«1612: Хронікі Смутнага часу»
На беларускіх экранах – занудлівыя расейскія трызьненьні пра закаханых халопаў і кепскіх “польска-літоўскіх” акупантаў.
Хлопчык-халоп Андрэй закахаўся ў царэўну Ксенію Гадунову. У часы бязладзьдзя ён выдае сябе за гішпанскага ідальга, выратоўвае Ксенію і краіну ад “польска-літоўскіх” акупантаў – і ледзьве не стаецца царом…
Пагрозьліва-патрыятычная назва расейскае стужкі абяцала гістарычны эпас пра рускі народ – і благіх інтэрвэнтаў (большую частку якіх складалі ліцьвіны). Але аматары гісторыі могуць адпачываць. Шматпакутная “Насьця Слуцкая” – на тле карціны Хаціненкі выглядае вяршыняю гістарычнага рэалізму.
Драгуны з крыламі (якіх называюць выключна ляхамі), гарматы, забытыя строі – толькі антураж для фантазій, скрадзеных з “Хронік Нарніі”, "Царства Нябеснага", “Піратаў Карыбскага мора” – і “Уладару пярсьцёнкаў”. Пакража выкананая на ўзроўні 20-ай сэрыі 30-ага “Ваўкадава”.
У кадры дакучліва швэндаецца адзінарог, мёртвы гішпанец дае ўрокі, а бялявы старац (Валер Залатухін), зарыфмаваны з адзінарогам – прарочыць ксяндзу-акупанту благое прышлае (калі ён не адпусьціць бароды й не начэпіць на пуза вялізны крыж).
Стужка спрабуе пагуляць у авантуру (як здараецца ў пачэсных прыгодніцкіх фільмах) – але увесь час зьбіваецца на тандэтны дзяржаўніцкі патас. Уладалюбны рымскі Папа, мудры рускі народ (у асобе прамоўцаў з натоўпу), герой – “бурлак на Волзе”, татарын-патрыёт… Ані характараў, ані разьвіцьця – суцэльныя ідэалягічныя клішэ, вартыя тэленавінаў і Крамлёўскага палацу. Нат няшчасны адзінарог – як падкрэсьлівае сайт стужкі – геральдычны знак маскоўскіх уладароў.
У карціне няма рэжысэра Хаціненкі, затое ёсьць патрыятычная студыя “Тры Т” Мікіты Міхалкова. “1612” – гэта студыйны “Стацкі дарадца” для маладзёвай расейскай аўдыторыі. Пусты, крамлёўска-кічавы – і не цікавы нікому па-за межамі Масквы. Фільм мусіў ствараць міт. Але й міту не атрымалася.
Карціну адмыслова выпусьцілі к даце 4 лістапада, калі ў Расеі сьвяткуюць правал першае спробы інтэграцыі.
Фільму можна дараваць карыкатурна-ніякія вобразы ворагаў (станоўчыя пэрсанажы ня лепшыя); можна не зважаць на дурацкі падлеткава-архаічны слэнг; можна забыць пра мёртвую (глямурна-рэклямную) карцінку й суцэльную сюжэтную эклектыку з напышлівым патасам.
Але як дараваць тры гадзіны змарнаванага часу?
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
1612: Хронікі Смутнага часу (1612: Хроники Смутного времени)
Каментары