да пляскі на касцях уласных продкаў, уласнай гісторыі і ўласнай культуры.
Мне складана ўявіць сабе чалавека, які ў выходныя пойдзе на магілу сваёй бабулі альбо жалобным шэсцем у Курапаты, а ў пятніцу перад гэтым да чарцей нап’ецца ў касцюме вупыра на Halloween Party. Вам не?
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары